Еўраўвяз асудзіў «варварскія» расейскія ракетныя атакі і папярэдзіў Беларусь


Еўрапейская камісія асудзіла расейскія ракетныя ўдары па гарадах Украіны і назвала атаку «варварскай». Таксама ў Бруселі і папярэдзілі Беларусь ад дапамогі свайму саюзніку ў забойстве мірных жыхароў, піша Reuters.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па вонкавай палітыцы Жузэп Бурэль заявіў, што захадам Расеі «няма месца ў XXI стагоддзі». Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў, што масавы ракетны абстрэл гарадоў Украіны ў час пік – гэта адказ за «тэрарыстычны напад» на мост у Крыме.

«Гэта варварскія і баязлівыя напады… нацэленыя на ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, якія ішлі на працу і ў школу», – заявіў Пэтэр Стана, прэс-сакратар выканаўчага органа ЕЗ.

Пэтэр Стана таксама ўзгадаў і Беларусь. Афіцыйны прадстаўнік ЕЗ заклікаў Менск неадкладна спыніць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў якасці стартавай пляцоўкі для ракетных удараў і нападаў беспілотнікаў па мірным насельніцтве Украіны.

«Любыя далейшыя дзеянні і, у прыватнасці, непасрэдны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне, супраць волі пераважнай большасці беларускага народу, будуць адказваць новымі і моцнымі абмежавальнымі мерамі», – сказаў Стана.

Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі распавёў пра дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Паводле яго словаў, гэтая дамоўленасць была дасягнутая на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

Hавiны
«Крымскі мост ім падасца кветачкамі». Лукашэнка правёў нараду з вайскоўцамі і сілавікамі
2022.10.10 14:01

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў