У Горадні пачынаецца чарговы завочны суд за «здраду дзяржаве», а з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 107 чалавек, паведамляе «Вясна». Падрабязней пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў аглядзе рэпрэсіяў.
Паводле «Вясны», 16 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе пачынаецца завочны суд над 39-гадовым Андрэем Занеўскім, якога абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Сутнасць абвінавачвання невядомая.
Нібыта за заклікі да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК) асуджаны шматдзетны бацька-вернік Яўген Кудзін. Яўгену 38 гадоў, ён жыве ў Менску. Яго пакараў Менскі гарадскі суд. Мужчыне пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі, аднак, як піша «Наша Ніва», верагодна, удалося знайсці нейкую юрыдычную фармулёўку, каб прызнаць Кудзіна вінаватым, але пакінуць на свабодзе. Бо ў «спісе экстрэмістаў», дзе з'явілася імя мужчыны, стаіць пазнака «судзімасць не пагашана».
Магчыма, справа ў тым, што Яўген – шматдзетны бацька. У яго тры сыны. Старэйшы толькі скончыў першы клас, а малодшаму тры гады. Жонка Яўгена Вера памерла два гады таму.
Паводле «Вясны», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Большасць затрыманых – мужчыны.
«Вясна» паведамляе, што ў бліжэйшы час ужо распачнуцца першыя судовыя працэсы па гэтай справе. Праваабаронцам вядома пра як мінімум 22 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.
Тым часам у «спіс тэрарыстаў», які вядзе КДБ, дадалі 5 чалавек. Туды трапілі Аляксандр Сцепановіч, Ганнай Папай, Іван Каваленка, Аляксандр Мазурын, Яўген Кудзін. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1303 чалавекі, з іх 609 – беларусы.
Арсен Рудэнка belsat.eu