«Людзі, знаёмыя з пытаннем» паведамілі амерыканскаму выданню «Financial Times», што Уладзімір Пуцін згодны спыніць вайну ва Украіне на цяперашняй лініі фронту. Дзеянні расейскага кіраўніка пакуль пра гэта не сведчаць.
Уладзімір Пуцін прапанаваў спыніць сваё ўварванне ва Украіну на цяперашняй лініі фронту ў межах намаганняў па дасягненні мірнага пагаднення з прэзідэнтам Злучных Штатаў Доналдам Трампам, паведамляе выданне «Financial Times» са спасылкай на «людзей, знаёмыя з пытаннем».
Паводле выдання, пра гэта Пуцін раней казаў спецыяльнаму пасланніку прэзідэнта ЗША Стыву Ўіткафу: Крэмль нібы можа адмовіцца ад сваіх прэтэнзіяў на чатыры часткова акупаваныя ўкраінскія вобласці. Гэта, адзначае «FT», стала першым за час перамоваў прызнаннем Расеяй магчымасці адыходу ад максімалісцкіх патрабаванняў.
ЗША ў адказ выставілі ідэі прызнання за Расеяй украінскага Крыму і прызнання прынамсі фактычнага кантролю Расеяй ужо акупаваных тэрыторыяў Украіны, сцвярджае выданне.
Само выданне «Financial Times» перадае сумневы ў намерах Пуціна. Са спасылкай на еўрапейскіх чыноўнікаў яно піша, што Пуцін, імаверна, выкарыстоўвае заяву пра саступку ў якасці прапаганды, каб завабіць Трампа прыняць патрабаванні Расеі і навязаць іх Украіне.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў на просбу пракаментаваць дэталі размовы Пуціна і Ўіткафа сказаў, што «цяпер публікуецца шмат фэйкаў», і заклікаў «слухаць першакрыніцы».

У сераду, 23 сакавіка ўкраінскія, еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі маюць сустрэцца ў Лондане для абмеркавання апошніх прапановаў. Ходзяць чуткі, што Ўіткаф, а таксама дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў, не будуць прысутныя. Крэмль тым часам пацвярджае, што Ўіткаф наведае на гэтым тыдні Маскву. Хто ўсё ж будзе на сустрэчы, невядома.
Трамп у нядзелю пісаў, што спадзяецца на заключэнне ўгоды між Расеяй і Украінай на бягучым тыдні. На якіх умовах можа быць угода, ён не ўдакладняе. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакуль кажа толькі пра прапановы аб спыненні агню для пачатку перамоваў.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тым часам звяртае ўвагу на новыя тэрытарыяльныя амбіцыі Расеі: кіраўнік херсонскай акупацыйнай адміністрацыі Уладзімір Сальда запатрабаваў кантролю Расеі над зонай вакол Дняпра, у тым ліку не акупаваным Расеяй правабярэжжам, каб забяспечыць «развіццё інфраструктуры».
Расея тым часам не выконвала абяцання Пуціна спыніць агонь на Вялікдзень і пасля свята працягнула біць па ўкраінскіх гарадах.
Алесь Наваборскі belsat.eu