Вайна

ЗША выходзяць з перамоваў з Расеяй і Украінай? Сустрэча ў Лондане практычна сарвалася

Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў пакідае Брусель
Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў пакідае Брусель, Бельгія. 4 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freddie Everett / U.S. Department of State / Flickr
podpis źródła zdjęcia

У Лондане 23 красавіка планаваліся вялікія перамовы на тэму вайны ва Украіне з удзелам міністраў замежных справаў Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатаў, Францыі, Нямеччыны і Украіны. Перамовы сарваліся. Што далей?

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп размаўляе з дзяржаўным сакратаром Маркаў Руб’ёў, паказвае ў бок міністра абароны Піта Гэгсэта. Вашынгтон, ЗША. 10 красавіка 2025 года. Фота:  The White House / Flickr

Келаг, Руб’ёў, Ўіткаф, Ўолц… Хто радзіць Трампу ў перамовах наконт Украіны

Аналітыка

Дзяржаўны сакратар (міністр замежных справаў) ЗША Маркаў Руб’ёў не будзе прысутны на перамовах у Лондане 23 красавіка, перадае CNN. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту дзень раней растлумачыў гэта «лагістычнымі праблемамі». Як адзначае «Reuters», перамовы былі «паніжаныя рангам»: сустрэчу міністраў замежных справаў Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Францыі і Украіны адклалі. 


Замежны сакратар (міністр замежных справаў) Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі і міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга сустрэнуцца ў двухбаковым парадку, дадае «Sky News». Як заўважае «The Guardian», напярэдадні Лэмі і Руб’ёў правялі перамовы між сабой, абодва назвалі іх прадуктыўнымі. 


На перамовах чакалі таксама спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Ўіткафа, нагадвае Бі-Бі-Сі. Пра тое, што Ўіткаф і Руб’ёў не прыедуць, стала вядома толькі ўвечары перад сустрэчаю. У Лондане ўсё яшчэ чакаюць спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША аб Украіне Кіта Келага. Ўіікаф, які на гэтых перамовах, падобна, мае важнейшую за Келага і Руб’ёў ролю, на гэтым тыдні мае наведаць Маскву.

Еўрапейскі чыноўнік ананімна паведаміў «Reuters»: Руб’ёў «выказаў занепакоенасць тым, што Украіна можа вярнуцца да ранейшых жорсткіх пазіцыяў, што зробіць любы прарыў на перамовах немагчымым». Уладзімір Зяленскі 22 красавіка казаў, што Украіна юрыдычна не прызнае анексіі Расеяй Крыму і не прыме ўгодаў, якія даюць Маскве легальны кантроль над паўвостравам, звяртае ўвагу «The New York Times».


Крыніца «Axios» кажа, што прызнанне Крыму расейскім і прызнанне фактычнага кантролю Расеі над акупаванымі тэрыторыямі Украіны было «апошняю прапановаю» прэзідэнта ЗША Доналда Трампа

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на святкаванні Вялікадня. Вашынгтон, ЗША. 21 красавіка 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House / Flickr
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на святкаванні Вялікадня. Вашынгтон, ЗША. 21 красавіка 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House / Flickr

«План Трампа», як сцвярджае «The Telegraph», змяшчаецца на адной старонцы А4 і мае сем пунктаў: прызнанне анексіі Крыму дэ-юрэ і прызнанне дэ-факта рэшты акупаваных Расеяй тэрыторыяў; перадача Украіне дзвюх невялікіх тэрыторыяў, што цяпер пад кантролем Расеі; бесперашкодны доступ Украіны да вусця Дняпра і адвод расейскіх войскаў з часткі Херсонскай вобласці; адсутнасць гарантыяў бяспекі Украіне з боку ЗША.


На мінулым тыдні Руб’ёў публічна казаў, што ЗША могуць выйсці з перамоваў, калі найбліжэйшымі днямі ці тыднямі не ўдасца прыйсці да згоды: «Мы не збіраемся працягваць гэтыя намаганні тыднямі і месяцамі запар». Гэта пацвердзіў Трамп: «Калі з нейкай прычыны адзін з двух бакоў робіць гэта вельмі цяжкім, мы проста скажам "вы дурні, вы жудасныя людзі" і проста адмовімся. Але, спадзяюся, нам не давядзецца гэтага рабіць». У нядзелю ён пісаў, што спадзяецца на ўгоду між Расеяй і Украінай на гэтым тыдні.


Выходзіць з перамоваў няёмка, але хочацца


Расейскі палітычны аглядальнік Андрэй Перцаў разважаў у эфіры «Вот Так», што Ўіткаф збіраецца прыехаць у Маскву, каб «штосьці ўтрэсці ці яшчэ нешта данесці», а значыць, між ЗША і Расеяй ёсць «нейкія цяжкасці». Магчыма, яны датычаць прызнання Крыму расейскім, бо гэтаму ў ЗША перашкаджаюць раней прынятыя законы, а можа, для Расеі непрымальная ідэя аб прысутнасці ва Украіне еўрапейскіх вайскоўцаў. Няўдзел Руб’ёў у перамовах у Лондане можа азначаць, што ад перамоваў не чакаюць выразных вынікаў. А каманда Трампа любіць «гучныя вынікі»: калі такіх не будзе, лепш і не ехаць.

,,

«Злучаным Штатам наўрад ці ўдасца так хутка пакінуць гэты працэс, бо гэта будзе відавочнаю няўдачаю, чаго каманда Трампа і ён сам не любяць», – кажа Перцаў.


Завяршэнне вайны ва Украіне – адно з перадвыбарчых абяцанняў Трампа, і калі ад яго адмовіцца, гэта будзе выглядаць як параза, дадае суразмоўца. А ў Расеі сілавікі, з якімі Пуцін кантактуе больш як з цывільнымі, настроеныя працягваць вайну. Расея, паводле Перцава, можа рабіць выгляд, што згодная спыніць вайну на лініі сутыкнення, але незадаволеная іншымі ўмовамі, і ў выніку працягваць вайну.


«План Трампа», які публікавала «The Telegraph», даволі «прапуцінскі», адзначае Перцаў, але далёкі ад расейскай «праграмы мінімум», якая ўлучала акупацыю ўсёй Данецкай вобласці. Прарвацца да сканчэння перамоваў і задаволіць «апетыты Пуціна» Расеі будзе цяжка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на ўручэнні ўзнагародаў працаўнікам энергетычнай галіны. Кіеў, Украіна. 17 красавіка 2025 года. Фота: President.gov.ua
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на ўручэнні ўзнагародаў працаўнікам энергетычнай галіны. Кіеў, Украіна. 17 красавіка 2025 года. Фота: President.gov.ua

Украінскі палітолаг Пятро Алэшчук у эфіры «Вот так» падкрэслівае: праблема не ва ўзроўні сустрэчы ў Лондане, а ў адсутнасці кансэнсусу. Фактычна перамовы не сарваныя, але цяпер не могуць быць праведзеныя. А ЗША працяглы час намякаюць на выхад з перамоваў:

,,

«Усе фармулёўкі, якія яны выкарыстоўваюць, усе дзеянні, якія яны прымаюць наконт так званага рэсурснага пагаднення паказваюць, што яны ўвесь гэты час шукаюць шляхі і спосабы, як умыць рукі і сказаць, што яны да гэтага не маюць дачынення, бо відавочна, Трамп і ягоная адміністрацыя зразумелі, што ніякіх хуткіх поспехаў тут не дасягнуць і ніякай Нобэлеўскай прэміі міру ён не атрымае», – мяркуе Алэшчук.


Калі ЗША выйдуць з перамоваў, нельга прадказаць далейшай хады падзеяў, працягвае ён. Шмат што будзе залежыць ад пазіцыі Еўропы і аб’ёмаў еўрапейскага падтрымання. Пакуль Еўропа схіляецца да мадэлі з фінансаваннем вытворчасці зброі ва Украіне замест беспасярэдняй перадачы зброі. Гэта можа шмат у чым замясціць дапамогу ЗША, але застануцца праблемы са звесткамі выведкі і з паветранай абаронай. Замяніць сістэмы «Patriot» няма чым, але яны дапамагаюць не столькі ў абароне ад расейскага наступу, колькі ад атак па гарадах.


