Што за «Hamster Kombat», які абяцае беларусам грошы ні за што? Ён непакоіць украінцаў


Відэагульня, у якой амаль нічога не трэба рабіць, абяцае гульцам рэальныя грошы – мільёны вераць у гэта. Аб аўтарах амаль нічога не вядома, але яны, падобна, дзейнічаюць з Расеі.  Нават калі распрацоўнікі не звязаныя з расейскай сеткай прапаганды, як падазраюць украінцы, «Hamster Kombat» нясе рызыкі.

Відэагульня «Hamster Kombat».
Скрыншот: Белсат

Што гэта за гульня

Відэагульня «Hamster Kombat» была запушчаная ў фармаце Telegram-бота 26 сакавіка 2024 года і менш як за два тыдні набрала мільён актыўных гульцоў, а цяпер, як заяўляюць распрацоўнікі, мае аж 150 млн гульцоў. Імаверна, гэта перабольшванне, але ж навіны гульні на афіцыйным Telegram-канале праглядае каля 2 млн карыстальнікаў на пост. Сам канал мае 35 млн падпісантаў – і гэта цяпер самы папулярны канал ва ўсім Telegram.

Гэтая відэагульня не тое, што дабралася да Беларусі, а прабралася ўжо ў дзяржаўныя медыі: на старонках «СБ.Беларусь сегодня» пра яе расказваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч. Яму, праўда, не спадабалася: старэйшая дачка прыслала спасылку, папрасіла зарэгістравацца, ён паспрабаваў – «адчуў сябе дурнем і выйшаў». Рэклама гульні з’яўлялася таксама на сайце раёнкі «Пінскі веснік», але яе чамусьці выдалілі.

Праўда, назваць гэта відэагульнёй можна з вялікай нацяжкай: усё, што трэба, гэта клікаць (на тэлефонах – тапаць) па віртуальнаму хамяку тысячы разоў, а на гэтым зарабляць віртуальныя манеткі.

Гэта не ўнікальная гульня: ёсць цэлы жанр «клікераў» або інкрэментальных гульняў (clicker games, incremental games), у якіх трэба толькі клікаць у адно месца і бачыць за гэта прыгожыя карцінкі ці вялікія лічбы. Дадатковыя балы абяцаюць за выкананне заданняў кшталту падпіскі на каналы распрацоўнікаў. Але можна абысціся і без гэтага – і нават без гульца:

Незвычайна тое, што гэтая гульня абяцае за клікі грошы: распрацоўнікі запэўніваюць, што створаць крыптавалюту $HMSTR, выведуць яе на біржу (правядуць лістынг) і выдадуць гульцам валюту, якую можна абмяняць на рэальныя грошы. Калі і колькі – не раскрываюць. Пра гульню ў прынцыпе вядома вельмі мала, што многіх насцярожвае.

Што тут насцярожвае

Калі сцісла, усё. Хоць аб непасрэдных пагрозах ад гульні не пісалі, аб распрацоўніках амаль нічога не вядома, а іхныя сапраўдныя планы і матывацыі абяцаць «бясплатныя грошы» незразумелыя.

Як заўважылі ўкраінцы, сляды вядуць у Расею. Даменнае імя (назву) сайту гульні зарэгістравалі ў расейскай «Ru-Center Group», і той, хто зарэгістраваў, пазначыў маскоўскі адрас. Магчыма, ёсць таксама сувязь з Узбекістанам: інструкцыі да гульні даюць толькі на англійскай, расейскай і ўзбекскай мовах.

Украінскі «Інститут Дослідження Кібервійни» падазрае, што гульня ёсць элементам расейскай кібервайны. Справа ў тым, што выкарыстанне расейскіх IP-адрасоў спрабавалі схаваць, а назва гульні сугучная з сеткай расейскіх сайтаў інфармацыйнага ўплыву «Portal Kombat».

Праўда, апошняе можа быць супадзеннем: гэта сугучна таксама з назвай папулярнай амерыканскай серыі відэагульняў «Mortal Kombat» (у ёй слова «combat» – бой – наўмысна напісалі з памылкай, бо не маглі зарэгістраваць назву без памылкі).

