У Асіповічах будуюць новыя ангары для захоўвання ракетных комплексаў «Іскандэр-М»


«Радыё Свабода» апублікавала свежыя спадарожнікавыя фотаздымкі ваеннага гарадку №2 «Паўднёвы» у Асіповічах, на якіх бачнае будаўніцтва двух сховішчаў для ваеннай тэхнікі. Яны падобныя на ангары для ракетнага комплексу «Іскандэр-М», якія ўжо былі раней пабудаваныя ў гэтым гарадку ў 2022 – 23 гадах.

Устаноўкі “Іскандэр”, здольныя несці ядравую зброю.
Крыніца: vimpel-v.com

У гарадку №2 «Паўднёвы» дыслакуюцца тры брыгады УС РБ – 51-я артылерыйская, 336-я рэактыўная артылерыйская і 465-я ракетная.

Адначасова з будаўніцтвам новых сховішчаў на тэрыторыі гарадку ідзе рэканструкцыя закінутай казармы і адміністратыўнага будынку. Імаверна, новыя сховішчы прызначаныя менавіта для «Іскандэраў», бо раней Узброеныя сілы Беларусі атрымалі не менш за 18 адзінак тэхнікі са складу АТРК «Іскандэр-М», для захоўвання якіх будзе недастаткова сховішча, пабудаванага раней.

Па падліках «Радыё Свабода», кожны з гэтых ангараў можа захоўваць 12 баявых машын. Гэта якраз памеры стандартнага дывізіёну «Іскандэраў» у расейскай арміі. У яго ўваходзяць да 6 розных тыпаў машын: камандна-штабная машына, машына жыццезабеспячэння, самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі, транспартна-зараджальная машына, рухомы пункт падрыхтоўкі інфармацыі і машына рэгламенту і тэхабслугоўвання. Паводле інфармацыі, якую агучыў Лукашэнка ў лютым 2024 году, у Беларусі ўжо знаходзяцца два дывізіёны, то бок каля 24 такіх вайсковых машын, 8 з якіх нясуць на сабе ракеты.

Спадарожнікавыя здымкі працэсу будаўніцтва двух новых ангараў і рэканструкцыі будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. Даты здымкаў – на чорных прастакутніках.
Крыніца: Радыё Свабода

Застаецца адкрытым пытанне, ці будзе сфармаваная ў складзе УС РБ новая ракетная брыгада, узброеная АТРК «Іскандэр-М».

Будаўніцтва ваенных аб’ектаў у Магілёўскай вобласці, у тым ліку – у Асіповічах, уключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2024 год пад назвай «Будаўніцтва аб’ектаў (уключаючы праектна-даследчыя працы) па асобным спісе, узгодненым з Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам фінансаў». На будаўніцтва аб’ектаў плануецца патраціць 73 710 000 рублёў ці 23 179 245 долараў.

У артылерыйскай вайсковай частцы № 12147 месціцца, сярод іншых, 465-я ракетная брыгада. Як мінімум адзін з яе дывізіёнаў мае на ўзбраенні апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», які можа несці ядравую зброю. Усяго ў Беларусі могуць знаходзіцца два такія дывізіёны.

«Іскандэр» – гэта расейскае сямейства апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў. Яго асноўнае прызначэнне – знішчаць сістэмы супрацьпаветранай абароны імавернага праціўніка, а таксама важныя аб’екты (масты, склады, камандныя пункты і вузлы сувязі, самалёты і верталёты на аэрадромах, аб’екты інфраструктуры, зборы войскаў і тэхнікі, іншыя АТРК, дывізійную артылерыю, караблі). Афіцыйны радыус дзеяння ракет «Іскандэр-М» – да 500 км.

Пра перадачу Беларусі першых ракетных комплексаў «Іскандэр» Лукашэнка заяўляў падчас сустрэчы з Пуціным 19 снежня 2022 году. Ужо ў лютым 2023-га, пасля навучання на расейскіх палігонах, беларускія вайскоўцы сталі эксплуатаваць іх самастойна.

Hавiны
BYPOL: у Беларусі будзе створаная расейская вайсковая частка для аховы ядравай зброі
2024.06.05 11:54

25 сакавіка 2023 году Пуцін заявіў, што ядравую тактычную зброю размесцяць у Беларусі. У красавіку 2023 году беларускія вайскоўцы прайшлі навучанне ў абыходжанні з тактычнай ядравай зброяй.

Сама вайсковая частка, дзе цяпер ідзе будаўніцтва, размешчаная ўсяго за 7 км ад Асіповіцкага палігону і за 12 км ад 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў, дзе, паводле інфармацыі выдання New York Times, а таксама Федэрацыі амерыканскіх вучоных, можа знаходзіцца сховішча ядравых боегаловак.

5 чэрвеня прадстаўнік BYPOL са спасылкай на свае крыніцы заявіў, што для аховы сховішча тактычнай ядравай зброі ў Беларусі можа быць размешчаная расейская вайсковая частка з 3,5 – 5 тысячамі вайскоўцаў з цяжкай тэхнікай. Першапачатковыя перамовы быццам бы вяліся менавіта пра размяшчэнне яе ў Магілёўскай вобласці, да якой адносяцца і Асіповічы.

Hавiны
«The New York Times» паказала, дзе ў Беларусі могуць захоўваць ядравую зброю
2024.05.11 08:48

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў