ЗША падрыхтавалі праект дамовы аб спыненні вайны ва Украіне. Адзначаецца, што гэта «канчатковы варыянт, прапанаваны абодвум бакам». Пры гэтым ва Украіны і еўрапейскіх партнёраў розныя падыходы ў шэрагу пытанняў. Што ў гэтых дакументах?
ЗША прэзентавалі сваю мірную дамову хаўруснікам на перамовах у Парыжы 17 красавіка. «Reuters» сёння апублікаваў дакумент цалкам. У тэксце пазначана, што гэта «канчатковы варыянт», які Вашынгтон прапанаваў абодвум бакам.
ЗША гатовыя прызнаць Крым расейскім і скасаваць усе санкцыі, уведзеныя з 2014 года.
Мірная дамова ад Злучаных Штатаў
Спыненне агню:
- сталае спыненне агню;
- абодва бакі неадкладна пачынаюць перамовы наконт рэалізацыі гэтага.
Гарантыі бяспекі Украіны:
- Украіна атрымлівае надзейныя гарантыі бяспекі;
- дзяржавы-гаранты – адмысловая група еўрапейскіх дзяржаваў і ахвочыя нееўрапейскія дзяржавы;
- Украіна не будзе намагацца далучыцца да NATO;
- Украіна можа імкнуцца да сяброўства ў ЕЗ.
Тэрыторыя:
- ЗША дэ-юрэ прызнаюць расейскі кантроль над Крымам;
- ЗША дэ-факта прызнаюць расейскі кантроль над Луганскам;
- ЗША дэ-факта прызнаюць часткі Запарожжа, Данеччыны і Херсоншчыны, што кантралюе Расея;
- Украіна вяртае ўсю тэрыторыю Харкаўскай вобласці;
- Украіна вяртае кантроль над Запарожскай АЭС дзякуючы кантролю і кіраванню станцыяй Злучанымі Штатамі, з размеркаваннем электраэнергіі для абодвух бакоў;
- Украіна вяртае кантроль над Кахоўскай плацінаю;
- Украіна атрымлівае бесперашкодны праход па Дняпры і кантроль над Кінбурнскай касою.
Эканоміка:
- ЗША і Украіна рэалізуюць дамову наконт эканамічнай супрацы / здабычы карысных выкапняў;
- Украіна будзе цалкам адноўленая і атрымае фінансавую кампенсацыю;
- санкцыі супраць Расеі, уведзеныя ў выніку канфлікту з 2014 года, будуць скасаваныя;
- расейска-амерыканская эканамічная супраца ў галіне энергетыкі і іншых прамысловых сектараў.
Украіна разам з еўрапейскімі хаўруснікамі перадала амерыканскаму боку ўласны варыянт мірнай дамовы. Гэта адбылося падчас сустрэчы ў Лондане 23 красавіка.
Гэты праект, што таксама апублікаваў «Reuters», больш падрабязны і шырокі. Прапаноўваецца здымаць санкцыі з Расеі паступова, а не адразу ўсе, тэрытарыяльныя пытанні абмяркоўваць пасля спынення агню. Ад сяброўства ў NATO Украіна фактычна адмаўляецца, хаця патрабуе, каб не было аніякіх абмежаванняў для ўзбраення войска.
Мірная дамова ад Украіны
Спыненне агню:
- абавязанні цалкам і безумоўна спыніць агонь у небе, на зямлі і на моры;
- абодва бакі неадкладна пачынаюць перамовы наконт рэалізацыі спынення агню пры ўдзеле ЗША і еўрапейскіх краінаў. Гэта адбываецца разам з падрыхтоўкаю парадку дня і ўмоваў для паўнавартаснай мірнай дамовы;
- маніторынг спынення агню пад кіраўніцтвам ЗША і пры падтрыманні трэціх краінаў;
- Расея мусіць безумоўна вярнуць усіх дэпартаваных і незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей. Абмен усімі ваеннапалоннымі (прынцып «усіх на ўсіх»). Расея мусіць вызваліць усіх цывільных палонных.
Гарантыі бяспекі Украіны:
- Украіна атрымлівае надзейныя гарантыі бяспекі, у тым ліку ад ЗША (дамова, падобная да арт. 5), у той час як сярод хаўруснікаў няма кансэнсусу ў справе сяброўства ў NATO;
- аніякіх абмежаванняў для ўкраінскіх сілаў абароны;
- дзяржавы-гаранты – адмысловая група еўрапейскіх краінаў і ахвочых нееўрапейскіх краінаў. Аніякіх абмежаванняў на прысутнасць, узбраенне і аперацыі сяброўскіх замежных сілаў на тэрыторыі Украіны;
- Украіна імкнецца да сяброўства ў ЕЗ.
Тэрыторыя:
- тэрытарыяльныя пытанні будуць абмяркоўвацца і прымацца пасля поўнага і безумоўнага спынення агню;
- тэрытарыяльныя перамовы пачнуцца з лініі кантролю;
- Украіна вяртае кантроль над Запарожскай АЭС пры ўдзеле ЗША, а таксама над Кахоўскай плацінаю;
- Украіна атрымоўвае бесперашкодны праход па Дняпры і кантроль над Кінбурнскай касою.
Эканоміка:
- ЗША і Украіна рэалізуюць дамову наконт эканамічнай супрацы / здабычы карысных выкапняў;
- Украіна будзе цалкам адноўленая і атрымае фінансавую кампенсацыю, у тым ліку за кошт расейскіх суверэнных актываў, што будуць замарожаныя да таго часу, пакуль Расея не пакрые страты Украіне;
- санкцыі ЗША, уведзеныя супраць Расеі з 2014 года, могуць быць паступова аслабленыя пасля дасягнення ўстойлівага міру і ўзноўленыя ў выпадку парушэння мірнай дамовы.
Галоўныя несупадзенні ў дзвюх версіях датычаць тэрытарыяльных спрэчак, касавання санкцыяў супраць Расеі, гарантыяў бяспекі і лёсу ЗСУ. Адна з абвешчаных Крамлём мэтаў «спецыяльнай ваеннай аперацыі», як у Расеі называюць вайну, – «дэмілітарызацыя» Украіны, жорсткае абмежаванне ў колькасці ўзбраенняў і ліку асабовага складу.
Ці спадабалася штосьці Злучаным Штатам з альтэрнатыўнага праекту і ці залучаць нейкія пункты ў «самы канчатковы» праект, не вядома. Нельга выключаць, што акурат гэта абмяркоўвае адмысловы пасланнік ЗША Стыў Ўіткаф, які 25 красавіка сустракаецца ў Крамлі з Уладзімірам Пуціным.
22 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што ўсе перамовы наконт тэрыторыяў проста цяпер – гэта зацягванне вайны, чаго прагне Расея. Ён таксама заявіў, што юрыдычна прызнаць Крым расейскім не дазваляе Канстытуцыя Украіны:
,,«Украіна юрыдычна не прызнае Крым расейскім, гэта па-за межамі нашай Канстытуцыі. Гэта нашая тэрыторыя, тэрыторыя народу Украіны».
Тым часам мэр Кіева Віталій Клічко на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў, што меў на ўвазе, кажучы пра тэрытарыяльныя саступкі ў інтэрв'ю BBC:
«Я казаў, што Украіну можна прымусіць пайсці на тэрытарыяльныя саступкі ў абмен на спыненне вайны. На жаль, як мы бачым, такі сцэнар цалкам імаверны. І пра гэта сёння гавораць многія палітыкі свету і медыі. Такім чынам, кажучы гэта, я не адкрыў Амерыку».
Клічко адзначыў, што «ўкраінскі народ ніколі не змірыцца з акупацыяй сваёй краіны Расеяй».
«Мы разумеем, што сцэнар тэрытарыяльных саступак супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам, і супраць яго рэалізацыі трэба змагацца да апошняга. Гэта запатрабуе незвычайных намаганняў як ад нас, гэтак і ад нашых еўрапейскіх партнёраў», – напісаў мэр Кіева.
Сцяпан Кубік belsat.eu