Дэпутат парламенту Францыі прапанаваў змяніць назву Беларусі ў французскай мове


Кіраўнік парламенцкай групы па сітуацыі ў Беларусі ў Парламенце Францыі Фрэдэрык Пэці звярнуўся ў Французскую акадэмію з просьбай змяніць назву Беларусі з Biélorussie на Bélarus.

Парламент Францыі.
Крыніца: aa.com.tr

Цяперашняя назва Biélorussie – гэта пераклад расейскай назвы «Белоруссия». Беларускія дэмакратычныя сілы і беларусы Францыі раней звярталі на гэта ўвагу і выступалі з просьбай пачаць называць нашую краіну Bélarus.

Фрэдэрык Пэці звярнуўся ў Французскую акадэмію, бо менавіта гэтая навуковая ўстанова займаецца вывучэннем французскай мовы і рэгуляваннем яе нормаў.

Паводле дэпутата, гістарычныя і сімвалічныя наступствы змены назвы нашай краіны на Bélarus «сягаюць далёка па-за рамкі проста лінгвістычнай спрэчкі».

«Тэрмін Bélarus фактычна звязвае гэтую краіну з еўрапейскай традыцыяй, Кіеўскай Руссю, Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, у адрозненні ад тэрміну Biélorussie, «Белая Расея», які адносіцца да перыядаў яе ўваходжання ў імперыю Масквы (Рускае царства, Расейскую імперыю, Савецкі Саюз… ), калі яна была перыферыйным рэгіёнам», – зазначыў дэпутат у сваім акаўнце ў Х.

Паводле Пэці, назва Biélorussie стварае ўяўленне, нібыта Беларусь – адзін з рэгіёнаў сярод іншых суб’ектаў Расейскай Федэрацыі.

«Акрамя важнага сімвала супраціву расейскаму імперыялізму, мне здаецца слушным, што французская мова дапамагае нам палепшыць уяўленне і погляд на гэтую краіну», – падкрэсліў дэпутат французскага парламенту.

У 2019 годзе нашую краіну сталі называць Belarus у Швецыі (раней – Vitryssland), у 2021 годзе – у Даніі (раней – Hviderusland), у 2022-м – у Нарвегіі (раней – Hviterussland) і Нямеччыне (раней – Weißrussland).

У 2021 годзе пытанне аб змяненні назвы Беларусі абмяркоўвалася ў Літве, аднак пакуль яна так і засталася Baltarusija.

Разбор
Хто прыдумаў назву нашай краіны і чаму Беларусь, а не Белоруссия ці Weißrussland ды Baltkrievija?
2023.12.17 06:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў