У падмаскоўнай Балашысе ў двары свайго дому пры выбуху аўтамабіля загінуў расейскі генерал-лейтэнант Яраслаў Маскалік, які быў намеснікам начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў Расеі.
Паводле папярэдніх звестак, яго забіла выбухам самаробнай прылады, якая была ў прыпаркаваным ля пад'езда аўтамабілі «Фольксваген».
Выбух адбыўся раніцай 25 красавіка ў мікрараёне Авіятараў, дзе жыў Маскалік і многія іншыя вайскоўцы (гэты раён першапачаткова будавалі для вайсковых пенсіянераў). Маскалік у гэты момант выходзіў з дому.
Са звестак тэлеграм-каналу Mash, апошнім уладальнікам аўтамабіля быў нарадзінец украінскага гораду Сумы 40-гадовы Ігнат К.
Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб забойстве і незаконным абарачэнні выбуховых рэчываў.
Тэса Анэйда belsat.eu