Расейскія войскі ў ночы з 16 на 17 чэрвеня атакавалі Украіну камбінаваным ударам – беспілотнікамі і ракетамі. Паведамляецца пра сама меней 14 забітых і дзясяткі пацярпелых у розных украінскіх гарадах.
Паводле звестак начальніка Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Цімура Ткачэнкі і мэра Кіева Віталія Клічко, выбухі ўначы 17 чэрвеня фіксаваліся ў самых розных месцах украінскае сталіцы. У некалькіх лакацыях удары прыйшліся на два жылыя дамы ў Саломянскім раёне, у пяціпавярховым узнік пажар, у іншым абрынуўся пад’езд. Былі пашкоджаныя інтэрнаты Кіеўскага авіяцыйнага інстытуту і дзіцячы садок. Апроч таго, гарэлі нежылыя забудовы, у тым ліку прамысловыя прадпрыемствы, і аўтамабілі, паўсталі перабоі з электрычнасцю.

Ткачэнка адзначыў, што ў Кіеве загінулі 14 асобаў. Пад заваламі працягваюцца пошукі людзей. Клічко паведаміў, што ў выніку масаванай расейскай атакі пацярпелі больш як 40 асобаў. Больш як 30 з іх шпіталізаваныя. Сярод забітых – грамадзянін ЗША.
У Адэсе ў выніку варожай атакі адбыліся разбурэнні, пажары і пашкоджанні цывільнай інфраструктуры, у прыватнасці жылых дамоў, інклюзіўнага цэнтру, дашкольнай установы, гаражоў. Вядома пра 13 пацярпелых, сярод якіх дзіця, паведаміў начальнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр. Паводле яго, пад заваламі могуць заставацца людзі.

У Запарожжы таксама прагрымелі выбухі, на прадпрыемствах узніклі пажары. Выбуховай хваляй пашкоджаныя дамы, размешчаныя паблізу, заявіў начальнік Запарожскай вобласці Іван Фэдараў. Паводле яго, абышлося без пацярпелых.
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея плануе далейшыя атакі супраць украінскай энергетыкі, у прыватнасці існуе пагроза атамнай інфраструктуры. Паводле яго, «няма прыкметаў, што хтосьці ў Маскве рыхтуецца да заканчэння вайны і разглядае дыпламатыю сур'ёзна».
Якуб Хруст belsat.eu