Колькасць загінулых у Сумах у выніку ўдараў расейскіх балістычных ракет павялічылася да 31. Сярод загінулых – двое дзяцей, больш за 80 чалавек параненыя. А тым часам ва Украіне чуюцца галасы, што ў вялікай колькасці загінулых таксама вінаватае мясцовае ўкраінскае кіраўніцтва.
Так, кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак выказаў абурэнне з-за таго, што некаторыя людзі, на ягоную думку, спрабуюць піярыцца на фоне трагедыі ў Сумах. Пры гэтым Ярмак не назваў канкрэтна, каго мае на ўвазе.
Ягоны каментар з’явіўся пасля таго, як народная дэпутатка Мар’яна Бязуглая і мэр Канатопа Арцём Семяніхін раскрытыкавалі мясцовае вайсковае кіраўніцтва.
Бязуглая адзначыла, што ў дзень гадавіны стварэння 117-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў Сумах зладзілі ўрачыстасць з удзелам вайскоўцаў, і расейцы, магчыма, ведалі пра гэтае мерапрыемства. Яна заклікала спыніць практыку, калі кіраўнікі рассылалі інфармацыю пра падзеі адкрыта і пасля гэтага не неслі адказнасці.
Мэр Канатопа Семяніхін жа заявіў, што патрабуе, каб кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі і кіраўнік СБУ ў вобласці сышлі з пасадаў і папрасілі прабачэння перад загінулымі, бо ён лічыць іх датычнымі да трагедыі.
У той жа час кіраўнік ГУР Украіны Кірыла Буданаў назваў расейсскія ракетныя разлікі, якія зрабілі «злачынны ўдар па Сумах».
,,«Ужо вядома, што злачынны ўдар па Сумах двума балістычнымі ракетамі тыпу Іскандэр-М / KN-23 нанеслі расейскія разлікі 112-й і 448-й ракетных брыгад з тэрыторыі Варонежскай (н. п. Ліскі) і Курскай (н. п. Лежанькі) абласцей дзяржавы-агрэсара адпаведна», – напісаў Буданаў у сваім тэлеграм-акаўнце.
У некаторых украінскіх гарадах (Львове, Канатопе) 13, 14 і 15 красавіка будуць прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі ў знак жалобы па загінулых у Сумах. 14 красавіка жалоба будзе абвешчана на Кіеўшчыне.
Міністр абароны Украіны Рустам Умераў на фоне абстрэлу заявіў, што Украіне неадкладна патрэбная дадатковая супрацьпаветраная абарона.
«Жыцці ўкраінцаў залежаць ад рашучасці хаўруснікаў», – напісаў міністр у Тэлеграме.
Тэма дадатковай супрацьпаветранай дапамогі абмяркоўвалася з падачы Украіны на апошнім пасяджэнні Кантактнай групы ў фармаце «Рамштайн» у Бруселі 11 красавіка. Пасля гэтай сустрэчы Украіне паабяцалі дапамогу ў 21 мільярд еўра.
Раман Шавель belsat.eu