Перад Вялікаднем у беларускіх крамах традыцыйна з’яўляецца святочная выпечка, падпісаная на цэнніках як «кулічы». Сёлета нават «дубайскія» ёсць. «Кулічы» таксама асвячаюць у праваслаўных цэрквах. Гэтае слова можна пачуць як у шараговых размовах беларусаў, так і ўбачыць у медыях, у тым ліку – недзяржаўных. Аднак мовазнаўцы, гісторыкі і іншыя адмыслоўцы ў народнай культуры кажуць адназначна – слова «куліч» у беларускай мове няма, гэта русізм. У нашай краіне велікодную выпечку ніколі так не называлі. Разбіраемся, як да нас прыйшлі «кулічы» і як называць іх правільна.