Адразу двое беларускіх выдаўцоў – Надзя Кандрусевіч (выдавецтва «Koska») і Дзмітрый Строцаў («Hochroth Minsk») – сталіся лаўрэатамі Прэміі Вальтэра 2025 года («IPA Prix Voltaire 2025»).
Адметна, што ў кароткім спісе прэміі, у які ўваходзілі агулам шасцёра намінантаў, былі двое беларусаў.
«IPA Prix Voltaire 2025» – галоўная ўзнагарода Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў (IPA) за мужнасць у абароне свабоды слова. Узнагароду ўручылі падчас форуму «World Expression Forum» у нарвежскім Лілегамэры.
Беларускія выдаўцы былі вымушаныя пакінуць радзіму праз пагрозы і пераслед, цяпер яны працягваюць сваю справу ў эміграцыі: Кандрусевіч – у Польшчы, Строцаў – у Нямеччыне.
Старшыня Камітэту IPA ў справе свабоды выдавецкай справы Крыстэн Эйнарсан падчас узнагароджвання лаўрэатаў адзначыў, што сёння з пагрозамі за выдавецкую дзейнасць людзі сутыкаюцца па ўсім свеце.
,,«Сёлета мы атрымалі трывожна вялікую колькасць намінацыяў. Гісторыі гэтых асобаў часта застаюцца невядомымі па-за межамі іхных краінаў або рэгіёнаў, але іхная адвага ад гэтага не меншая. Тое, што шмат каму з нашых лаўрэатаў даводзіцца працягваць сваю працу ў выгнанні праз прыхільнасць ідэалам свабоды выдавецтва, заслугоўвае найглыбейшай павагі і прызнання», – адзначыў Эйнарсан.
Надзя Кандрусевіч не здолела прысутнічаць на цырымоніі, але перадала словы ўдзячнасці:
«Гэтае прызнанне пацвярджае не толькі важнасць выдання і перакладу дзіцячых кніг, але і веру ў ціхую сілу слова, што фармуе свядомасць, адкрывае сэрцы і будуе масты праз мовы, культуры і пакаленні... Гэтая ўзнагарода належыць усім перакладнікам, выдаўцам і аўтарам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што».
Дзмітрый Строцаў атрымаў узнагароду асабіста і прамовіў па-беларуску: «У сакавіку 2022 года я выехаў на Захад з адной маленькай валізкай. Я ўцякаў ад палітычнага пераследу, але таксама рыхтаваўся да новай місіі – выкарыстаць трыццацігадовы выдавецкі досвед, каб стварыць вольнае беларускае выдавецтва ў выгнанні». Ён падкрэсліў, што сёння каля 30 беларускіх выдавецтваў працуюць у эміграцыі і ствараюць супольнасць, а ўзнагарода – гэта «адкрытае запрашэнне далучыцца да сусветнай сям’і незалежных выдаўцоў».

Кандрусевіч і Строцаў сталіся другім і трэцім прадстаўнікамі Беларусі, уганараванымі гэтаю прэміяй. Раней яе атрымліваў Ігар Логвінаў (2014), у кароткі спіс траплялі ананімныя беларускія выдавецтвы (2021) і Андрэй Янушкевіч (2024), які летась атрымаў прэмію амерыканскіх выдаўцоў за свабоду выдавецкай справы.
У Беларусі выдавецкая дзейнасць зазнае цэнзуру: улады патрабуюць адмысловых ліцэнзіяў, але часта не выдаюць іх, асабліва калі выдавецтвы прасоўваюць беларускую мову, гісторыю ці культуру.
Пасля пратэстаў 2020 года ціск значна ўзмацніўся. Выдавецтва Кандрусевіч «Koska», што з 2018-га стварала якасныя кнігі для дзяцей па-беларуску, сутыкнулася з пагрозамі закрыцця. Строцаў, які валодаў выдавецтвам «Vinograd», пасля страты ліцэнзіі працягваў падпольную працу, арыштоўваўся і быў вымушаны з’ехаць у Берлін, дзе заснаваў «Hochroth Minsk» – пляцоўку для вольнага беларускага слова.
Прэмію Вальтэра ўручаюць выдаўцам, якія, нягледзячы на пераслед, цэнзуру ці пагрозы, працягваюць публікаваць праўду і ідэі. Яна ўключае грашовую ўзнагароду, 10 000 швейцарскіх франкаў, і фінансуецца выдаўцамі з усяго свету, якія падзяляюць каштоўнасці свабоды выказвання.
Раман Шавель belsat.eu