У канцы траўня ў Баранавічах адкрылася новае беларуска-кітайскае прадпрыемства для вытворчасці халадзільнікаў з магутнасцю да мільёна халадзільнікаў за год. І гэта ў той час, калі ў сталічнага «Атланту» ёсць сур’ёзныя праблемы са збытам прадукцыі. Каб зразумець, навошта ўладам Беларусі спатрэбілася такое прадпрыемства і ці не стане яно «забойцам» старога беларускага заводу, мы паразмаўлялі з кіраўніком праекту «Кошт ураду» Уладзімірам Кавалкіным.
Тры важныя чыннікі
На думку Уладзіміра Кавалкіна, будаўніцтва і адкрыццё заводу ў Баранавічах трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце.
Па-першае, яго трэба разглядаць як спробу прыцягнуць замежныя інвестыцыі.
,,«Мы ўсе ведаем, што Беларусь – пад санкцыямі, і на сёння ў Беларусі толькі дзве буйныя крыніцы замежных інвестыцыяў – Расея і Кітай. Лукашэнка разумее, што патрэбная дыверсіфікацыя. Немагчыма заўсёды спадзявацца на Расею, бо калі ты спадзяешся на кагосьці аднаго, губляеш прастору для манеўру», – кажа Уладзімір Кавалкін.
Па-другое, трэба ўлічваць, што завод пабудаваны карпарацыяй «Midea», з якой у Беларусі ўжо маецца 20-гадовая гісторыя стасункаў. Пачаткам была супраца з беларускім «Гарызонтам» у 2006 годзе, калі на беларускім заводзе адкрылі цэх для збору тэлевізараў з плоскім экранам.
Таму яшчэ з таго часу захаваліся нейкія ўнутраныя беларуска-кітайскія стасункі, «пра якія ніхто не ведае»: з беларускім Міністэрствам прамысловасці, урадам, з Лукашэнкам, адзначае Уладзімір Кавалкін.
Нарэшце гэта спроба кітайскіх кампаніяў перанесці частку вытворчасці з Расеі. Бо РФ сёння таксама пад санкцыямі, у звязку з чым рабіць пастаўкі туды, каб не трапіць пад другасныя санкцыі, складана. З тае прычыны, што, верагодна, частка камплектавальных для вытворчасці тэлевізараў, мікрахвалёвак або пральных машынаў, лядоўняў, можа быць выкарыстаная для вайсковай прамысловасці.
«Таму Кітаю даволі выгадна, зручна і лагічна частку вытворчасці з Расеі перамясціць у Беларусь. І, хутчэй за ўсё, у суме фактараў далі дазвол будаваць гэтую фабрыку – праз гэта, напэўна, не вельмі зручнае і не вельмі папулярнае для рэжыму рашэнне было прынятае. Бо, зразумела, што калі ты адкрываеш другі завод, то ён будзе канкураваць з першым, з “Атлантам”», – рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

«Атланту» будзе цяжка
З улікам таго, што на новым заводзе, як адзначалі ўлады Беларусі, абсталяванне тэхналагічна больш прасунутае, то, калі гэты завод запрацуе напоўніцу, «Атланту» будзе цяжка, адзначае Уладзімір Кавалкін.
,,«Яму ўжо цяпер цяжка. Гэта відаць праз фінансавыя паказнікі «Атланту»: у 2024 годзе ён атрымаў страты, а ў 2023-м быў прыбытак», – кажа суразмоўца.
Ён падкрэсліў, што па факце адбываецца тое, што прагназавалі ўсе эксперты-эканамісты: Лукашэнка меў надзею, што падсанкцыйны расейскі рынак дастанецца беларусам. Але насамрэч ён дастаўся кітайцам, бо яны больш тэхналагічна прасунутыя. Гэта вельмі добра відаць паводле «Атланту» і яго фінансавых паказнікаў.
Уладзімір Кавалкін мяркуе, што «Атлант» напаткае лёс «Гарызонту»: тады гэты завод спрабаваў перайсці ад вытворчасці старых кінескопных тэлевізараў да сучасных плоскаэкранных мадэляў, у краіну прыйшла кітайская « Midea», быў наладжаны цэх для збору, але з часам беларускі завод страціў канкурэнтаздольнасць і цалкам знік з рынку. Цяпер яго вытворчыя памяшканні ў цэнтры гораду проста здаюцца ў арэнду.
На думку Кавалкіна, такі сцэнар чакае і «Атлант». Прадпрыемства адстае тэхналагічна, вытворчасць працы ніжэйшая, як у кітайскіх кампаніяў, і рэч не толькі ў тым, што, як кажа Лукашэнка, «кітайцы працуюць лепей», а ў прынцыпова іншым тэхналагічным узроўні. У гэтых умовах «Атлант» не вытрымае канкурэнцыі і паступова будзе згортвацца. Паводле прагнозу Кавалкіна, гэты працэс можа расцягнуцца на 5–10 гадоў, але яго вынік, як і ў выпадку з «Гарызонтам», будзе адзін – знікненне з рынку.

Час пакажа
Паводле Уладзіміра Кавалкіна, апошнія крокі «Атланту» – у тым ліку нядаўні візіт прадстаўнікоў аднаго з кітайскіх брэндаў у канцы траўня – сведчаць пра спробы перабудаваць тэхналагічныя працэсы на заводзе. Аднак, на ягоную думку, наколькі гэтыя спробы будуць эфектыўныя, пакажа толькі рынак і час.
Суразмоўца дапускае, што завод можа набыць новае абсталяванне ў Кітаі, непадсанкцыйнае, і паспрабаваць наладзіць канкурэнцыю з ужо адкрытым у Беларусі кітайскім вытворцам. Але для Кітаю канкурэнцыя з боку мясцовага гульца не выглядае цікавай або прымальнай.
,,«Кітай – гэта ўсё ж такі краіна аўтарытарная, краіна дыктатуры. І калі казаць пра вонкавыя рынкі, іх тактыка вельмі зразумелая. Яны прыходзяць на рынкі з дэмпінгам, выкідаюць усіх мясцовых вытворцаў, а потым ставяць манапольна высокія цэны. Стратэгія Кітаю, хутчэй за ўсё, не зменіцца», – адзначае суразмоўца.
Разам з тым Кавалкін не выключае, што нейкі «варушняк» магчымы – праз закуп сучаснага абсталявання, спробы мадэрнізаваць вытворчасць, зніжэнне выдаткаў. Але ён ставіцца да гэтага скептычна і падкрэслівае: «Пакажа толькі час, мой прагноз: хутчэй за ўсё, "Атланту" наканаваны лёс "Гарызонту"».
Раман Шавель belsat.eu