навіны

Далёка не ўсе грамадзяне Беларусі, якія ваююць за Расею, – гэта беларусы

Расейскія вайскоўцы
Расейскія вайскоўцы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Mil.ru
podpis źródła zdjęcia

Украінскі праект «Хачу жыць» апублікаваў імёны 742 грамадзянаў Беларусі, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. «Кіберпартызаны» выбарачна праверылі спіс паводле здабытых базаў беларускіх уладаў.

Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын падчас сустрэчы 19 чэрвеня 2024 года. Тады была падпісаная стратэгічная дамова аб партнёрстве паміж Расеяй і КНДР. Фота: kremlin.ru
Паўночная Карэя прызнала ўдзел сваіх войскаў у вайне ва Украіне навіны

Як адзначае ўкраінскі праект «Хачу жыць», станам на пачатак 2025 года ў складзе расейскай арміі налічваліся як мінімум 742 найміты з беларускім пашпартам. Як мінімум 96 з іх загінулі, а прынамсі аднаго расстралялі расейскія ж вайскоўцы, сцвярджаюць расследавальнікі. Беларускія хактывісты «Кіберпартызаны» пастанавілі спраўдзіць гэтыя звесткі ў базах уладаў Беларусі, доступ да якіх яны атрымалі раней.


Выбарачнае правяранне некалькіх дзясяткаў імёнаў з украінскага спісу паказала, што спіс, падобна, сапраўдны: ён як мінімум часткова пацвярджаецца дзяржаўнымі базамі Беларусі. Далёка не ўсе смерці зафіксаваныя ў беларускіх базах, але калі зафіксаваныя, то даты супадаюць з датамі, пазначанымі ва ўкраінскім спісе. Прычыны розныя: ад «ваенныя аперацыі, што выклікалі пашкоджанні выбухамі ці аскепкамі», ці «пашкоджанні ў выніку ваенных дзеянняў, нанесеныя агнястрэльнай зброяй і іншымі відамі звычайных узбраенняў», да «крывацёк, не класіфікаваны ў іншых рубрыках» ці «траўма неўдакладненага органу грудной поласці».


Бальшыня правераных – дакладна грамадзяне Беларусі. Далёка не ўсе людзі са спісу мелі беларускія пашпарты на 2021 год (калі «Кіберпартызаны» здабылі пашпартную базу), але маглі атрымаць пашпарты пазней.


Шмат хто са спісу набылі грамадзянства Беларусі не паводле нараджэння, а пачаткова былі грамадзянамі Расеі ці Украіны, адзначаюць «Кіберпартызаны». Частка людзей са спісу даўно не жыла ў Беларусі: многія працавалі ці адбывалі пакаранне ў Расеі. Сярод людзей у спісе шмат людзей з судзімасцямі і шмат былых работнікаў Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бяспекі.


Грамадзяне Беларусі ваююць ва Украіне па абодва бакі. За Украіну – у палку імя Кастуся Каліноўскага і ў складзе іншых фармаванняў Збройных сілаў Украіны. Дакладная колькасць беларускіх добраахвотнікаў на баку Украіны невядомая, але за Украіну загінулі каля 70 беларусаў з пачатку расейскага нападу ў 2014 годзе.


«Кіберпартызаны» ў 2021 годзе здабылі пашпартныя звесткі грамадзянаў Беларусі («Белсат» правяраў на сваім супрацоўніку – звесткі сапраўдныя), а таксама базы Дзяржаўнай аўтаінспекцыі, мноства запісаных перамоваў сілавікоў, спіс палітычных даносаў, нават базу работнікаў Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10