Святы набываюць у эміграцыі асаблівы сэнс. Часта яны – напамін пра дом, нітачка, якая працягвае звязваць з радзімай і традыцыямі продкаў. Некаму святочныя дні ў календары і рыхтаванне да іх дапамагаюць не ўпасці ў дэпрэсію. А хтосьці пачаў па-сапраўднаму адзначаць пэўныя даты якраз за мяжою. Набліжаецца Вялікдзень. Як яго адзначаюць у эміграцыі? Ці змянілася штосьці ў параўнанні з тым, як было ўдома? Апавядаюць беларусы замежжа.
«Галоўнае адрозненне – немагчыма паехаць да бацькоў»
Андрэй (імя змененае дзеля бяспекі), жыве разам з сям’ёй у Польшчы ўжо тры гады:
«У святкаванні Вялікадня за мяжою нічога асабліва не змянілася. Галоўнае адрозненне – немагчыма паехаць да бацькоў і сваякоў, наведаць родную вёску, дзе з дзяцінства збіраліся на святкаванне. Адрозненняў у святкаванні асабліва не відаць. Хіба ў нашым касцёле ў Беларусі былі дзве імшы: увечары ў суботу і асобна рэзурэкцыйная раніцай у нядзелю. Тут адна – з 22:00 да 2:00. З нечаканага – начная рэзурэкцыйная працэсія па раёне вакол касцёлу са спевамі, галоснікамі і званамі. Таксама вербы можна набыць у звычайнай краме – сэрвіс пад патрэбы людзей. Ну і міліцыі каля касцёлаў няма, ніхто не стаіць на ўваходзе і не пільнуе цябе – без гэтага спакайней і бяспечней пачуваешся.
За тры гады да нас дамоў ужо зайшлі ўсе парафіяльныя святары – пробашч і два вікарыі, тройчы перапісалі. Сын у Польшчы прыняў першую камунію, стаўся міністрантам, служыць штонядзелю. Налета да першай камуніі будзе рыхтавацца і сярэдняя дачка. Дзеці ходзяць у школах на заняткі рэлігіі. Я далучыўся да адной мужчынскай супольнасці, але яна ў іншай парафіі, якая жыве сваім жыццём, таму бяру ўдзел рэдка. Дый у цэлым у парафіяльным жыцці бяром удзел мала: бракуе то часу, то жадання.
У эміграцыі мы сталі сапраўды распісваць яйкі, а не проста фарбаваць. Жонка вышыла сурвэтку для велікоднага кошыка. Тое, што здавалася звычайнай і не вельмі патрэбнай справай удома, а магчыма, проста адкладвалася на калісьці пасля, у эміграцыі ёсць тою нітачкаю, што злучае нас з радзімаю».
Марыя Грыц, беларуская журналістка і актывістка, тры гады жыве ў Польшчы:
«У нас удома Вялікдзень заўжды быў вялікім святам, калі пяклося шмат булак, фарбавалася шмат яек. Мы збіраліся за агульным сталом нашаю вялікаю сям’ёю, атмасфера была вельмі ўзнёслая.
Першы Вялікдзень, які я сустрэла ў Польшчы, быў пасля пачатку вайны ва Украіне, у 2022 годзе. Я была ў Варшаве, і мне было вельмі горка, што не буду пячы булкі – гэта ж традыцыя, карані, якія мяне трымаюць. Я тады захварэла на ковід, і людзі з мясцовага беларускага чату прынеслі мне лекі, цацкі дзіцяці, і я падумала, што трэба ўставаць пячы булкі, каб аддзячыць.

Сёлета я, напэўна, падыходжу да Вялікадня ў больш-менш нармалёвым стане. Я зладзіла ў Беластоку майстар-клас пісанках, апавядала пра традыцыі, паганскія карані свята. Мы сабраліся мясцоваю суполкаю. Гэта не сям’я паводле крыві, але вельмі блізкія асобы, якіх можна назваць сям’ёй паводле сітуацыі.
І, натуральна, я пяку булкі. Я сёлета мела вялікі гонар быць каравайніцай. Адна знаёмая брала шлюб, і я пякла каравай, хоць сама не магла быць на вяселлі. І я зразумела, як я ссумавалася па ўласна працэсе. Я не спала ноч, але была шчаслівая. Я прынесла каравай у офіс, і ўсе адразу – які пах, ты, напэўна, пячэш булкі на Вялікдзень. І я тады падумала – гэтыя людзі будуць адораныя булкамі сёлета. Таму я буду пячы булкі, упрыгожваць іх і ўсім раздаваць.
У нас ёсць сямейны рэцэпт – называецца «на вока», і ён перадаецца ў спадчыну. Мая мама – прызнаная майстрыха булак. Ейныя бабкі ніколі не дажывалі да сухароў пасля святаў. А яна пякла не ў маленькіх формачках, а ў старых вялізных рондалях. Гэтыя рондалі ляжалі ўвесь год на гарышчы, у іх ужо жылі павукі, а перад Вялікаднем іх даставалі і чысцілі. У мяне тут у Польшчы няма такой раскошы, як старыя рондалі. І я здзівілася, што тут няма папяровых формачак для булак. У выніку я летась разводзіла клейстар з крухмалу і сама клеіла формачкі: абмотвала папераю банкі з-пад кансерваў. Потым папера сохла, і я здымала гатовыя формачкі.
Сакрэт поспеху булак – масла, каб яны былі мяккія, і разынкі – для смаку. І абавязкова – глазура і пасыпкі. І сёлета я хачу зрабіць нават ружачкі, як на каравай. А яшчэ я ўбачыла, што ва Украіне прыдумалі прадаваць верхавінкі ад бабак – самае смачнае. І я падумала, што таксама хачу такія зрабіць.
Для мяне Вялікдзень – гэта больш народнае і паганскае свята, чымся рэлігійнае.
,,Святкаванне максімальна дапамагае мне трымацца ў эміграцыі. Псіхолагі кажуць, што ў эміграцыі трэба найперш наладзіць руціну. Для мяне такая руціна найперш – беларускія і сямейныя традыцыі. Гэта мяне ратуе.
Сёлета ўзімку я не правальвалася ў мінорны настрой, бо рыхтавалася да Калядаў. А калі вы пачынаеце ў лістападзе рыхтавацца да Калядаў, паверце: вам будзе не да дэпрэсіі. Бо трэба прадумаць, у якім складзе вы будзеце калядаваць, вывучыць песні, падрыхтаваць касцюмы і маскі і да таго падобнае. Так і праходзіць чорны лістапад, а там ужо і снежань, і ты ўжо пра іншае думаеш».
«Новая традыцыя – святкаваць грамадой у царкве»
Іна (імя змененае дзеля бяспекі), з 2021 года – у Літве:
«Я ніколі не была рэлігійным чалавекам. У Беларусі хадзіла ў царкву з маці, як усе – узяць святую ваду на Вадохрышча, асвяціць булкі на Вялікдзень. Мы нават службу ўсю не стаялі: мама не магла праз стан здароўя, а мне было нецікава. Схадзілі, асвяцілі, і далей ужо ўдома за святочным сталом збіраліся. Яшчэ абавязкова было прывесці кватэру ў парадак напярэдадні – усё памыць, вычысціць. Калі бабуля была жывая, ездзілі да яе ў вёску – там таксама ўсё мылі. На могілкі загадзя хадзілі, прыбіраліся, каб на Радаўніцу ўжо было ўсё чысценька.
У Вільні я ўпершыню стала адчуваць царкву як месца сустрэчы з Богам. Я тут пачала хадзіць у беларускую праваслаўную суполку. Прывялі сябры. Спачатку для мяне гэта было месца, дзе я бачылася з аднадумцамі, чула беларускую мову. Паступова тое, што казаў святар, стала пранікаць у сэрца. Гэта такая каласальная розніца ў параўнанні з Беларуссю, дзе я нават не спрабавала слухаць і разумець тое, што кажуць у царкве. А тут нават маліцца пачала, разам з усімі, за нашую краіну, за тое, каб аднойчы вярнуцца.

На Вялікдзень я абавязкова фарбую яйкі – як было прынята ў нас удома ў Беларусі, шалупіннем з цыбулі. Булак не пяку, купляю. Таксама частуюць сяброўкі, якія пякуць. Новая для мяне традыцыя тут – святкаваць грамадой у царкве.
У Вільні больш касцёлаў, як цэркваў – часам заходжу. І мне вельмі падабаецца – і архітэктура, і гісторыя: шмат чытаю цяпер на гэтую тэму, адкрываю для сябе, як шмат тут сувязяў з Беларуссю. Агулам мне падабаецца, што мы тут неяк усе разам, на адной хвалі – і праваслаўныя, і каталікі, і нават нявернікі».
«Віленскі край - зямля, дзе святкаванне Вялікдня ніколі не спынялася»
Людвіка Кардзіс, грамадская дзяячка, прадстаўніца беларускай дыяспары ў Вільні:
«Вільня, Віленскі край, тэрыторыя, якая прылягае да яго ў Беларусі – гэта землі, дзе ніколі не спынялася сваткаванне Вялікдня. У самыя цёмныя часы Савецкага Саюзу, калі ўсё было пад забаронай, людзі ўсё роўна рыхтавалі сабе святочныя сталы і на Каляды, і на Вялікдзень. Таму нейкія адукацыйныя праграмы тут проста не патрэбныя, бо ў кожнай сям’і ёсць свая жывая традыцыя, як гэта рабілася пры бацьках. І на Віленшчыне захоўваюцца гэтыя звычаі.
Я, напрыклад, вельмі кансерватыўна стаўлюся да прыгатавання святочных сталоў, да страваў, якія на іх мусяць быць. На Вялікдзень у нас у сям’і заўсёды былі свае рытуалы, калі з раніцы ў суботу ці ў пятніцу цёрлі хрэн. Гэта заўсёды была вельмі цяжкая праца, і шукаліся спосабы, як яго пацерці, каб не цярпець ад яго моцнага паху. У нас у хаце часцей цёр бацька, пасля хрэн запраўлялі бурачком і заўсёды за святочным сталом гэта было. І калі моцны хрэн атрымаўся – гэта было вельмі добра.
Святочны сняданак заўсёды пачынаўся з пасвечанай у касцёле ежы. Мама клала ў кошык для асвячэння хлеб, кавалачак булкі, мяса, сыр, зроблены з тварагу, соль, запалкі, масла, яйкі. Калі з’ядалі пасвечаную ежу, тады пераходзілі да ўсіх астатніх страваў.
І, канешне, асаблівым рытуалам было фарбаванне яек. Мы спрабавалі фарбамі з крамаў фарбаваць, але хутка адмовіліся, бо яны прасочваліся праз шкарлупу яйка, і гэта потым неэстэтычна выглядала. Таму традыцыйна фарбавалі з шалупіння цыбулі. У нас заўсёды быў адзін саганок з суседзямі, і мы па чарзе фарбавалі.
Велікоднае святкаванне ў нас на Астравеччыне заўсёды было сямейнай справай. А пасля святкавання ў сям’і мы «хадзілі ў жакі» да суседзяў – гэта калі кажаш «я – маленькі жачок, поўзаю як рабачок», і табе даюць яйкі, цукеркі. Пасля мужчыны хадзілі па хатах спявалі.
Мяне цешыць, што беларусы, якія апошнім часам прыехалі ў Вільню, ідуць у царкву, у касцёл, і прытрымліваюцца традыцыяў святкавання, якія былі ў іх удома. Беларусы захоўваюць усё гэта і за мяжой. А ў каго не было традыцыяў, таксама далучаюцца, бо цяпер лёгка навучыцца – і з дапамогай інтэрнэту, і святары ў касцёлах і цэрквах тут шмат тлумачаць, распавядаюць, як падрыхтавацца да святаў і як святкаваць».
Беларускія спевы ў касцёле ў Батумі
Кацярына (імя змененае дзеля бяспекі), жыла з сям’ёй тры гады ў Грузіі, Батумі, цяпер у Польшчы:
«Самыя цёплыя ўспаміны пра Беларусь – гэта менавіта рэлігійныя святы: Каляды і Вялікдзень. Мы заўсёды ішлі сям’ёй у касцёл, а потым збіраліся з самымі блізкімі сябрамі за вялікім сталом і святкавалі. Было балюча гэта згубіць. У першы год у Грузіі я вельмі баялася самоты на святы. Але мясцовая парафія аказалася вельмі адкрытай і прыхільнай. Мы – эмігранты, рэлаканты з розных краінаў: Беларусі, Расеі, Украіны – даволі хутка далучыліся да жыцця батумскага касцёлу. Мясцовы святар і дыякан нават індыйцаў спрабавалі інтэграваць, рабілі для іх імшу па-англійску. Было адчуванне сапраўднай вялікай хрысціянскай сям’і, дзе мы найперш засяроджваліся на тым, што нас яднае, а не падзяляе.
,,Вялікдзень заўсёды быў вялікім святам. Два гады таму падчас службы гучалі і беларуская, і ўкраінская мовы. Да таго ж беларусы ў Батумі стварылі хор і спявалі падчас службы нашыя традыцыйныя беларускія песні. Гэта было неймаверна!
У сям’і мы таксама імкнуліся захоўваць нашыя традыцыі. Абавязкова фарбавалі яйкі, але традыцыйным грузінскім спосабам: куплялі карані марэны фарбавальнай. Яйкі атрымліваліся насычана чырвонымі, але крыху іншага адцення, чым калі фарбуеш у цыбулі. Разам з булкамі неслі асвячаць яйкі ў касцёл. Дарэчы, там няма такой традыцыі асвячэння, як у нас, але святар ішоў нам насустрач і асвячаў нашую ежу.
У Польшчы мы жывём у гарадку, дзе няма беларускай каталіцкай супольнасці. Ходзім у польскі касцёл. Вядома, тут усё знаёма і зразумела, як у Беларусі. Вельмі ўрачыста, шмат людзей, дзяцей, моладзі ў касцёле. На вялікія святы працэсіі ходзяць па цэнтры гораду. Усё вельмі прыгожа, але пакуль няма таго пачуцця еднасці і прыналежнасці да супольнасці, як у Беларусі ці Грузіі».
«У эміграцыі штучна робіцца тое, чым удома ты проста жыў»
Павел, выехаў з Беларусі тры гады таму, год жыў у Літве, цяпер два гады ўжо ў Польшчы, у Варшаве:
,,«У Беларусі хадзілі з сям’ёй у касцёл, пачынаючы з Вялікага чацвярга. Таксама ездзілі ў вёску да бабулі з дзядулем. У эміграцыі змянілася найперш тое, што тут няма сваякоў, сям’і, і ўжо так не збярэшся, як раней. Тут святкуеш адзін ці з сябрамі. Але гэта не так кранальна, як з роднымі.
Я намагаюся максімальна прыблізіць атмасферу святаў тут да той, што была ўдома. Спрабую прытрымлівацца традыцыяў: фарбую яйкі, хаджу ў касцёл. Але тут такое адчуванне, што ўсё гэта штучна робіцца. Тое, чым удома ты проста натуральна жыў.

Суполка каталікоў у Варшаве, беларускія службы ў касцёле, якія вядзе Вячаслаў Барок, вельмі дапамагаюць маральна трымацца. Гэта выспа свайго. Гэта не дазваляе цалкам зліцца з польскім грамадствам, а заставацца беларусам.
У Польшчы я заўважыў розніцу ў тым, што кладуць у велікодныя кошыкі, што ставяць на стол. Хоць я тут ужо не накрываю сабе вялікага стала, гэта ў Беларусі мама, і бабуля заўсёды шмат гатавалі, тут усё больш сціпла. Кідаецца ў вочы, што тут Вялікдзень – вельмі сямейнае свята, усе выязджаюць да сваіх сем’яў. Беларусы нібы не такія сямейныя.
Традыцыі і вера мне моцна дапамагаюць трымацца і ў эміграцыі, і ўвогуле ў жыцці».
Ганна Ганчар belsat.eu