Вайна

«Толькі свалата можа так дзеяць». У выніку ўдару па Сумах загінулі 34 чалавекі

img
Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Сумы, Украіна. 13 красавіка 2025 года. Фота: Klymenko_MVS / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Украіна абвінаваціла Расею ў абстрэле гораду Сумы балістычнымі ракетамі. Паводле апошніх звестак, загінула 34 чалавекі, 117 – параненыя. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што такія ўдары па цывільных у Вербніцу можа наносіць «толькі свалата».

Дзве ракеты ўдарылі па цэнтру гораду Сумы на паўночным усходзе Украіны. Лік забітых і параненых паведаміла абласная пракуратура: 

,,

«Паводле дадзеных следства, 14 красавіка каля 10:15 акупанты нанеслі два ракетныя ўдары па цэнтру гораду Сумы. У выніку атакі ворага на 12:00 вядома пра 21 загінулага, 34 параненых, з іх 5 дзяцей».


Міністр унутраных справаў Ігар Клымэнка ўдакладніў, што пацярпелі 83 чалавекі, у тым ліку 7 дзяцей, а ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сітуацыяў паведамілі: загінулі 24 асобы, у тым ліку адно дзіця, параненых – 84.

Пазней прэзіэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у сваім тэлеграм-канале, што колькасць загінулых вырасла да 31 чалавека, з іх двое дзяцей.

Абноўлена. Паводле апошніх дадзеных, загінулымі лічацца 34 чалавекі, з іх двое дзяцей, 117 чалавек пацярпелыя, з іх 15 дзяцей.



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адмысловай заяве падкрэсліў, што была атакаваная «звычайная гарадская вуліца, звычайнае жыццё: дамы, адукацыйныя ўстановы, машыны на вуліцы». І гэта адбылося ў Вербную нядзелю:

,,

«Толькі свалата так можа дзеяць. Забіраючы жыцці ў звычайных людзей. Мае спачуванні родным і блізкім».


Кіраўнік суседняй краіны заклікаў да «жорсткай рэакцыі свету, Злучаных Штатаў, Еўропы, усіх у свеце, хто хоча заканчэння гэтай вайны і забойстваў»:


«Расея хоча менавіта такога тэрору і зацягвае гэтую вайну. Без ціску на агрэсара мір немагчымы. Размовы яшчэ ніколі не спынялі балістыку і авіябомбы. Патрэбна такое стаўленне да Расеі, якога заслугоўвае тэрарыст».


На месцы атакі трывае выратавальная аперацыя. Праз абстрэл былі пашкоджаныя будынкі, грамадскі транспарт, аўты.


Мінабароны Расеі ў сваёй рэгулярнай справаздачы ўдар па Сумах не згадала.

Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Сумы, Украіна. 13 красавіка 2025 года. Фота: dsns_telegram / Telegram
Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Сумы, Украіна. 13 красавіка 2025 года. Фота: dsns_telegram / Telegram

Гэта не першая такая атака за апошні час. 4 красавіка балістычная ракета ўдарыла па жылым квартале ў Крывым Розе, былі забітыя 10 дарослых і 9 дзяцей.


Міністэрства абароны Расеі сцвярджала, што «быў нанесены высокадакладны ўдар па месцы правядзення нарады з камандзірамі злучэнняў і заходнімі інструктарамі ў адным з рэстаранаў гораду». Таксама ў ведамстве заяўлялі, што былі забітыя «да 85 вайскоўцаў і афіцэраў замежных дзяржаваў».


Аднак тэлеканал «France 24» апублікаваў запіс камераў назірання з гэтага рэстарану, і на кадрах аніякіх вайскоўцаў не было.


Расследвальніцкі праект «Система» паведамляў, што ў будынку адбываўся форум працаўнікоў б'юці-індустрыі, а таксама святкаваўся дзень нараджэння аднаго з наведнікаў.


«Сфармавалася жудасная традыцыя: пасля кожнага раўнду „паспяховых“ перамоваў паміж Вашынгтонам і Масквою Расея наўмысна наносіць удары па цывільных цэлях, каб пацвердзіць сваю рашучасць працягваць вайну: гэтак было ў Крывым Розе пасля візіту Дзмітрыева ў Вашынгтон, гэтак адбылося ў Сумах пасля паездкі Ўіткафа ў Санкт-Пецярбург. Трамп жа працягвае меркаваць, што ў перамоўным працэсе „ўсё ідзе добра“», – напісаў сваім Telegram-канале палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10