Ізраільскія войскі зайшлі на тэрыторыю сектару Газа, каб знайсці закладнікаў


ЦАХАЛ заяўляе, што цягам апошніх содняў правёў «лакалізаваныя рэйды» на тэрыторыі сектару Газа, каб паспрабаваць знайсці закладнікаў. Удзел у рэйдах прымалі як пяхотныя, так і танкавыя падраздзяленні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. БМП ізраільскай арміі едуць да мяжы з сектарам Газа на поўдні Ізраілю. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: Jack Guez / AFP / East News

Салдаты  Арміі абароны Ізраілю абшукалі і сабралі доказы, якія дапамогуць знайсці закладнікаў. Акрамя таго, вайскоўцы перашкодзілі дзеянням тэрарыстычных ячэек, якія знаходзяцца ў гэтым раёне.

Таксама армія працягнула наносіць удары па аб’ектах ХАМАС у сектары Газа і па пускавых устаноўках супрацьтанкавых ракет.

Армія абароны Ізраілю пацвярджае, што па меншай меры 120 закладнікаў, захопленых баевікамі ХАМАС на поўдні краіны, утрымліваюцца ў сектары Газа.

Раней Ізраіль заяўляў, што не будзе пастаўляць ваду, прадукты харчавання і паліва ў сектар Газа, пакуль ХАМАС не вызваліць закладнікаў.

ЦАХАЛ заклікаў усіх жыхароў Газы да 20:00 13 кастрычніка эвакуявацца са сваіх дамоў і накіравацца на поўдзень анклаву дзеля забеспячэння сваёй бяспекі.

«ЦАХАЛ заклікае ўсіх цывільных асобаў гораду Газа эвакуявацца са сваіх дамоў на поўдзень дзеля іхнай бяспекі і абароны і перамясціцца ў раён на поўдзень ад Вадзі-Газа, як паказана на мапе», – заявіў прэс-сакратар арміі Джонатан Канрыкус у відэапаведамленні ў Х.

На такі загад, што закранае больш за мільён жыхароў Газы, рэзка адрэагавала ААН. Паводле арганізацыі, распараджэнне ізраільскай арміі датычыць і ўсіх работнікаў ААН, і тых, хто хаваецца ад абстрэлаў у школах і шпіталях.

«ААН рашуча заклікае адмяніць любы падобны загад, каб пазбегчы ператварэння і без таго трагічнай сітуацыі ў катастрафічную», – заклікаў прэс-сакратар генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык.

«Хамас» у сваю чаргу заявіў, што падчас ізраільскіх удараў па Газе загінулі 13 закладнікаў. 9 кастрычніка «Хамас» заяўляў, што будзе караць смерцю па адным закладніку ў жывым эфіры за кожны «ўдар без папярэджання» з боку Ізраілю. Ад перамоваў наконт вызвалення закладнікаў баевікі адмовіліся.

Гісторыі
Сапраўдныя амазонкі і звычайныя героі падчас вайны: натхняльныя гісторыі супраціву жыхароў Ізраілю
2023.10.13 15:43

Прадстаўнік ЦАХАЛ Даніэль Хагары на прэс-канферэнцыі заявіў, што жыхары Газы прыслухаліся да папярэджання і пачалі перасоўвацца на поўдзень.

«Насельніцтва гораду Газа пачало ў значнай меры перасоўвацца на поўдзень, каб абараніць сябе», – заявіў Хагары і дадаў, што з моманту нападу ХАМАС, Ізраіль нанёс удары па тысячах кропак у сектары Газа.

Па стане на 19:31 паводле ізраільскага часу ЦАХАЛ паведаміў, што наносіць удары па тэрарыстычных аб’ектах, якія належаць тэрарыстычнай арганізацыі «Хезбала» у Ліване. Падрабязнасці абяцаюць прадставіць пазней.

Паводле афіцыйнай інфармацыі арміі Ізраілю, уначы 13 кастрычніка яна атакавала 750 цэляў у сектары Газа. У выніку абстрэлаў загінулі ўжо больш за 1500 чалавек, больш за 6000 былі параненыя. Ад рук тэрарыстаў «Хамасу» загінулі больш за 1300 ізраільцянаў, каля 3000 былі параненыя. Ваенная аперацыя ў сектары Газа – адказ Ізраілю на тэрарыстычную атаку групоўкі «Хамас» 7 кастрычніка.

Фота
Боль і зруйнаваныя жыцці. Хроніка ў фотаздымках падзей у Ізраілі і сектары Газа
2023.10.12 19:49

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў