Вайна

Нэтаньягу: Ліквідацыя лідара Ірану Хамэнэі пакладзе канец канфлікту

Вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі. Фота: khamenei.ir
Вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі. Фота: khamenei.ir
podpis źródła zdjęcia

Ізраільскі прэм'ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу «ABC News» 16 чэрвеня дапусціў фізічную ліквідацыю вярхоўнага лідара Ірану аяталы Алі Хамэнэі.

Прэм’ер заявіў, што калі вярхоўны лідар Ірану будзе забіты, гэта не прывядзе да эскалацыі канфлікту, а «пакладзе гэтаму канфлікту канец».

,,

«Мы маем 50-гадовы канфлікт, які распаўсюджваецца гэтым рэжымам, што тэрарызуе ўсіх на Блізкім Усходзе. Ён бамбіў нафтавыя радовішчы «Aramco» ў Саудаўскай Аравіі, ён распаўсюджвае тэрарызм, падрыўную дзейнасць і сабатаж паўсюль. Іран хоча «вечнай вайны», ён ставіць нас на мяжу ядравай вайны. Насамрэч Ізраіль перадухіляе гэта, кладзе канец гэтай агрэсіі», – сказаў Бэньямін Нэтаньягу.


Чытайце таксама:
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў з паслом Ірану Алірэзай Санеі. Фота: МЗС Беларусі

Міністр замежных справаў Беларусі сустрэўся з амбасадарам Ірану

Раней «Reuters» са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што прэзідэнт ЗША Доналд Трамп забараніў Ізраілю ліквідацыю Алі Хамэнэі. Паводле аднаго з суразмоўцаў агенцтва, Вашынгтон не гатовы ўхваліць такіх захадаў, пакуль Іран наўпрост не нанясе ўдар па амерыканскіх грамадзянах.

Кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі Ізраілю Цахі Ганэгбі назваў гэтае паведамленне «фэйкам з краіны фэйкаў». А «The Wall Street Journal» са спасылкай на ізраільскага чыноўніка пісала, што Хамэнэі «не застрахаваны» ад нападаў падчас вайсковай аперацыі Ізраілю.

У сваю чаргу, «Iran International» са спасылкай на крыніцы паведаміў, што Хамэнэі разам з сям’ёй праз некалькі гадзінаў пасля пачатку ізраільскай аперацыі схаваўся ў падземным бункеры на паўночным усходзе Тэгерану. Паводле адной з крыніцаў, Цагаль 15 чэрвеня нанёс удар па аэрапорце Машгаду, што за 2,3 тыс. км ад Ізраілю, каб прадэманстраваць, што Хамэнэі нідзе не зможа пачувацца ў бяспецы.

Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану ў ноч на 13 чэрвеня. Паводле Ізраілю, Тэгеран быў за крок ад стварэння ядравай бомбы, таму і адбылася атака. У адказ Іран абстраляў Ізраіль сотнямі ракетаў і патлумачыў гэта самаабаронаю.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў заяву, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. Ён адзначыў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дасюль такога ўмяшання не было.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10