навіны

Трамп сам не ведае, ці адмовіцца ад намаганняў спыніць вайну – Яўген Магда

Доналд Трамп
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота: Win McNamee/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп дакладна не зможа дамагчыся міру ва Украіне за 100 дзён свайго прэзідэнцтва, а ці адмовіцца ён ад намаганняў спыніць вайну ва Украіне, як заявіў дзяржсакратар ЗША, не ведае нават сам Трамп. Такія думкі выказаў «Белсату» палітолаг, дырэктар Украінскага інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда.

Дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў заявіў, што прэзідэнт ЗША Доналд Трамп можа адмовіцца ад намаганняў спыніць вайну ва Украіне, калі не пабачыць прагрэсу. Яўген Магда лічыць, што Трамп сам не ведае, ці сапраўды гэтак будзе.

,,

«Мне часта здаецца, што ён увечары не ведае, што скажа раніцай. Гэта трагедыя, калі чалавек, які працуе на пасадзе прэзідэнта Злучаных Штатаў, кіруецца не звесткамі выведкі – напрыклад, як гэта было ў сітуацыі вакол Курскай вобласці, калі яму казалі, што няма ніякай аблогі [украінскіх войскаў расейскімі. – Заув. рэд.], а ён распавядаў, што выратаваў украінскіх вайскоўцаў ад знішчэння расейцамі.


Трамп кіруецца сваёй бізнес-логікай. На жаль, расейцы яму часткова прамываюць мазгі і ўплываюць на ягоны парадак дня. Гэта рэч усё больш відавочная, думаю, усім», – кажа Магда.


Разам з тым ён дасюль не бачыць плану Доналда Трампа для спынення вайны, хоць той абяцаў, што пасля свайго абрання за 24 гадзіны пасадзіць Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага за стол перамоваў.

Наступствы ўдару балістычных ракет па Сумах 13 красавіка. Крыніца: Zelenskiy / Official

Келаг і Руб’ёў заклікаюць Трампа быць больш жорсткім да Пуціна. Але ён слухае не іх

Вайна

«Гэты тэрмін ужо даўно мінуў і на пасадзе ўжо прэзідэнта ў Трампа няма такога плану. Ёсць абсалютна простае тлумачэнне. Трамп робіць стаўку на сваё атачэнне, людзей, якім ён давярае. Ён не выкарыстоўвае пытанне інстытуцыйнай памяці, каб ажыццяўляць вонкавую палітыку. У гэтай сітуацыя я не ведаю, як ён можа разлічваць на поспех нейкім кавалерыйскім наскокам. Гэта, шчыра кажучы, наіўна», – працягвае Яўген Магда.


Трамп лічыць, што тое, што ён кажа, адразу мусіць ператварыцца ў жыццё, адзначае эксперт.


«Гэта ягоная псіхалагічная асаблівасць. Гэта не азначае, што ўвесь свет так працуе. І яшчэ праблема ў тым, што на адрозненне ад папярэдняй прэзідэнцкай кадэнцыі, у Трампа няма так званых старэйшых. Як былі, напрыклад, Майк Пампэа, ці Джон Болтан, ці нават Майкл Пэнс. Паглядзіце, як праходзяць нарады Трампа з чальцамі ягонай каманды. Яны ўсе зазіраюць яму ў рот, глядзяць, як яно будзе. Ён для іх нібы кумір, якім трэба захапляцца. У мяне такое адчуванне, што, ад таго, наколькі яны ім захапляюцца, залежыць іхная палітычная кар’ера», – працягвае Магда.


Маркаў Руб’ёў зрабіў заяву неўзабаве пасля таго, як у Парыжы вакол пытання вайны сабраліся еўрапейскія, амерыканскія і ўкраінскія палітыкі. Міністр замежных справаў Францыі адзначыў, што гэта дыпламатычны поспех. Бо былі асцярогі, што еўрапейцы ўвогуле не трапяць за стол перамоваў.


Яўген Магда адзначае, што такая сустрэча – гэта добра, але пахваліцца пасля яе няма чым.


«Супольнага камюніке паводле вынікаў сустрэчы няма. То бок яны не дамовіліся пра штосьці, пра што можна было б сказаць дакладна. Гэта першы крок. То бок можна з імавернасцю 99 % гаварыць, што 100 дзён Трампа будуць без прыпынення расейска-ўкраінскай вайны», – рабіць выснову Магда.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10