Святлана Ціханоўская сустрэлася з Нэнсі Пэлоўсі і сенатарамі ЗША


Святлана Ціханоўскай шосты раз выправілася з працоўным візітам у ЗША. У першы дзень, 11 чэрвеня, беларуская лідарка сустрэлася з экс-спікеркаю Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі, а таксама амерыканскімі сенатарамі Джын Шагін, Дыкам Дэрбінам, Пітэрам Ўэлчам.

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў ЗША з Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Ціханоўская адзначыла неабходнасць амерыканскага лідарства ў супрацьстаянні дыктатарам, важнасць падтрымання беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама ціску на рэжым з мэтаю вызвалення палітычных вязняў і спынення ўдзелу Беларусі ў вайне.

Абраная прэзідэнтка Беларусі апавяла пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду, а таксама пра планы дэмакратычных сілаў на 2025 год.

Акрамя таго, падчас сустрэчы абмеркавалі:

  • праект новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўмацуе суб’ектнасць дэмакратычных сілаў, а таксама можа стацца асноваю для павелічэння падтрымання Беларусі;
  • кампанію на падтрыманне беларускіх палітычных вязняў, у прыватнасці – зняволеных беларускіх журналістаў, а таксама магчымыя крокі для іхнага вызвалення;
  • пытанне санкцыяў;
  • працяг і павелічэнне падтрымання незалежных медыяў, рэпрэсаваных, культурніцкіх і праваабарончых ініцыятываў;
  • захады ў справе Беларусі падчас саміту NATO;
  • падтрыманне беларусаў у ЗША.

Ціханоўская заклікала раздзяляць беларускі народ і рэжым – і не дапусціць, каб Беларусь сталася «суцяшальным прызам» для Пуціна.

Hавiны
«Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне». Латушка – пра стратэгічны дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі з ЗША
2024.04.06 19:44

Папярэдні раз Ціханоўская была ў ЗША ў снежні 2023 года. Тады яна сустрэлася з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэнам Бігунам.

Падчас візіту ў Вашынгтон у ліпені 2021 года Святлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Адным з вынікаў працы дэмакратычных сілаў у ЗША стаўся стратэгічны дыялог, які ЗША звычайна вядуць з краінамі. 4–5 красавіка 2024 года праходзілі пасяджэнні працоўных групаў у межах гэтага дыялогу. Кіраўнік НАУ, намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка апавёў тады «Белсату», што «стварэнне стратэгічнага дыялогу “Беларусь – ЗША” – важны палітычны крок з боку нашых амерыканскіх партнёраў у падтрыманні дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне».

Таксама 7 чэрвеня апублікаваны праект абноўленага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўключае палажэнні наконт сітуацыі ў Беларусі, а таксама ў ім прыведзеная ацэнка таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі да і пасля выбараў 2020 года.

Агляд
«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
2024.06.08 12:54

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў