Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1154 дні. Уладзімір Пуцін абвяшчаў велікоднае перамір’е, але Расея парушыла абяцанне. Украіна прапанавала працягнуць спыненне агню, атрымала заяву Пуціна пра гатовасць да перамоваў –і чарговую масаваную атаку.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны налічыў за 21 красавіка 165 баявых сутыкненняў, 137 расейскіх авіяўдараў 253 кіраванымі авіябомбамі, 2651 удар дронамі-камікадзэ розных тыпаў і 5832 абстрэлы, з якіх 122 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Ад раніцы 22 красавіка да 16 гадзінаў паводле кіеўскага часу Генштаб ЗСУ зафіксаваў ужо 85 сутыкненняў і шэраг артылерыйскіх абстрэлаў і авіяўдараў у Сумскай вобласці.
На Сумшчыне за мінулы дзень налічылі 189 абстрэлаў і 410 выбухаў, загінуў адзін мірны жыхар. За ноч было яшчэ 57 абстрэлаў, траўмаваны яшчэ адзін чалавек.
Вечарам 21 красавіка Адэса трапіла пад удары расейскіх дронаў, атака прыйшлася па шматпавярховых дамах у густанаселеным раёне. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелі тры чалавекі.
Ноччу атакавалі таксама Кіеўшчыну. Хоць усе дроны ўдалося збіць і пацярпелых не было, ад атакі былі пашкоджаныя аскепкамі шэсць прыватных будынкаў, чатыры машыны, тры гаспадарчыя будынкі і тры гаражы.
За ноч на 22 красавіка Паветраныя сілы Украіны налічылі запуск Расеяй 54 ударных беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed», збілі 38, яшчэ 16 былі «лакацыйна страчаныя» без наступстваў. Ніводзін не дасягнуў цэлі. Але ад раніцы пачалася новая атака «шагэдамі». Паветраная трывога трывае ў Сумскай і суседняй Харкаўскай вобласці, а таксама ў Данецкай і Луганскай вобласцях і ў Крыме.
У Купянску, што на Харкаўшчыне, днём 22 красавіка ад выбухаў авіябомбаў пацярпелі 7 чалавек, пашкоджаныя больш за паўсотні будынкаў. На Данеччыне абстрэламі пашкоджаныя 4 жылыя і 6 адміністратыўных будынкаў, інтэрнат, склад і прамысловае прадпрыемства.
Наймацней пацярпеў горад Запарожжа. Днём 22 красавіка ад расейскіх удараў загінула 69-гадовая жанчына, пацярпелі яшчэ 26 чалавек, у лякарні трапілі 12 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей: хлопцы 16, 14, 4 і 3 гадоў. Кіраваныя авіябомбы трапілі ў жылы раён шматпавярховікаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў пра атакі на Адэсу і Запарожжа, Данеччыну, Сумшчыну і Харкаўшчыну:
,,«Усё гэта абсалютна свядомы расейскі тэрор, які спыняецца адным загадам, але загадам у Расеі і для расейскай арміі. Вялікдзень гэта даказаў, калі ва Украіне не было авіяўдараў».
Уладзімір Пуцін абяцаў спыненне агню на Вялікдзень. Абяцанне выканаў толькі часткова: хоць авіяўдараў сапраўды не было, Украіна налічла амаль тры тысячы абстрэлаў, пад тысячу ўдараў дронамі і пад сотню спробаў штурмавых дзеянняў. Паводле прадстаўніцы 66-й асобнай механізаванай брыгады імя Мсціслава Харобрага, як мінімум на ліманскім напрамку Расея скарысталася абвешчаным спыненнем агню, каб падрыхтаваць масавы наступ пяхотай.
Пасля гэтага Зяленскі прапаноўваў падоўжыць на 30 дзён хаця б забарону на далекабойныя ўдары, але быў гатовы і на поўны рэжым цішыні. Таксама Зяленскі прапаноўваў спыненне агню па цывільных аб’ектах. Абяцаў, што ніякіх перашкодаў з боку Украіны не будзе.
Пуцін сказаў 21 красавіка, што гатовы абмеркаваць прапанову спыніць паветраныя ўдары па цывільных аб’ектах, а ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў удакладніў, што Пуцін гатовы да наўпроставых перамоваў з Украінай. Днём 22 красавіка Пяскоў заявіў, што з украінскага боку «не чулі» рэакцыі на прапанову спыніць удары па цывільнай інфраструктуры.
У Крамлі таксама пацвердзілі, што на бягучым тыдні чакаюць чарговы візіт спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Злучаных Штатаў Стыва Ўіткафа.
Алесь Наваборскі belsat.eu