У Гарадзенскай вобласці чатыры асобы захварэлі на менінгіт. Памерла дзіця


Цягам апошняга месяца ў Горадні, Ашмянах і Наваградку былі выяўленыя чатыры пацыенты, якія захварэлі на менінгіт, выкліканы менінгакокавай інфекцыяй, паведамілі ў выданні навінаў на тэлеканале «Беларусь 4» (Горадня).

Біялагічныя аналізы ў лабараторыі. Ілюстрацыйны здымак «Pixaby»

З пачатку года ў рэгіёне на менінгакокавую інфекцыю ніхто не хварэў. Усе чатыры выпадкі былі зафіксаваныя ў траўні.

«Нас устурбаваў апошні месяц, але пакуль сітуацыя застаецца пад кантролем, – кажа галоўная доктарка Гарадзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай лякарні Наталля Малышка. – Зарэгістраваныя тры афіцыйныя выпадкі, і яшчэ адно дзіця 5 гадоў захварэла на менінгакокавую інфекцыю ў раёне, яго, хутчэй за ўсё, даставяць у нашае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі».

У Гарадзенскай абласной інфекцыйнай лякарні пралекавалі трох пацыентаў. Адно з іх – дзіця з генералізаванай формай, дастаўленае з раёну. Ягоная маці была носьбітам інфекцыі, яе таксама лячылі. Яшчэ адзін выпадак – жанчына 69 гадоў, таксама з генералізаванай формай інфекцыі.

«Гэта рэдка здараецца ў гэтым веку. За апошнія 10 гадоў у 69 гадоў гэта першы выпадак, і ён даволі цяжка працякаў», – зазначыла Наталля Малышка.

Усе тры пацыенты ўжо выпісаныя з лякарні.

Аб’ектыў
У Беларусі расце колькасць хворых на гепатыт А
2024.02.10 21:37

У адным з раёнаў Гарадзенскай вобласці зафіксавалі і выпадак крайне цяжкай формы хваробы ў дзіцяці да года – уратаваць яго медыкі не здолелі.

«Цяжкае цячэнне, менінгакакцэмія, гэта маланкавая форма. З моманту заражэння да лятальнага сыходу прайшло крыху больш за содні», – адзначыла доктарка.

Захварэць на менінгакокавую інфекцыю чалавек можа ў любым узросце, аднак найчасцей яна наносіць удар па дзіцячым арганізме, асабліва калі дзіця малодшае за два гады – у іх часцей здараецца менінгакакцэмія, маланкавая форма хваробы. Яна працякае гэтак хутка, што яе часам не ўдаецца кантраляваць нават пры наданні хуткай медычнай дапамогі, зазначае Малышка.

Менінгакокавая інфекцыя распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам і выклікае менінгіт – запаленне абалонак галаўнога мозгу.

Першыя сімптомы хваробы могуць быць падобнымі да прастуды ці грыпу. Можа моцна балець галава, спіна, шыя. Калі падымаецца высокая тэмпература і на целе з’яўляецца гемарагічны сып, значыць, што хвароба прымае сур’ёзнае цячэнне. Таксама могуць назірацца сутаргі, зблытанасць свядомасці.

Інфекцыя часта пакідае неўралагічныя ўскладненні. Можа быць страта слыху.

Прафілактыка менінгакокавага менінгіту – вакцынацыя. У Беларусі яе няма ў календары абавязковых прышчэпак для дзяцей. У нашай краіне прышчэпкі супраць менінгакокавай інфекцыі праводзяцца вакцынамі «Менактра» і «Труменба» на платнай аснове, але нават за грошы яе бывае няпроста знайсці.

Hавiны
У Беларусі каровы хварэюць на інфекцыю, небяспечную для людзей – «BYPOL»
2024.05.28 15:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў