Апалагеты атамнай энергетыкі называюць яе сяброўскаю да наваколля і найлепшай альтэрнатываю выкапнёвым крыніцам энергіі. АЭС нібыта амаль не пакідае вугляроднага следу (сукупнасць усіх выкідаў парніковых газаў), у адрозненне ад электрастанцыяў на газе ці мазуце. Але ці сапраўды гэта так? Адказ шукала магістарка ўстойлівага развіцця і аспірантка ў экалагічнай інжынерыі Таццяна Новікава ў даследаванні «Атамная энергетыка – зялёнае ўратаванне ад кліматычнага крызісу?», якое прэзентаваў «Экадом».
Сусветны кансэнсус: атамная энергетыка – экалагічная
Яшчэ ў 2019 годзе на кліматычным саміце ААН Беларусь заяўляла пра намер да 2030-га скараціць выкіды парніковых газаў на прынамсі 35 % у параўнанні з 1990-м. І гэта не амбітная мэта, казалі ўлады, а паказнікі, якія ўжо амаль дасягнутыя, і вялізную ролю ў гэтым адыграла БелАЭС. У 2021 годзе тагачасны міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заяўляў, што атамная станцыя ў Астраўцы дазволіць скараціць выкіды парніковых газаў штогод больш як на 7 мільёнаў тон.
А ў пачатку 2024-га намесніца начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Міністэрства прыроды Аксана Мельніковіч хвалілася, што скарачэнне ўжо склала 40 %.
,,«Пра тое, што атамныя станцыі кліматычна нейтральныя, а значыць, могуць уратаваць чалавецтва ад кліматычнага крызісу, гавораць не толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне. Тым часам свет перакрочыў максімальна дапушчальны парог пацяплення на 1,5 °С. Пытанне выкіду парніковых газаў абвастрылася», – зазначыла ў пачатку прэзентацыі галоўная рэдактарка «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава.
Адкуль жа бярэцца ўяўленне пра экалагічнасць АЭС? Рэч у тым, што пры ацэньванні ўздзеяння атамных станцыяў на навакольнае асяроддзе, а ў прыватнасці – аб’ёму выкідаў парніковых газаў, шмат якія тэхналагічныя працэсы ігнаруюцца ці недаацэньваюцца, кажуць эколагі. У свеце існуе кансэнсус адносна таго, што атамная энергетыка – нізкавугляродная. Але насамрэч яна дае амаль такія ж выкіды, як газавыя электрастанцыі. Гэта даказвае ў сваім даследаванні на прыкладзе амерыканскіх АЭС колішняя беларуская экаактывістка, якая цяпер жыве ў ЗША і даследуе ўплыў працы АЭС на экалогію на навуковым узроўні, Таццяна Новікава.
«На ўзроўні Еўразвязу было прынята на падставе метадалогіі LCA (метад ацэнкі ўздзеяння поўнага жыццёвага цыклу прадукту ці паслугі на наваколле ад калыскі да магілы – ад пачатку да канца), што атамная энергетыка ёсць чыстым развязаннем, якое можа існаваць за кошт дзяржаўных бюджэтаў. На апошнім кліматычным саміце, яшчэ пры Байдэну, ЗША заявілі, што спадзяюцца ўпяцярыць атамны парк электрастанцыяў, каб уратаваць свет ад кліматычнага крызісу. Цяпер у ЗША працуюць амаль 100 рэактараў. Калі іх памножыць на 5, атрымаем 500. 500 рэактараў – і свет будзе ўратаваны ад кліматычнага крызісу. Маім заданнем было прасачыць, наколькі атамная энергетыка вугляродаёмістая, калі падысці да пытання сумленна», – адзначае Таццяна.
Адкуль у АЭС бярэцца вугляродны след?
У працы беларуска выкарыстала праграмнае забеспячэнне, якое ўжываецца на ўзроўні ЕЗ, каб ацаніць жыццёвы цыкл АЭС. Таццяна адразу зазначае, у чым праблема ўсіх ацэнак, якія існуюць. Паводле метаду LCA, уздзеянне вымяраецца ў перспектыве максімум 200 гадоў, у той час як МАгАтЭ кажа, што адпрацаванае паліва АЭС мусіць быць ізаляванае ад асяроддзя мільён гадоў. А менавіта адпрацаванае паліва пакідае за сабою самы вялікі вугляродны след ува ўсім жыццёвым цыкле атамнай станцыі, сцвярджае Таццяна Новікава.

Вядома, само па сабе АЯП (адпрацаванае ядравае паліва) не выкідвае CO₂ (вуглякіслы газ) ці іншыя парніковыя газы, зазначае даследніца. Аднак яго трэба захоўваць у надзейным стане. У ЗША сёння для пабудовы сховішчаў для АЯП выкарыстоўваюцца сталь і бетон.
«Каб захоўваць гэтае паліва мільён гадоў, спатрэбіцца колькасць бетону, якая пацягне за сабою такія выкіды парніковых газаў, што яны нават не стаялі побач з выкапнёвай энергетыкай. Бо на сёння няма ніякіх іншых спосабаў вытворчасці бетону, як з цэменту. Хімія вытворчасці цэменту такая, што на кожную яго тону выкідваецца недзе 500 кг CO₂. Таксама трэба ўлічваць вытворчасць сталі і тое, што ніводнае бетоннае сховішча не вытрымае мільён гадоў – максім сто. Такім чынам, кожныя сто гадоў гэтае паліва давядзецца перапакоўваць. А для перапакоўкі трэба будзе транспартаваць цэмент на пляцоўку, а гэта выкіды яшчэ і ад транспарту», – кажа Таццяна.
На вугляродны след АЭС уплывае і час, за які станцыя працуе. Амерыканскія АЭС застаюцца ў працоўным стане 98–99 % усяго часу. БелАЭС – толькі 50 %. Калі працуе АЭС, мусіць існаваць нейкая падстрахоўка на выпадак яе аварыі і адключэння. Такая падстрахоўка – гэта іншая генерацыя электраэнергіі, як правіла, выкапнёвая, на мазуце, газе, вугалі.
,,«Калі АЭС, як беларуская, працуе 50 % часу, гэта значыць, што да падліку яе выкідаў трэба дадаваць тыя, што атрымліваюцца ад рэзервовых магутнасцяў. У ЗША толькі ў 10 % часу ў гульню ўступаюць выкапнёвыя электрастанцыі», – кажа Таццяна.
«Атрымалі прыгожы чысты працэс, а радыенукліды размазаныя па зямлі»
Вялікая колькасць парніковых газаў выкідваецца ў паветра цягам усяго жыццёвага цыклу АЭС, пачынаючы ад здабычы ўрану (утрыманне ўрану ў рудзе ўва ўсім свеце мае тэндэнцыю да скарачэння, таму ўсё больш энергіі будзе траціцца на яго здабычу, і вугляродны след будзе даўжэйшы, як цяпер), працягваючы выкарыстаннем рэзервовых магутнасцяў выкапнёвай энергетыкі і канчаючы вывадам станцыі з эксплуатацыі і захоўваннем АЯП, падкрэслівае беларуская даследніца:
«Каб не атамная энергетыка, гэтыя парніковыя газы ўвогуле не былі б выкінутыя. Акрамя таго, тая метадалогія, дзякуючы якой у ЕЗ цяпер атамная энергетыка лічыцца чыстай, увогуле не лічыць аварыі, выцёкі і руцінныя выкіды АЭС – не парніковыя газы, а радыенукліды, таксама небяспечныя для наваколля».

Экспертка спасылаецца на агляд, паводле якога выкіды АЭС у эквіваленце CO₂ на кілават-гадзіну складаюць 12 грамаў (паводле World Nuclear Association), ветравой энергетыкі – 11, сонечнай – 45. Калі «прагнаць» праз адмысловую праграму, якую беларуска выкарыстоўвала для даследавання, амерыканскі рэактар ПВР 1000, атрымаецца 5 грамаў выкідаў.
