Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што Украіне, магчыма, давядзецца адмовіцца ад сваіх тэрыторый у рамках мірнага пагаднення з Расеяй на фоне ўзрастаючага ціску з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
«Адзін са сцэнароў – гэта… адмовіцца ад тэрыторыі. Гэта несправядліва. Але дзеля міру, часовага міру, магчыма, гэта можа стаць развязаннем, часовым», – сказаў Віталь Клічко ў інтэрв'ю «Today» на «BBC Radio 4» са свайго офісу ў цэнтры Кіева.
Віталь Клічко – першы высокапастаўлены ўкраінскі палітык, які публічна заявіў, што яго краіне, магчыма, прыйдзецца часова адмовіцца ад тэрыторыяў.
Пры гэтым 53-гадовы былы чэмпіён па боксе лічыць, што ўкраінскі народ «ніколі не змірыцца з акупацыяй» з боку Расеі. Цяпер пад кантролем расейскіх войскаў знаходзіцца каля 20% тэрыторыі Украіны.
Ён сказаў гэта праз некалькі гадзін пасля маштабнага расейскага ракетнага нападу на Кіеў, у выніку якога загінулі 12 чалавек і больш за 80 атрымалі раненні.
Клічко заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі можа быць вымушаны прыняць «балючае рашэнне» для дасягнення міру. На пытанне, ці абмяркоўваў Зяленскі з ім якія-небудзь дэталі магчымага ўрэгулявання, Клічко адказаў «Не».
«Прэзідэнт Зяленскі робіць [гэта] сам. Гэта не мая функцыя», – дадаў ён.
Нагадаем, Клічко і Зяленскі – даўняя палітычныя апаненты. Вайна паміж імі аднавілася ў 2021 годзе, калі сілавікі правялі серыю ператрусаў у блізкіх паплечнікаў кіеўскага мэра. Той назваў гэтае «непаразуменне» элементам псіхалагічнага ціску на яго. Зяленскі ў адказ абвінавочвае кіеўскія ўлады у карупцыі.
Тэса Анэйда belsat.eu