Інтрыгі, плёткі, маніпуляцыі і чысткі нават сярод лаяльных сістэме: што насамрэч адбываецца ў БДУ?


Палітычныя рэпрэсія ў сценах галоўнай ВНУ краіны – БДУ – працягваюцца ўжо некалькі гадоў. «Кіберпартызаны» вырашылі здзейсніць атаку на яго ўнутраную сетку і атрымалі больш за 3 тэрабайты дадзеных: дакументы, перапіскі, аўдыязапісы, якія праліваюць святло на рэальную сітуацыю ў навучальнай установе. У першай частцы аўтары расследавання распавядалі пра рэальную статыстку звальненняў па палітычных матывах. У другой – на прыкладзе БДУ паказваюць, ува што ператварылася сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі пры Лукашэнку, а таксам раскрываюць некаторыя сакрэты ВНУ, якія дагэтуль старанна хаваліся.

«Трошка» у Менску за кадравыя чысткі

З 2017 года пост рэктара БДУ займае Андрэй Кароль. Пры ім, паводле «Кіберпартызанаў», ва ўніверсітэце нормай сталі татальнае сачэнне за студэнтамі і выкладчыкамі з боку спецслужбаў, інтрыгі, маніпуляцыі.

У верасні 2020 года Андрэй Кароль паабяцаў, што звальненняў па палітычных матывах у БДУ не будзе. Аднак з таго часу менавіта ў выніку рэпрэсіяў ВНУ пакінулі сотні выкладчыкаў і студэнтаў.

Андрэй Кароль, тым часам, у 2021 годзе вырашыў атрымаць ад дзяржавы кватэру за свае заслугі і падаў заяву на будаўніцтва трошкі ў мікрараёне Лошыца-7. Яму адмовілі, маўляў, сям’і з двух чалавек трохпакаёвую кватэру не прадстаўляюць. Кароль звярнуўся да тагачаснага міністра адукацыі Ігара Карпенкі, каб той падаў ад свайго імя прашэнне «на самы верх». «Кіберпартызаны» знайшлі адзін з варыянтаў гэтага ліста на імя Лукашэнкі, у якім Кароль сярод сваіх заслугаў прыводзіць чысткі ва ўніверсітэце.

Праект ліста Аляксандру Лукашэнку з хадайніцтвам аб жыллёвым пытанні рэктара Караля ад імя былога міністра адукацыі Карпенкі.
Крыніца: даследаванне «Кіберпартызанаў»
Праект ліста Аляксандру Лукашэнку з хадайніцтвам аб жыллёвым пытанні рэктара Караля ад імя былога міністра адукацыі Карпенкі.
Крыніца: даследаванне «Кіберпартызанаў»
Праект ліста Аляксандру Лукашэнку з хадайніцтвам аб жыллёвым пытанні рэктара Караля ад імя былога міністра адукацыі Карпенкі.
Крыніца: даследаванне «Кіберпартызанаў»

Як рэктар БДУ падманвае адміністрацыю Лукашэнкі

Паводле «Кіберпартызанаў», Андрэй Кароль не губляе магчымасці падманваць сістэму, на якую працуе, калі яму гэта карысна. 10 ліпеня 2023 года рэктар БДУ атрымаў з адміністрацыі Лукашэнкі загад правесці апытанне сярод выкладчыкаў ВНУ, якое датычыла ў тым ліку ягонай працы. Пытанні анкеты Кароль успрыняў як спробу знайсці падставу для ягонага звальнення, чуткі пра якое актыўна хадзілі ва ўніверсітэцкім асяродку. У гэтай ініцыятыве рэктар падазраваў цяперашняга міністра адукацыі Андрэя Іванца, пра што скардзіўся праз Вайбэр Наталлі Качанавай.

Аб’ектыў
Кіберпартызаны пачалі «вайну» супраць універсітэтаў
2023.07.05 22:31

«Кіберпартызаны» знайшлі ва ўнутранай сетцы БДУ аўдыязапісы з доказамі таго, як рэктар вырашыў сабатаваць анкетаванне і правесці яго толькі сярод выкладчыкаў, якія яго падтрымліваюць. У відэачастцы даследавання пра гэта дэталёва распавядаецца. Калі Лукашэнка можа намаляваць сабе 80% галасоў на выбарах, то чаму рэктар БДУ не можа намаляваць сабе такі ж узровень падтрымкі сярод супрацоўнікаў?  У выніку ў адміністрацыі Лукашэнкі атрымалі вынікі, выгадныя рэктару БДУ, якія сцвярджалі, што кіраўніцтвам установы задаволеныя больш за 78% выкладчыкаў, а маральна-псіхалагічным кліматам – больш за 90% супрацоўнікаў. Аднак «Кіберпартызаны» сцвярджаюць, што насамрэч сітуацыя ў ВНУ выглядае зусім інакш.

Hавiны
БДУ прызнаў факт узлому базаў кіберпартызанамі
2023.07.06 18:51

Ганна Бакун, прарэктарка па выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях, скардзілася на непавагу да яе і халатнае стаўленне да працоўных пытанняў сярод калегаў. «Кіберпартызаны» апублікавалі аўдыязапіс, у якім яна распавядае, што паводле негалоснага загаду з боку адміністрацыі Лукашэнкі ад яе вырашылі пазбавіцца праз ціск і маніпуляцыі. У той жа час з 2020 года Бакун сама актыўна ўдзельнічала ў палітычных рэпрэсіях супраць студэнтаў БДУ, прымала ўдзел у так званых «радах па прафілактыцы правапарушэнняў», дзе запужвала студэнтаў за выхад з БРСМ і ўдзел у акцыях пратэсту.

«Г*ндон», «м*нда», «гніда»: як Андрэй Кароль называе калегаў

Па тым жа прынцыпе Андрэй Кароль хацеў звольніць намесніка начальніка ўпраўлення па выхаваўчай працы Ягора Падаляка – ён публічна падтрымлівае рэжым, таму па палітычных матывах звольніць яго не атрымаецца. У відэачастцы «Кіберпартызаны» распавядаюць, як Кароль планаваў даць Падаляку заданне, з якім ён не справіцца, каб з’явілася нагода для звальнення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фізічны факультэт БДУ ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Кароль таксама ў негатыўным ключы адгукаўся пра Яўгена Харука – начальніка ўпраўлення экспертнай і аналітычнай працы, які раней шпіёніў за студэнтамі і выкладчыкамі, у тым ліку, у пратэсных групах. Андрэй Кароль планаваў публічна дыскрэдытаваць Харука перад кіраўнікамі Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, каб яго не ўзялі на працу ў новую структуру. У снежні 2023 года ў БДУ прыйшоў запыт з просьбай звольніць Харука, каб ён мог заняць пасаду начальніка аддзелу ўнутрыпалітычнага аналізу ў БІСД.

Акрамя таго, паводле «Кіберпартызанаў», Андрэй Кароль меў намер сабраць кампрамат на дэкана механіка-матэматычнага факультэту Сяргея Басякова, а таксама арганізаваць сачэнне за дэканамі ў непрацоўны час з дапамогай спецслужбаў.

«Рэктар не саромеецца ў выказваннях наконт калегаў: «г*ндон», «м*нда», «гніда» – насамрэч толькі нешматлікія прыклады характарыстык, якія ён ўжывае ў дачыненні людзей, якія з ім працуюць», – кажуць аўтары даследавання.

На месцы рэпрэсаваных прызначаюць некампетэнтных

Пры гэтым новыя кадравыя прызначэнні ў БДУ, паводле «Кіберпартызанаў», часам выклікаюць як найменш здзіўленне. Так, напрыклад, у лютым 2023 года загадам рэктара на пасаду дэкана факультэту журналістыкі быў прызначаны Аляксей Бяляеў. Аднак ужо праз некалькі дзён на імя Караля была накіраваная афіцыйная скарга ад выкладчыкаў, у якой гаварылася, што ні паводле адукацыі, ні паводле працоўнай дзейнасці новы супрацоўнік ніякага дачынення да журналістыкі не мае. Аўтары скаргі сцвярджалі, што Бяляеў прысвоіў сабе чужыя працы дзеля атрымання пасады. На калектыўную скаргу кіраўніцтва БДУ ўвагі не звярнула – Бяляеў дагэтуль з’яўляецца дэканам факультэту журналістыкі, сябрам праўладнай партыі «Белая Русь» і вядзе калонку ў «СБ – Беларусь сегодня».

«Сітуацыя з масавымі палітычнымі звальненнямі і закуліснымі інтрыгамі, якая склалася ў БДУ, – толькі прыклад таго, чым стала ўся сістэма адукацыі пры Лукашэнку. Калі навучальныя ўстановы фактычна ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты з пастаянным сачэннем, даносамі ў КДБ і органы ўлады, масавымі палітычнымі звальненнямі», – зазначаюць «Кіберпартызаны».

Hавiны
Турарбекава: У БДУ стварылі адмысловыя камісіі, якія будуць рэпрэсаваць выкладчыкаў
2024.03.02 11:01

Аўтары даследавання папярэджваюць, што «легітымнай мішэнню для атак «Кіберпартызанаў» становіцца любая структура, прадпрыемства ці арганізацыя, якія здзяйсняюць злачынствы супраць беларускага народу ў падтрымку дыктатара Лукашэнкі».

Першая частка даследавання дасяжная па спасылцы. Тут – тэкставая версія другой часткі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў