Допыты на мяжы: што варта спраўдзіць пасля корпання сілавікоў у смартфоне


Беларусы, якія ездзяць за мяжу, сведчаць, што службоўцы ў цывільным працягваюць выбарачна выцягваць падарожнікаў з чаргі на пашпартным кантролі і чыніць допыты з правяраннем тэлефона. «Кіберпартызаны» на просьбу «Белсату» далі парады, што варта зрабіць пасля такога правярання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пры ўездзе ў Беларусь работнікі спецслужбаў забіраюць на допыт усіх грамадзянаў Украіны. Як пішуць падарожнікі ў Telegram-чатах, прысвечаных мінанню мяжы, праз гэта аўтобус можа затрымацца на мяжы і на некалькі гадзінаў:

«Усіх, у каго ўкраінскі пашпарт, выклікаюць да допыт. Цягнецца даўгавата, а ўвесь аўтобус чакае. Маюць быць важкія падставы паездкі ў Беларусь. Калі едзеце да сваякоў, спытаюць адрас, нумар тэлефона».

Беларусаў забіраюць выбарачна, і, паводле сведчанняў, найбольшую ўвагу прыцягваюць тыя, хто даўно не быў на радзіме:

«Задавалі розныя (вельмі прыватныя) пытанні, правяралі тэлефон, капаліся ў фотагалерэі, перапісках. Чатыры асобы знялі з нашага аўтобуса, адну забрала міліцыя».

«Муж сястры паўтара года не быў, адвялі на допыт».

«Дзяўчыну з картаю паляка забралі на допыт на гадзіну».

«2,5 гадзіны чакалі ўкраінцаў, усіх забралі на допыт з тэлефонамі, але без асабістых рэчаў».

Падчас адной такой размовы, як даведаўся «Белсат», сілавік паклаў на стол смартфон «ахвяры», побач ляжаў яшчэ адзін тэлефон, імаверна, службовы, і работнік вазіўся з абодвума апаратамі, штосьці націскаючы.

Hавiны
На беларускай мяжы затрымалі 18-гадовую грамадзянку Украіны
2024.05.30 14:59

Як папярэдзілі «Кіберпартызаны», такое правяранне можа прывесці да небяспечных наступстваў. «Сілавікі могуць шмат чаго зрабіць у гэты момант», – адзначылі адмыслоўцы ў размове з «Белсатам»:

  • зайсці ў вашыя мэсэнджары, сацсеткі, паштовыя акаўнты на сваім тэлефоне;
  • пабачыць нумар IMEI тэлефона;
  • скапіяваць сабе вашыя фота і відэа;
  • усталяваць вам якую-кольвек праграму.

Пасля такога допыту з корпаннем у тэлефоне варта паклапаціцца пра бяспеку. Вось агульныя парады ад «Кібепартызанаў»:

  • спраўдзіць усе сацсеткі, мэсэнджары, паштовыя акаўнты – ці ёсць падазроныя ўваходы, усе староннія сесіі трэба выдаліць;
  • прагледзець пералік усталяваных праграмаў, выдаліць падазроныя;
  • у крайнім выпадку, калі ўпэўненасці ў бяспецы няма, скінуць тэлефон да заводскіх наладаў.

Трэба памятаць, што «абнуленне» смартфона прывядзе да выдалення кантактаў (калі яны не сінхранізаваныя з воблакам або не захаваныя на SIM-картцы), SMS-паведамленняў, гісторыі званкоў, праграмаў, усіх файлаў: фота, відэа, дакументаў. Перад гэтым варта скапіяваць неабходнае, каб не страціць.

Раней «Белсат» склаў інструкцыю з парадамі, як падрыхтавацца для дагляду тэлефона на мяжы. Усю палітычную актыўнасць у інтэрнэце давядзецца хаваць уручную: перабіраць свае падпіскі ў Telegram, допісы ў Facebook, перапіскі ў Facebook Messenger, гісторыі ў Instagram, лайкі ў TikTok, прагляды відэа на YouTube, радкі пошуку і гэтак далей.

Разбор
Як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Парады «Кіберпартызанаў» і «Кібербабра»
2024.05.11 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў