ЗША ўводзяць санкцыі супраць прадстаўнікоў уладаў Грузіі


ЗША абвясцілі першы пакет санкцыяў супраць грузінскіх афіцыйных асобаў. Гэта адбылося праз тры дні пасля прыняцця скандальнага закону аб «замежных агентах».

Мэт’ю Мілер, кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартаменту ЗША.
Скрыншот: Forbes Breaking News / YouTube

Як паведамляе golosameriki.com, прадстаўнік Дзярждэпартаменту Мэт’ю Мілер 6 чэрвеня абвясціў увядзенне візавых абмежаванняў у дачыненні дзясяткаў грузінскіх фізічных асобаў.

«Гэта тычыцца асобаў, адказных за падрыў дэмакратыі ў Грузіі, у прыватнасці, за падрыў свабоды мірных сходаў і асацыяцыяў, гвалтоўныя напады на мірных дэманстрантаў, запалохванне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і наўмысны распаўсюд дэзынфармацыі паводле ўказання ўраду Грузіі», – растлумачыў ён.

Мілер зазначыў, што санкцыі распаўсюджваюцца і на сем’і гэтых асобаў.

Пры гэтым прадстаўнік Дзярждэпартаменту не назваў ніякіх імёнаў. Паводле Мілера, першыя візавыя абмежаванні закрануць сябраў кіраўнічай партыі «Грузінская мара», дэпутатаў парламенту, працаўнікоў праваахоўных органаў і прыватных асобаў.

«Мы спадзяёмся, што лідары Грузіі перагледзяць свае дзеянні і зробяць крокі для прасоўвання наперад у рэалізацыі даўніх дэмакратычных і еўраатлантычных памкненняў іх краіны, – зазначыў прадстаўнік Дзярждэпартаменту. – Калі яны гэтага не зробяць, ЗША гатовыя прыняць дадатковыя захады».

Мілер заявіў, што ЗША глыбока занепакоеныя антыдэмакратычнымі дзеяннямі «Грузінскай мары», а таксама нядаўнімі заявамі і рыторыкай партыі.

«Гэтыя дзеянні могуць нашкодзіць еўрапейскай будучыні Грузіі і супярэчаць Канстытуцыі Грузіі і жаданням яе народу», – зазначыў прадстаўнік Дзярждэпартаменту.

Віцэ-прэмʼерка, міністарка культуры і спорту Грузіі Тэя Цулукіяні назвала пастанову ЗША «чарговай памылкай».

«Відаць, нам трэба думаць, што пасля гэтай чарговай памылкі будуць дапушчаныя і іншыя памылкі. Я спадзяюся, што не будуць», – цытуе прадстаўніцу ўраду Грузіі выданне «Newsgeorgia».

Аналітыка
Пад удар трапяць найперш НДА. Як закон «аб замежных агентах» у Грузіі паўплывае на беларусаў?
2024.05.25 07:17

Нагадаем, спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» ў Грузіі ёсць аналагам расейскага закону аб «замежных агентах». Дакумент абавязвае грамадскія арганізацыі і медыі, што атрымліваюць прынамсі дваццаць адсоткаў даходаў з-за мяжы, зарэгістраваць сябе як «праваднікоў інтарэсаў замежнай сілы».

Закон выклікаў масавыя пратэсты ў Грузіі, падчас якіх сілавікі выкарыстоўвалі супраць дэманстрантаў вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ. Грузінская апазіцыя абвінавачвае кіраўнічую партыю «Грузінская мара» ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Нягледзячы на пратэсты, 3 чэрвеня спікер грузінскага парламенту Шалва Папуашвілі падпісаў закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».

Аб’ектыў
Грузінскі закон «аб замежных агентах»: Захад адкажа пасля выбараў
2024.05.29 20:48

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў