Ізраільская армія заклікала жыхароў гораду Газа эвакуявацца на поўдзень анклаву цягам 24 гадзінаў


Армія абароны Ізраілю заклікала ўсіх жыхароў гораду Газа цягам 24 гадзінаў пакінуць свае дамы і перамясціцца на поўдзень анклаву «для захавання сваёй бяспекі». Пра гэта заявіў прэс-сакратар Цагалю.

Разбурэнні ў сектары Газа пасля атак ізраільскай авіяцыі.
Фота: IBRAHEEM ABU MUSTAFA / Reuters / Forum

«Цагаль заклікае ўсіх цывільных асобаў гораду Газа эвакуявацца са сваіх дамоў на поўдзень дзеля ўласнай бяспекі ды абароны і перамясціцца ў раён на поўдзень ад Ўадзі-Газы, як паказана на мапе», – заявіў прэс-сакратар арміі Ёнатан Канрыкус.

На такі загад, што закранае больш за мільён жыхароў Газы, рэзка адрэагавала ААН. Паводле арганізацыі, распараджэнне ізраільскай арміі датычыць і ўсіх работнікаў ААН, і тых, хто хаваецца ад абстрэлаў у школах і шпіталях.

«ААН рашуча заклікае адмяніць любы падобны загад, каб пазбегчы ператварэння і без таго трагічнай сітуацыі ў катастрафічную», – заклікаў прэс-сакратар генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык.

13 кастрычніка адбудзецца экстраннае пасяджэнне Рады бяспекі ААН.

Hавiны
«Народная эвакуацыя». Першаю з Ізраілю вывезуць блогерку-ўцякачку Аляксандру Ханевіч
2023.10.12 12:26

У сваю чаргу прадстаўнік Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан назваў такую рэакцыю арганізацыі на папярэджанне жыхароў Газы ганебнаю. На ягоную думку, замест таго каб стаць на бок Ізраілю, які стараецца мінімізаваць страты для мірных жыхароў, ААН «чытае пропаведзі Ізраілю».

Зважаючы на вялікую колькасць ізраільскай вайсковай тэхнікі і жывой сілы, сканцэнтраванай на мяжы з сектарам Газа, Цагаль рыхтуецца да наземнай аперацыі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі арміі Ізраілю, уначы 13 кастрычніка яна атакавала 750 цэляў у сектары Газа. У выніку абстрэлаў загінулі ўжо больш за 1500 чалавек, больш за 6000 былі параненыя. Ад рук тэрарыстаў «Хамасу» загінулі больш за 1300 ізраільцянаў, каля 3000 былі параненыя. Ваенная аперацыя ў сектары Газа – адказ Ізраілю на тэрарыстычную атаку групоўкі «Хамас» 7 кастрычніка.

Фота
Боль і зруйнаваныя жыцці. Хроніка ў фотаздымках падзей у Ізраілі і сектары Газа
2023.10.12 19:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў