«У адваротны бок не працуе». Пагрозы Пуціна не прымусяць Захад перадумаць наконт удараў па Расеі


Уладзімір Пуцін прыгразіў Захаду пасля таго, як шэраг краін дазволілі Украіне выкарыстоўваць іх зброю для ўдараў па тэрыторыі Расеі. Пуцін заявіў, што адказ «можа быць сіметрычным». Гэта значыць Расея будзе пастаўляць такую зброю краінам, якія могуць нашкодзіць Захаду. «Белсат» даведаўся ў экспертаў, ці паўплывае гэта на дапамогу для Украіны і пры чым тут Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Беларусь – сродак маніпуляцый Пуціна

На думку палітолага Яўгена Магды, словамі пра пастаўкі зброі розным праціўнікам Захаду справа не абмяжуецца.

«Акрамя таго, у бліжэйшы час мы ўбачым чарговы этап ужо расейска-беларускіх вучэнняў з тым, што называюць тактычнай ядравай зброяй. І гэта будзе ўплываць на сітуацыю, я б сказаў, досыць сур’ёзна», – кажа Магда.

Ці азначае гэта, што Пуцін у сваёй пагрозе меў на ўвазе ў тым ліку Беларусь?

«Расея выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм для ціску на Еўропу, таму што яна можа выкарыстоўваць Беларусь для правакацыйнага ўдару па іншых краінах Еўропы. Беларусь застаецца фармальна незалежнай дзяржавай, якая стане месцам, дзе могуць нават апранутыя ў беларускую форму расейскія вайскоўцы атакаваць літоўцаў ці палякаў. І, напрыклад, сітуацыя на польскай мяжы гэта толькі пацвярджае, – кажа Яўген Магда. – З пункту гледжання рыторыкі Лукашэнкі, ён цяпер можа разлічваць на тое, што яму будуць пастаўляць розную высокадакладную расейскую зброю, бо ён знаходзіцца на пярэдняй лініі супрацьстаяння NATO. Таму што шкода, якую могуць нанесці хусіты, Іран ці нехта іншы ў параўнанні з Беларуссю, мінімальная».

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Захад не перадумае

Суразмоўца ўпэўнены, што пагрозы Пуціна не паўплываюць на пастанову заходніх краін дазволіць удары па тэрыторыі Расеі іхнай зброяй.

«Думаю, што назад нічога адкручваць не будуць. Але тут трэба разумець, што Захад, на жаль, гуляе з Пуціным у рэгуляваную эскалацыю, а Пуцін імкнецца паказаць, што яму ўсё пад сілу і яму ўсё можна», – кажа Яўген Магда.

Былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны, ваенны эксперт Іван Ступак увогуле лічыць, што Украіна наадварот будзе атрымліваць усё больш дазволаў на выкарыстання зброі – і па далёкасці ўжывання, і па відах зброі. Напрыклад, пакуль у ЗСУ няма дазволу на выкарыстанне ракет ATACMS для ўдараў па Расеі. Іх далёкасць – 300 кіламетраў, а ЗША не санкцыянуюць удары на 200 міль, гэта значыць 320 км углыб Расеі, а таксама па Маскве і Крамлю, заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

«У адваротны бок гэта не працуе. Успомніце пачатак вайны. Казалі, што толькі першая ракета па Крыме прыляціць – усё, ядравая вайна. Мы ўжо стаміліся лічыць, колькі разоў па Крыме прылятала. Чарнаморскі флот Расейскай Федэрацыі можна заносіць у Чырвоную кнігу, ён знікае.

Таму дазволы на ўжыванне заходняй зброі для ўдараў па Расеі будуць павялічвацца, калі Украіна не сапсуе штосьці – тут важна выконваць правілы, з якім перадаюць гэтыя ўзбраенні», – кажа Ступак.

Заяву Пуціна суразмоўца лічыць праявай слабасці.

«Дапамагаеце Украіне – тады мы будзем дапамагаць тым, хто будзе вам шкодзіць. Тэарэтычна – гэта еменскія хусіты. Так, іх могуць абсталяваць нейкімі супрацькарабельнымі ракетамі. Але з-за таго, што еменскія хусіты, мякка кажучы, не ўсе з сярэдняй адукацыяй нават, яны не змогуць адрозніць, хто ёсць хто і будуць атакаваць усе запар караблі, у тым ліку кітайскія.

Іншае пытанне, ці ёсць у Расейскай Федэрацыі магчымасці паставіць нешта ў трэцюю краіну, свае дарагія комплексы. Гэта значыць іх трэба забраць аднекуль. Украіна праводзіць дэмілітарызацыю Расейскай Федэрацыі, так, з цяжкасцямі, са стратамі, але высокадакладныя сістэмы знішчаюцца, як і радарныя ўстаноўкі. Пускавыя ўстаноўкі трэба забіраць разам з экіпажам, які паедзе туды, будзе навучаць. Вельмі шмат рэсурсаў трэба. Таму я разглядаю гэта як слабасць і спробу запалохаць», – кажа Ступак.

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

Пуцін таксама сказаў, што Расея будзе паляпшаць сваю СПА, каб збіваць заходнія ракеты. Гэта цалкам рэальна, мяркуе суразмоўца.

«Мы не недаацэньваем Расейскую Федэрацыю. Мы выдатна разумеем, што магчымасці ўдасканальвацца ў іх ёсць. Мы ўспамінаем адразу класічны прыклад – снарады “Экскалібур”. Здавалася б, у пачатку вайны – проста неверагодна – 70 % эфектыўнасці. Цяпер – 6 % з-за РЭБ. Мы разумеем, што ракеты ATACMS таксама доўга не змогуць быць нейкімі ноу-хау. Рана ці позна яны навучацца іх збіваць. Так, не ўсе, але частку мы будзем губляць. Гэта вайна тэхналогіяў. Дзесьці Расея ўдасканалілася – мы знаходзім контр-ход. Дзесьці наадварот. Таму я ўспрымаю гэта сурʼёзна і гэта выклік для інжынераў, якія павінны на гэта рэагаваць», – рэзюмуе Ступак.

На мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш за дзясятак еўрапейскіх краін дазволілі Украіне выкарыстоўваць з зброю на тэрыторыі Расеі. Гэта абурыла Пуціна.

«Калі хтосьці лічыць магчымым пастаўляць такую зброю ў зону баявых дзеянняў для нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі і стварэння праблем для нас, то чаму ў нас няма права пастаўляць нашу зброю такога ж класа ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца ўдары па адчувальных абʼектах тых краін, якія робяць гэта ў адносінах да Расеі. Гэта значыць, адказ можа быць сіметрычным. Мы над гэтым падумаем», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Hавiны
Былы начальнік Генштабу Малдовы выявіўся шпіёнам Расеі
2024.06.06 17:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў