Армія Ізраілю дала яшчэ 6 гадзінаў жыхарам сектару Газа на эвакуацыю


Яшчэ 6 гадзінаў на эвакуацыю з поўначы на поўдзень анклаву даў Цагаль жыхарам сектару Газа. Папярэднія рэкамендацыі эвакуявацца цягам 24 гадзінаў былі агучаныя ў пятніцу раніцаю.

Сем’і, якія пакідаюць свае дамы ў Газе, шукаюць прытулку ў шпіталі «аш-ШыфА». Сектар Газа, 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Пра дадатковы час на эвакуацыю паведаміў спікер ізраільскай арміі па-арабску: у жыхароў ёсць два маршруты для бяспечнага перамяшчэння з 10:00 да 16:00 мясцовага часу, піша «РИА Новости».

Раніцай у пятніцу, 13 кастрычніка, Ізраіль запатрабаваў ад больш як мільёна палестынцаў, якія жывуць на поўначы сектару Газа, перамясціцца на поўдзень цягам 24 гадзінаў. У паведамленні, якое распаўсюдзіла служба Цагалю, жыхароў Газы заклікалі эвакуявацца на поўдзень «дзеля сваёй уласнай бяспекі і бяспекі сваіх сем’яў», а таксама дыстанцыявацца ад тэрарыстаў «Хамасу», якія выкарыстоўваюць іх у якасці жывога шчыта.

У ААН пракаментавалі гэтыя заклікі, адзначыўшы: на іхную думку, «немагчыма, каб такое перасяленне мела месца без разбуральных гуманітарных наступстваў», у арганізацыі заклікалі Тэль-Авіў адмяніць загад, каб пазбегчы «ператварэння трагедыі ў катастрафічную сітуацыю».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў