Аналітыка

Новыя раўнды перамоваў і візіт спецпасланніка: што адбываецца вакол вайны ва Украіне

Людзі ўдзельнічаюць у мітынгу за справядлівасць для Украіны перад консульствам ЗША. Таронта, Канада. 3 сакавіка 2025 года. Фота: Deposit / East News
Людзі ўдзельнічаюць у мітынгу за справядлівасць для Украіны перад консульствам ЗША. Таронта, Канада. 3 сакавіка 2025 года. Фота: Deposit / East News
podpis źródła zdjęcia

11 красавіка ў Санкт-Пецярбургу прызямліўся самалёт спецпасланніка Доналда Трампа Стыва Ўіткафа. Што азначае візіт амерыканскага прадстаўніка, ці ёсць прагрэс у перамовах па вайне ва Украіне і якія перспектывы яе заканчэння. Сабралі самае галоўнае.   

Візіт Ўіткафа выглядае даволі нечаканым, у некаторых СМІ яго называюць «экстраным». Але дзеля чаго спатрэбілася такая экстранасць, застаюцца толькі здагадкі.

Паводле выдання Axios, Доналд Трамп моцна раззлаваны сітуацыяй, што Расея цягне з замірэннем на ўкраінскім фронце, і менавіта таму адправіў свайго прадстаўніка, каб атрымаць дакладны адказ: гатовыя расейцы спыняць агонь ці не. Згодна з інфармацыяй выдання, калі да канца красавіка не атрымаецца дасягнуць пагаднення аб спыненні агня, то ЗША могуць увесці дадатковыя санкцыі супраць Расеі.

Да таго як сустрэцца з Пуціным, Ўіткаф правёў сустрэчу за зачыненымі дзвярыма са спецпрадстаўніком РФ па інвестыцыйна-эканамічнай супрацы Кірылам Дзмітрыевым. Пра што вялася размова падчас сустрэчы – не паведамляецца.

Пазней, калі Ўіткаф ужо сустракаўся з Пуціным, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заўважыў, што пасля гэтай сустрэчы «тэарэтычна магчымая» тэлефонная размова расейскага прэзідэнта з Доналдам Трампам.

Адметна, што гэта ўжо трэці прылёт Ўіткафа ў Пецярбург. Першы візіт прайшоў 12 лютага (тады адбыўся абмен расейца Аляксандра Вінніка на амерыканца Марка Фогеля), праз месяц Ўіткаф прылятаў зноў і сустрэўся з прэзідэнтам РФ. 

Сустрэча Стыва Ўіткафа і Уладзіміра Пуціна. Фота: kremlin.ru
Сустрэча Стыва Ўіткафа і Уладзіміра Пуціна. Фота: kremlin.ru

Перамовы паміж ЗША і Расеяй


Тым часам расейскі бок працягвае перамовы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў на ўзроўні дыпламатаў і выгандлёўвае для сябе ўсё новыя і новыя прэферэнцыі.

Так, 10 красавіка ў Стамбуле адбылася сустрэча, падчас якой ішла размова пра палягчэнне ўмоваў перамяшчэння і візавага афармлення дыпламатаў, а таксама банкаўскае абслугоўванне дыпмісій. Абмяркоўвалася таксама вяртанне расейскай дыпламатычнай маёмасці ў ЗША і магчымасць аднаўлення прамой авіясувязі паміж Масквой і Вашынгтонам.

Як паведамляецца, па выніках сустрэчы бакі «абмяняліся нотамі з мэтай канчатковага ўзгаднення дамоўленасцяў па забеспячэнні стабільнасці дыпламатычных банкаўскіх паслуг для двухбаковых місій Расеі і ЗША».

Першы раўнд перамоваў па працы амбасадаў адбываўся таксама ў Стамбуле 27 лютага. Месяцам пазней, 25 сакавіка, у Саудаўскай Аравіі адбыліся перамовы, падчас якіх абмяркоўвалася спыненне агню ў Чорным моры, але Расейская Федэрацыя выставіла шэраг новых патрабаванняў, уключна з адменай некаторых санкцыяў. Пры гэтым варта адзначыць, што Украіна са свайго боку выказала згоду на прапанову Доналда Трампа пра спыненне агню, пагадзіўшыся пазней таксама і на планы па замірэнні на моры.

Дэманстранты пратэстуюць падчас мітынгу ў падтрымку Украіны каля Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 8 сакавіка 2025 года. Фота: Jose Luis Magana / AP Photo / East News
Дэманстранты пратэстуюць падчас мітынгу ў падтрымку Украіны каля Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 8 сакавіка 2025 года. Фота: Jose Luis Magana / AP Photo / East News

Перамовы паміж ЗША і Украінай


Што да перамоваў паміж Украінай і Злучанымі Штатамі, то на дадзеным этапе абмяркоўваецца ў першую чаргу пагадненне паміж краінамі ў сферы карысных выкапняў. Дзеля гэтага 10 красавіка з Бруселя ў ЗША накіравалася ўкраінская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка міністра эканомікі і гандлёвага прадстаўніка Украіны Тараса Качка.

Паводле звестак ZN.UA, галоўныя прынцыпы перамоваў супадаюць з тым, што публічна агучваў Зяленскі: справядлівы ўдзел абодвух бакоў, прыцягненне амерыканскіх тэхналогій у галіне здабычы і забеспячэнне не толькі прыбытку для амерыканскіх кампаній, але і стварэнне працоўных месцаў для ўкраінцаў.

Пры гэтым Уладзімір Зяленскі заяўляе, што Кіеў зацікаўлены ў далейшай куплі амерыканскай зброі. Паводле яго словаў, гаворка ідзе не пра бясплатную дапамогу: Украіна гатовая аплаціць новы пакет паставак, у тым ліку сістэмы супрацьпаветранай абароны, якія асабліва патрэбныя на фоне расейскіх паветраных нападаў.

Зяленскі звязаў фінансаванне закупак зброі з будучым пагадненнем паміж Украінай і ЗША па рэдказемельных рэсурсах. Паводле яго, гэтае пагадненне магло б стаць асновай бяспекі: Кіеў атрымлівае патрэбную зброю, аплочвае яе, а ўзамен ЗША атрымліваюць доступ да рэсурсаў.

Варта нагадаць, што абмеркаванне гэтай дамовы працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Доналд Трамп настойвае, што Украіна павінна заплаціць за ўсю атрыманую з пачатку вайны дапамогу, у той час як Зяленскі падкрэслівае, што ранейшая дапамога была безвыплатнай, і прапануе засяродзіцца на будучым супрацоўніцтве. Таксама Украіна патрабуе, каб у дамову былі ўключаныя гарантыі бяспекі, аднак Трамп гэта адмаўляе.

Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс, міністр абароны Украіны Рустэм Умераў і міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі на прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння кантактнай групы па абароне Украіны ў штаб-кватэры NATO у Бруселі, Бельгія. 11 красавіка 2025 года. Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP Photo / East News
Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс, міністр абароны Украіны Рустэм Умераў і міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі на прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння кантактнай групы па абароне Украіны ў штаб-кватэры NATO у Бруселі, Бельгія. 11 красавіка 2025 года. Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP Photo / East News

Рамштайн


Пакуль ідуць перамовы паміж усімі бакамі, хаўруснікі Украіны спрабуюць умацаваць яе баяздольнасць перад расейскім націскам. 11 красавіка ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі адбылася сустрэча Кантактнай групы па абароне Украіны ў фармаце «Рамштайн».

Яшчэ перад пачаткам пасяджэння міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі заявіў, што гэты год вайны будзе крытычным для Украіны. 

,,

«2025 год – крытычны год для вайны ва Украіне, і гэта крытычны момант. Мы стаім з вамі ў барацьбе і мы стаім з вамі ў міры», – адзначыў Гілі, звяртаючыся да прадстаўнікоў Украіны. 


Ён таксама заклікаў прысутных пераасэнсаваць тое, чым яны могуць дапамагчы Украіне: «Наша задача як міністраў абароны – даставіць тэрміновую ваенную дапамогу ў рукі ўкраінскіх байцоў».

Вынікам пасяджэння стала пацвярджэнне ваеннай дапамогі для Украіны ў памеры 21 мільярд еўра (або 23,8 мільярда долараў).

Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус адзначыў, што гэтая падтрымка паўплывае на сітуацыю на полі бою і што яна будзе працягвацца, пакуль Кіеў змагаецца. Ён прызнаў, што мір ва Украіне ў найбліжэйшы час выглядае недасягальным, але падкрэсліў, што агульная ваенная дапамога павінна пераканаць Расею ў здольнасці Украіны працягваць супраціў.

Адным з вынікаў пасяджэння Кантактнай групы стала таксама ўтварэнне «кааліцыі магчымасцяў», ініцыятарам якой стала Нямеччына, да якой далучыліся яшчэ 10 краін. Яе задача – узмацніць магчымасці Украіны ў галіне сувязі і радыёэлектроннай барацьбы. 

Падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў. Фота: Оперативне командування "Північ" Сухопутних військ Збройних Сил України
Падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў. Фота: Оперативне командування "Північ" Сухопутних військ Збройних Сил України

Перамогі да Дня Перамогі


У той жа час на фронце Расея па-ранейшаму працягвае ўзмоцнены ціск, не зважаючы ні на якія перамовы аб спыненні агню. Выглядае, што да заключэння нейкіх пагадненняў яе мэтай з’яўляецца нанесці як мага мацнейшы ўрон украінскім пазіцыям, каб забяспечыць сябе «козырамі» падчас перамоваў.

На жаданне Расеі дасягнуць пэўных вынікаў у хуткім часе звярнуў увагу міністр абароны Эстоніі Хано Пеўкур. Ён адзначыў, што Расея любіць сімвалічныя даты, таму можа да Дня Перамогі рыхтаваць комплекснае пагадненне са Злучанымі Штатамі. 

,,

«Я лічу, што і 9 траўня, якое для нас з'яўляецца днём Еўропы, для Расіі з'яўляецца днём заканчэння Другой сусветнай вайны, яны будуць імкнуцца, магчыма, да таго, каб атрымаць нейкую дамову, нейкае замірэнне ці нешта падобнае... Ці адбудзецца гэта, я не ведаю, гэта залежыць ад украінцаў і, вядома, ад Злучаных Штатаў, якія ў зараз знаходзяцца за сталом перамоваў», – сказаў кіраўнік Мінабароны Эстоніі.


Пеўкур падкрэсліў, што з-за пагрозы заключэння такой угоды Захаду неабходна паскорыць пастаўкі дапамогі Украіне – «настолькі хутка, наколькі гэта магчыма».

Разам з тым, вельмі падобна, што Расеі патрэбныя не толькі дыпламатычныя перамогі. Яна мэтанакіравана, хоць і не вельмі хутка, працягвае прасоўвацца на полі бою. І як мяркуе CNN, у Пуціна ёсць планы ўвайсці ў Днепрапятроўскую вобласць, каб атрымаць яшчэ адзін «козыр» падчас перамоваў. Калі гэта яму ўдасца, Днепрапятроўшчына стане новым украінскім рэгіёнам, які зазнае расейскую акупацыю пасля пачатку вайны. А ці сапраўды ў кіраўніка Крамля ёсць такія намеры, мы зможам пабачыць ужо даволі хутка – 9 траўня не за гарамі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10