Што да працы з Расеі, дык яшчэ не факт, што распрацоўнікі звязаныя з расейскімі спецслужбамі. Можа, яны звязаныя нават з самімі распрацоўнікамі Telegram: таямнічым аўтарам гульні далі доступ да гаманцоў віртуальнай валюты TON, убудаванай у Telegram.

Рэкламны ролік відэагульні «Hamster Kombat».
Скрыншот: Hamster Kombat / Youtube

Але калі звязаныя, то расейскія, а следам за імі беларускія сілавікі атрымаюць доступ да ўнікальных ідэнтыфікатараў (ID) карыстальнікаў бота гульні. Гэтага ID дастаткова, каб вызначыць асобы часткі карыстальнікаў паводле ўскосных прыкметаў, а таксама каб вызначыць, у якіх чатах удзельнічаюць карыстальнікі.

Можна ўявіць, што сілавікі будуць спрабаваць звязаць ID карыстальнікаў і падключаныя да гульні акаўнты на крыптабіржах. Або нават незаўважна папрасіць карыстальнікаў падзяліцца сваёй геалакацыяй (напрыклад, каб «знайсці сяброў побач»).

Наўрад ці праз Telegram-бот змогуць здабыць нешта акрамя ID і імя карыстальніка, калі сам карыстальнік гэтага не дазволіць (або калі распрацоўнікі гульні ведаюць пра нейкую «дзіру» ў бяспецы, аб якой не ведаюць распрацоўнікі Telegram). Але ж гаворка пра гульню, візуальны складнік якой скіраваны на дзяцей і аматараў «халявы» – то бок, не самых дасведчаных у кібербяспецы.

Агляд
Вы не паверыце, на якую лухту вядуцца беларусы. Яны вераць махлярам і губляюць гіганцкія сумы
2024.05.27 06:11

Нават калі адкінуць канспіралогію, гэта ўсё адно небяспечна

Падобных гульняў-клікераў з абяцаннем заробку вельмі шмат, але пакуль толькі адна – «Notcoin» – сапраўды правяла лістынг крыптавалюты. Адзін ноткойн на момант публікацыі каштуе каля $ 0,01. Праз канвертацыю валюты ўнутры гульні ў крыптавалюту, а крыптавалюты ў рэальныя грошы гульцы сапраўды маглі зарабіць пару дзясяткаў долараў. Гэтую гульню, дарэчы, рэкламаваў заснавальнік Telegram Павел Дураў.

Але «бясплатныя грошы» заўсёды мусяць насцярожваць. Магчыма, распрацоўнікі гульні будуць зарабляць не на нейкім махлярстве, а толькі на рэкламе. Напрыклад, даваць віртуальныя манеткі за пераход на сайт рэкламадаўцы. Але пры гэтым рэкламную пляцоўку могуць даваць і махлярам.

І нават калі абыдзецца зусім без махлярства, гэта гульня, звязаная з грашыма, мае візуальны стыль, скіраваны на дзяцей, падлеткаў (старэйшай дачцэ Гайдукевіча, дарэчы, 20) і аматараў лёгкага заробку.

Рэкламны ролік відэагульні «Hamster Kombat».
Скрыншот: Hamster Kombat / Youtube

Гульня можа ўцягнуць такіх людзей у спекуляванне на крыптавалютах, на якіх можна лёгка прайграць – крыптавалюты могуць раптоўна падскачыць у цане, імгненна абясцэніцца ці проста збанкрутаваць, пакінуўшы інвестараў без мільярдаў долараў. Або гульцы могуць парушыць беларускае заканадаўства, якое да крыптавалютаў даволі жорсткае.

Або гульня можа ўвесці элементы онлайн-казіно – а беларусы ахвотна аддаюць мільёны ў віртуальнае казіно Упраўлення справамі Аляксандра Лукашэнкі, у якім працэс гульні не больш захапляльны за гульні-«клікеры».

Менавіта ў гэтым можа быць галоўная пагроза: неакрэплыя розумы, якія вядуцца на мульцяшныя карцінкі, і прывязка да грошай. І гэта пры ўмове, што невядомыя і непрадказальныя расейскія распрацоўнікі не створаць іншых пагрозаў.

Абноўлена
«Сінэзіс» адкрыў для Лукашэнкі залатую жылу: онлайн-казіно прыносіць мільёны
2024.04.07 20:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў