Буферная зона паміж Польшчай і Беларуссю ды новыя ідэолагі ў Менску. Галоўныя беларускія падзеі ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» падсумоўвае галоўныя падзеі апошніх тыдняў. Ці здагадаецеся вы, пра што ідзецца ў карыкатурах, без нашых падказак?

«Страшылка, разлічаная на прымітыўную публіку»

Паводле дзяржаўных СМІ, КДБ атрымаў ад адной з заходніх спецслужбаў інфармацыю пра шэраг Telegram-каналаў, якія «падтрымліваюць ідэалогію неанацызму ды «Ісламскай дзяржавы» і распаўсюджваюць методыкі вырабу выбуховых рэчываў». Асобныя карыстальнікі былі зарэгістраваныя ў Беларусі. У выніку КДБ выйшаў на школьнікаў: двое з іх родам з Магілёва, яшчэ адзін – з Віцебску.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У арганізацыі «BELPOL» назвалі гэты сюжэт «чарговаю страшылкаю, разлічанаю на прымітыўную публіку».

Напружанне на мяжы

13 чэрвеня ў прымежных з Беларуссю рэгіёнах Польшчы пачала дзеяць буферная зона. У адмысловай зоне забаронена перабываць без дазволу. Мэта буфернай зоны – перашкодзіць нерэгулярным мігрантам і кантрабандыстам, якія спрабуюць трапляць у Польшчу з Беларусі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Тут мы адказваем на пытанне, як доўга на мяжы будзе дзеяць спецыяльны рэжым.

Сказаў кодавае слова і перастаў выходзіць на сувязь

12 чэрвеня праз беларуса Дзмітрыя Смактуновіча на некаторы час спынялі рух у пункце пропуску «Варшаўскі мост – Тэрэспаль» на беларуска-польскай мяжы, бо ён адмаўляўся ісці ў Беларусь, а польскія памежнікі не давалі магчымасці яму вярнуцца назад у Польшчу. Гісторыя пакуль мае добрую канцоўку, Дзмітрый здолеў даехаць да сваіх бацькоў у Бабруйск.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

11 чэрвеня мужчыну дэпартавалі з Польшчы. Ён спрабаваў падаць заяву на міжнародную абарону, але 12 чэрвеня быў вымушаны пайсці да беларускіх памежнікаў.

Міністэрства Маркава

Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Сярод іншага, пераставіў прапагандыстаў і ідэолагаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Вось тут поўны спіс кадравых зменаў.

Самае гучнае прызначэнне – павышэнне Марата Маркава да ўзроўню міністра інфармацыі. Раней ён узначальваў тэлеканал ОНТ.

Будуць гандляваць беларускімі рублямі?

13 чэрвеня Расея прыпыніла біржавы гандаль еўрапейскай і амерыканскай валютамі. Прычына ў тым, што найбуйнейшая пляцоўка для гандлю валютай у Расеі – Маскоўская біржа – трапіла пад санкцыі ЗША, а пасля і Вялікай Брытаніі, таму вымушаная спыніць гандляванні доларам і еўрамі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

На магчымасці купіць валюту ў банках гэты крок не адабʼецца, пераконваюць у расейскім Цэнтральным банку.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў