Пакуль увага ўсяго свету скіраваная на востры канфлікт паміж Іранам і Ізраілем, афіцыйны Менск захоўвае дзіўнае маўчанне. Беларускі МЗС абмежаваўся кароткай фармальнай «занепакоенасцю», а дзяржаўныя СМІ падаюць канфлікт выключна як сухую зводку навін. Ані палітычных каментароў, ані водгукаў ад дэпутатаў ці вышэйшых асобаў. З чым звязана такая пазіцыя, разважае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Нуль рэакцыі ад Лукашэнкі
Адметна, што, звычайна ахвочы да каментавання міжнароднага парадку дня, не абраніў ні слова пра сутыкненне паміж Ізраілем і Іранам і Аляксандр Лукашэнка, хаця пры гэтым ён сустракаўся з вайскоўцамі на выхадных, ездзіў па заводах. Ці не ёсць гэта прыкметай своеасаблівага шоку, які перажывае беларускі кіраўнік у сувязі з гэтымі падзеямі?
Яўген Красулін лічыць, што нельга выключаць верагоднасць шоку, бо, магчыма, у Менску паглядзелі і зразумелі: вось як могуць раптоўна паступіць з табой, калі ты рэгулярна выступаеш з агрэсіўнымі заявамі, пагражаеш усіх знішчыць, адхвастаць «Арэшнікам» ці нават тактычнай ядравай зброяй. Такія прамовы, на думку суразмоўцы «Белсату», гучаць эфектна для ўнутранай аўдыторыі, але калі яны даходзяць да аўдыторыі знешняй і яна іх успрыме ўсур'ёз, то рэакцыя можа быць даволі сур'ёзнай – падобнай як з боку Ізраіля ў дачыненні да Ірану.
,,«Але я думаю, усё ж такі маўчанне мае іншую прыроду ў дадзеным выпадку. Рэжым спрабуе трымаць не тое, што пэўны нейтралітэт, але пэўную павагу да Ізраілю. Мы памятаем па 2020 годзе, што таксама і Ізраіль паводзіў сябе больш нейтральна да тых падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі. Таму рэжым не хоча моцна нарывацца на негатыўную рэакцыю з боку Ізраілю. Тым больш падтрымліваць Іран у такой сітуацыі, узважыўшы, да чаго ідзе цяперашняя сітуацыя», – адзначае Яўген Красулін.
На думку суразмоўцы, рэжым Лукашэнкі мог зразумець, што калі ягонага блізкага партнёра і хаўрусніка цяпер б’юць, то лепш у гэтай сітуацыі проста стаяць убаку, моўчкі назіраць і «глядзець у сцяну», робячы выгляд, што ўсё гэта цябе абсалютна не тычыцца.

Бесперспектыўныя саюзы
У той жа час трэба памятаць, што Лукашэнка не так даўно тройчы ездзіў у Іран, дзе падпісваў дакументы аб супрацоўніцтве да 2027 года. Якія далейшыя перспектывы чакаюць гэтыя кантакты?
Яўген Красулін звяртае ўвагу, сітуацыя вакол Ірана толькі пацвердзіла тое, пра што казалася раней: такія партнёрствы – бесперспектыўныя. І Беларусь, і Іран маюць такія палітычныя мадэлі, якія на доўгую перспектыву не разлічаныя.
Абедзве краіны знаходзяцца пад санкцыямі, і нават склаўшы свае намаганні, так і заставаліся ў мінусе.
,,«Проста зараз гэта стала больш відавочным, што саюзы з такімі дзяржавамі нічога добрага не нясуць. Прычым я маю на ўвазе не толькі Іран, але і беларускі рэжым. Саюз з беларускім рэжымам нічога добрага не дае. Ён не можа заступіцца, ён не можа даслаць вайсковую дапамогу, не можа даслаць зброю, не можа гучна выступіць на міжнароднай арэне. Вось і цана ўсім гэтым дыпламатычным прарывам, перамогам, паходам на далёкую дугу», – адзначае Яўген Красулін.
Таму рэальным вынікам усяго гэтага «супрацоўніцтва» будзе толькі тое, што «пакрасаваліся перад камерамі, паездзілі адзін да аднаго ў госці – і ўсё». І зараз бачна, што Ізраіль сур’ёзна настроены зваліць іранскі рэжыма аятолаў, а значыць, у Аляксакндра Лукашэнкі адным пунктам для паездак будзе меней.
Варта адзначыць, што 16 чэрвеня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў правёў сустрэчу з паслом Ірана Алірэзай Санее. Яны абмеркавалі напружанасць паміж Іранам і Ізраілем. Рыжанкоў падкрэсліў, што канфлікты трэба вырашаць праз дыялог, а сілавы сцэнар нясе пагрозу для рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасці. Іранскі пасол, у сваю чаргу, выказаў занепакоенасць ахвярамі сярод мірнага насельніцтва і прадставіў пазіцыю Тэгерана што да ўрэгулявання канфлікту. Ніякіх словаў пра падтрымку з Тэгерану боку беларускіх хаўруснікаў не прагучала.
Раман Шавель belsat.eu