Пасля таго як Ізраіль у ноч на 13 чэрвеня атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану, бакі працягваюць абменьвацца авіяўдарамі. Адна з ізраільскіх ракетаў трапіла ў штаб-кватэру іранскага тэлебачання падчас жывога эфіру. Сабралі асноўныя падзеі за 16 чэрвеня.
Паводле «Reuters», на дзень 16 чэрвеня ў выніку ўзаемных ракетных удараў загінулі 24 асобы ў Ізраілі і 224 – у Іране. Ізраіль заяўляе, што ўсе ахвяры з яго боку былі цывільныя. Іран сцвярджае, што амаль усе загінулыя – мірныя жыхары.
Іран 16 чэрвеня заклікаў прэзідэнта ЗША Доналда Трампа прымусіць Ізраіль спыніць агонь і такім чынам завяршыць «паветраную вайну». У сваю чаргу прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што ягоная краіна – «на шляху да перамогі».
Крыніцы агенцтва «Reuters» паведамляюць, што Тэгеран папрасіў Катар, Саудаўскую Аравію і Аман націснуць на Трампа, каб той выкарыстаў свой уплыў на Ізраіль і падтрымаў неадкладнае спыненне агню. Узамен Іран гатовы праявіць гнуткасць у перамовах наконт сваёй ядравай праграмы – пра гэта паведамілі два іранскія і тры рэгіянальныя чыноўнікі.
Нэтаньягу ў звароце да вайскоўцаў заявіў, што Ізраіль ідзе да выканання дзвюх галоўных задачаў: знішчэння ядравай праграмы Ірану і ліквідацыі яго ракетаў.

«Мы на шляху да перамогі, – сказаў ён. – Мы звяртаемся да жыхароў Тэгерану: эвакуюйцеся – і мы дзеім».
Сапраўды, Армія абароны Ізраілю (Цагаль) апублікавала папярэджанне жыхарам раёну № 3 у Тэгеране:
«Паважаныя грамадзяне! Дзеля вашай бяспекі настойліва просім неадкладна пакінуць указаны раён у зоне № 3 Тэгерану. Найбліжэйшымі гадзінамі Армія абароны Ізраілю будзе дзеяць у гэтым раёне, як і ў мінулыя дні ў ваколіцах Тэгерану, дзеля атакі на вайсковую інфраструктуру іранскага рэжыму. Вашае перабыванне ў гэтай зоне пагражае вашаму жыццю».
Пазней Ізраіль ударыў ракетаю па будынку іранскага тэлеканалу IRIB. Момант трапіў у жывы эфір.
«Управа прапаганды і падбухторвання іранскага рэжыму была атакаваная Цагалем пасля шырокамаштабнай эвакуацыі мясцовага насельніцтва. Мы нанясём удар па іранскім дыктатары дзе заўгодна», – заявіў міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац.
Таксама 16 чэрвеня Іран абвясціў, што рыхтуе законапраект аб выхадзе з Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі.
Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты Ірану ў ноч на 13 чэрвеня. Паводле Ізраілю, Тэгеран быў за крок ад стварэння ядравай бомбы, таму і адбылася атака. У адказ Іран абстраляў Ізраіль сотнямі ракетаў і патлумачыў гэта самаабаронаю.
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў заяву, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. Ён адзначыў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дасюль такога ўмяшання не было.
Арсен Рудэнка belsat.eu