Латвія скасавала пагадненне з Беларуссю аб узаемных паездках грамадзянаў і адмяняе яшчэ некалькі дамоўленасцяў


Сейм Латвіі ў другім і апошнім чытанні пастанавіў прыпыніць дзеянне трох двухбаковых пагадненняў з Беларуссю. Праект закону разгледжаны ў тэрміновым парадку і набудзе моц 10 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Сейму.

Латвійскі Сейм прыпыніў дзеянне трох пагадненняў з Беларуссю. Будынак Сейму Латвіі. Крыніца: bnn-news.ru

10 кастрычніка 2022 года прыпыняецца дзеянне латвійска-беларускага пагаднення аб спрашчэнні ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторыяў, пагаднення аб узаемнай дапамозе ў мытных справах і пагаднення аб паветраных зносінах. Сейм Латвіі запатрабаваў, каб Беларусь спыніла парушэнні міжнароднага права, якія, як лічыць Сейм, яна дапускае ў дачыненні Украіны, і цалкам кампенсавала Украіне гэтыя парушэнні. Папраўкі ўступяць у сілу на наступны дзень пасля іх апублікавання.

«24 лютага гэтага года Расея пачала захопніцкую вайну з поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, а расейскія ўзброеныя сілы таксама нанеслі наступ з тэрыторыі Беларусі», – нагадаў старшыня Камітэту замежных справаў Сейму Рыхардс Колс, які адказвае за прасоўванне адпаведных законапраектаў у Сейме.

«Прымаючы да ўвагі тое, што Беларусь груба парушае агульныя імператыўныя нормы міжнароднага права, Камітэт замежных справаў ужо заявіў, што лічыць неабходным прыняць прызнаныя міжнародным правам захады, накіраваныя на спыненне гэтых парушэнняў і дамагчыся поўнай кампенсацыі ўжо дапушчаных парушэнняў», – падкрэсліў старшыня камітэту.

Рыхардс Колс таксама адзначыў, што Латвія сумленна выканала ўсе свае ўзаемныя абавязацельствы ў гэтых дамовах, а таксама свае міжнародныя абавязацельствы і застаецца прыхільніцай дзеянняў у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднага права.

Апроч трох названых пагадненняў Латвіяй могуць быць скасаваныя альбо дэнансаваныя яшчэ дзевяць, піша «Зеркало». Раней галіновыя міністэрствы на прапанову камісіі замежных справаў адабралі 12 дакументаў, ацаніўшы 42 двухбаковыя пагадненні паміж Латвіяй і Беларуссю.

Пагадненне паміж урадамі Латвіі і Беларусі аб спрашчэнні ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторыяў было падпісанае 23 жніўня 2010 года.  Яно было скіраванае на развіццё дружалюбных добрасуседскіх дачыненняў паміж краінамі, садзейнічанне развіццю кантактаў паміж людзьмі, аблягчэнне магчымасці атрымання ўязных візаў.

У 2020 годзе набыло моц пагадненне паміж ЕЗ і Беларуссю аб спрошчанай выдачы візаў. Пагадненне прадугледжвала вызваленне ад рэгістрацыі грамадзянаў Латвіі, асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Латвіі, і неграмадзянаў Латвіі пры перабыванні на тэрыторыі Беларусі да 30 дзён.

Са спыненнем дзеяння пагаднення будзе прымяняцца звычайны парадак рэгістрацыі, які прадугледжвае, што трэба зарэгістравацца на працягу дзесяці дзён пасля ўезду ў Беларусь.

Раней у Латвіі вырашылі прыпыніць дзеянне дамовы аб супрацы з Беларуссю ў эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах.

Hавiны
Латвія пачала будаваць плот на мяжы з Беларуссю. Ён працягнецца на 173 кіламетры
2022.09.15 10:11

Антон Тачняк  belsat.eu

 

Стужка навінаў