Але ЗША ўжо даўно – амаль 100 дзён – змяншаюць удзел у падтрыманні Украіны, канстатуе Алэшчук. Тая дапамога, што была, ішла «паводле інерцыі» ад мінулай адміністрацыі. Найбліжэйшым часам скончацца замовы і пастаўкі для Украіны, ухваленыя мінулым прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, а ў адміністрацыі Трампа не было намераў працягваць падтрымання – толькі пагрозы спыніць ужо абяцаную Байдэнам дапамогу. Таму, незалежна ад вынікаў перамоваў, для Украіны нічога не зменіцца: адміністрацыя Трампа і не збіралася падтрымліваць Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паездкі на Сумшчыну, Украіна. 3 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: President.gov.ua

ЗША і Украіна наблізіліся да дамовы аб выкапнях. Але ж ці на ўкраінскім баку Штаты?

Вайна

На думку Алэшчука, адміністрацыя Трампа хацела «неяк больш прэзентабельна і прыгожа» спыніць падтрыманне Украіны ды перазапусціць стасункі з Расеяй. Не выйшла і, напэўна, не выйдзе, мяркуе палітолаг. Калі б ЗША планавалі перамовы, то не злівалі прапановы медыям. А цяпер гэта выглядае спробаю дамагчыся негатыўнай рэакцыі Украіны, назваць гэта адмовай – і выйсці з перамоваў.


Украіне ж, на думку эксперта, прасцей адмовіцца ад супрацы з ЗША, якія ўжо не надта дапамагаюць і згубілі амаль усе рычагі ціску, чымся прыняць угоду, у якой тэрыторыі перадаюцца Расеі: гэта кідае Украіну ў хаос. Непрыняцце ж пакідае розныя варыянты. Для Украіны прымальнае безумоўнае спыненне агню, стварэнне механізму гарантыяў спынення агню і далейшыя перамовы пра тэрыторыі, але на такі сцэнар не гатовая Расея: Пуцін выстаўляе ўмовы для самога спынення агню.


На словах і Украіна, і Расея адкрытыя да перамоваў 


Напярэдадні Зяленскі заявіў, што адкрыты да поўнага спынення агню, да працягу заяўленага Уладзімірам Пуціным спынення агню на 30 дзён або да ўзаемнага прыпынення ўдараў па цывільных аб’ектах. Расея фактычна адмовілася: прэс-сакратар Пуціна 22 красавіка паведаміў, што з украінскага боку «не чулі» рэакцыі на прапанову спыніць удары па цывільнай інфраструктуры. 


З другога боку, Пуцін не выключыў беспасярэдніх перамоваў з Украінаю на тэму мараторыю ўдараў па цывільных аб’ектах, а Зяленскі пагадзіўся на перамовы з Расеяй пры ўмове спынення агню.

Уладзімір Пуцін на сустрэчы на тэму развіцця Арктычнага транспартавага калідору. Мурманск, Расея. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Kremlin.ru
Уладзімір Пуцін на сустрэчы на тэму развіцця Арктычнага транспартавага калідору. Мурманск, Расея. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Kremlin.ru

«Знаёмыя з пытаннем» расказалі «Financial Times» 22 красавіка: Пуцін казаў Ўіткафу, што згодны спыніць вайну ва Украіне на цяперашняй лініі фронту. Гэта, адзначае «FT», сталася першым за час перамоваў прызнаннем Расеяй магчымасці адыходу ад максімалісцкіх патрабаванняў. Ды прэс-сакратар расейскага прэзідэнта на просьбу пракаментаваць дэталі размовы Пуціна і Ўіткафа сказаў, што «цяпер публікуецца шмат фэйкаў», і заклікаў «слухаць першакрыніцы».


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тым часам звяртае ўвагу на новыя тэрытарыяльныя амбіцыі Расеі: кіраўнік херсонскай акупацыйнай адміністрацыі Уладзімір Сальда запатрабаваў кантролю Расеі над зонаю вакол Дняпра, у тым ліку не акупаваным Расеяй правабярэжжам, каб забяспечыць «развіццё інфраструктуры».


Алесь Наваборскі belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10