,,«Праграма лічыць гэты рэактар як швейцарскі, а Швейцарыя аддае сваё адпрацаванае паліва ў Францыю на перапрацоўванне. Яно вывозіцца з краіны і быццам знікае, выкідаў нібы ніякіх няма. У Францыі яно таксама знікла, бо з яго вынялі як у Расеі і Вялікай Брытаніі (толькі тры краіны гэтым займаюцца) уран і плутоній. Тое, што засталося, растварылі ў кіслотах і выкінулі ў Сусветны акіян ці, як у Расеі, запампавалі ў грунтовыя воды. У выніку атрымалі прыгожы чысты працэс, у той час як радыенукліды былі размазаныя па зямлі», – тлумачыць Таццяна.

У выніку падліку ўсіх фактараў на працягу жыццёвага цыклу АЭС у Таццяны атрымалася 130–380 грамаў выкідаў у эквіваленце CO₂ на кілават-гадзіну (калі выкарыстоўваецца метад сухога захоўвання АЯП пахавальнага тыпу).
«Выкіды газавай электрастанцыі з парагазавым цыклам у той жа час складаюць 425 грамаў, ветравой энергетыкі – 20,7 грама, сонечнай – 10–36 грамаў», – параўноўвае даследніца.
«Новы Чарнобыль не выключаны на 100 % ні на адной з дзейсных АЭС»
Захоўванне АЯП, акрамя вугляроднага следу, уяўляе таксама небяспеку для наваколля з пункту гледжання рызыкі радыяцыйнага забруджвання. Рэч у тым, што пасля закрыцця станцыі не заўсёды забяспечваецца належны дагляд за АЯП.
«Я наведала ўсе пляцоўкі АЭС у ЗША з паветра пры дапамозе спадарожнікаў і "Google Maps". Выглядае гэта так: ідзём па лесе – і нічога няма, а потым раптам пляцоўка, а на ёй – ядравыя адкіды, – апавядае даследніца. – Што гэта значыць? Што 20 гадоў таму закрылі станцыю, ад яе не засталося ніякіх слядоў, проста лесам усё зарасло, а на пляцоўцы – адкіды. Гэта кажа пра тое, што вялізная колькасць АЯП, якое трэба захоўваць мільён гадоў, праз гадоў 20–30 можа быць страчанае і закінутае. Бо ў ЗША ёсць прэцэдэнты, калі АЯП, якое служыла на вайсковую прамысловасць, было проста закінутае».

Таццяна Новікава выказвае меркаванне, што, магчыма, больш бяспечным было б цэнтралізаванае захоўванне адпрацаванага паліва ў адным месцы, кшталту праекту «Yucca Mountain у ЗША – глыбокага геалагічнага сховішча для адпрацаванага ядравага паліва.
«Новы Чарнобыль не выключаны на 100 % ні на адной з дзейсных АЭС свету, асабліва ўлічваючы іх сярэдні век і павелічэнне тэрмінаў эксплуатацыі. SMR (малыя модульныя рэактары) не на 100 % бяспечныя і не апрабаваныя як тэхналогія. «Чыстая» і «зялёная» атамная энергетыка – гэта адзіны від чалавечай дзейнасці, які пакідае пасля сябе таксічныя на працягу мільёнаў гадоў адкіды», – рэзюмуе даследніца.
Даследаванне Таццяны Новікавай даступнае па спасылцы.
Беларусь тым часам рыхтуецца да перамоваў з Расеяй пра будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі. Пра гэта яшчэ 31 сакавіка бягучага года заявіў новы міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
Паводле чыноўніка, пытанне ўжо абмяркоўваецца «на самым высокім узроўні», а цяпер пачынаюць рыхтавацца да тэхнічных перамоваў – пра кошт, параметры і ўмовы рэалізацыі праекту.
Для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі Аляксандр Лукашэнка разглядае ўсходнія вобласці нашай краіны, на мяжы з Расеяй, каб прадаваць электраэнергію ў Бранскую вобласць, а таксама ў акупаваныя Расеяй украінскія рэгіёны.
Першую Беларускую АЭС збудавалі з удзелам «Росатома» і пераважна на расейскі крэдыт. Першы энергаблок увялі ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, другі – у 2023-м. Абодва працуюць паводле расейскага праекту, а экспарт беларускай атамнай электраэнергіі дасюль выглядае даволі абмежаваным – з улікам напружаных стасункаў з суседнімі краінамі.
Ганна Ганчар belsat.eu