Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед ужо больш як паўтара года прапануе Аляксандру Лукашэнку стварыць вайсковую пракуратуру. Пакуль безвынікова. Падобна, сэнсу яе стварэння не разумее нават сам палітык, але генпракурора гэта не спыняе.
Вялікі брат павінен сачыць за табою
Ці не ўпершыню пытанне стварэння адмысловай вайсковай пракуратуры было ўзнятае на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Андрэя Шведа 17 ліпеня 2023 года. Тады палітык і распачаў размову «пра кантроль, пракурорскі нагляд за сітуацыяй ва Узброеных сілах».
«Прапановаў маса паступае, у тым ліку і наконт стварэння нейкай сістэмы вайсковых пракурораў. Я кажу «нейкай сістэмы», бо гаворка не ідзе пра вяртанне да той савецкай практыкі. Але нейкія элементы павінны быць», – сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён пагадзіўся з тым, што «трэба ўзмацняць, напэўна, кантроль за выкананнем заканадаўства сярод вайскоўцаў», бо «пракуратура некалькі адхілілася ад сілавога блоку ў свой час». Палітык падкрэсліў, што вядзецца не толькі пра армію, але і пра іншыя сілавыя структуры, уключаючы МНС, МУС, КДБ.
,,«Усюды вока пракурора мусіць быць», – сказаў Лукашэнка.
Паводле словаў Шведа, вяртання да ранейшай практыкі Беларускай вайсковай пракуратуры, што спыніла сваё існаванне ў 2014 годзе, не будзе, бо «цяпер і час іншы, і выклікі».
«Гаворка ідзе не пра аднаўленне ў тым вобразе або абліччы, што было, а пра стварэнне Галоўнай вайсковай пракуратуры ва ўсечаным варыянце, колькасцю некалькі разоў менш за Беларускую вайсковую пракуратуру. Але стаіць пытанне, што ў выпадку, калі будзе прынятая такая пастанова, вайсковыя пракуроры будуць займацца выключна наглядам за выкананнем законнасці ў войсках у розныя перыяды часу», – сказаў Швед.
Як пасля растлумачыў у эфіры «Беларусь 1» генпракурор, ідэя стварэння вайсковай пракуратуры палягала на досведзе такіх дзяржаваў, як Расея і Кітай. Паводле яго, Галоўная вайсковая пракуратура будзе часткаю сістэмы Генеральнай пракуратуры, але яе працаўнікі атрымаюць статус вайскоўцаў.
«Толькі вайсковы пракурор, той, хто носіць вайсковую форму і ведае вайсковае жыццё, жыве праблемамі вайскоўцаў, здольны больш выразна, правільна і аб'ектыўна ацэньваць абставіны», – сказаў Швед.

Генпракурор абяцаў, што ягоная прапанова «не прыцягне неабходнасці павелічэння штату якога-небудзь дзяржаўнага органу і дадатковых выдаткаў». Паводле яго, удасца здаволіцца тым, што і так вылучаецца.
Швед адзначыў, што вайсковыя пракуроры будуць займацца фактамі крадзяжу вайсковай маёмасці, безгаспадарчасці, злоўжываннямі службовымі паўнамоцтвамі, а таксама пытаннямі прафілактыкі.
Лукашэнка не бачыць надзвычайшчыны
2 лістапада 2023 года Лукашэнка правёў адмысловую нараду ў пытанні стварэння вайсковых пракуратураў. Ён адзначыў, што ў 2014 годзе была прынятая пастанова аб ліквідацыі сістэмы вайсковых пракуратураў, у тым ліку ў мэтах скарачэння штатнай колькасці, у межах рэформы дзяржапарату і памяншэння бюджэтных выдаткаў.
Пры гэтым палітык адзначыў, што не ўпэўнены ў тым, што цяпер сітуацыя «настолькі змянілася, што нам трэба сёння ствараць вайсковыя пракуратуры, узнавіць іх».
Лукашэнка заявіў, што Швед прапануе стварыць галоўную вайсковую пракуратуру і міжгарнізонныя вайсковыя пракуратуры. Пры гэтым ён адзначыў, што, на думку іншых, такія структуры неабходныя толькі ва ўмовах ваеннага часу.
,,«Таксама пытанне: не дай бог пачалася вайна – мы хутка ствараем пракуратуры. Без гэтага даць рады не можам? Калі не можам, магчыма, і трэба. Калі здолеем, навошта? І наагул, гэтае галоўнае пытанне – адкуль яно зʼявілася, чаму сёння ўзнятае, пракурорамі перадусім?» – сказаў палітык.
І хоць Швед і настойваў на тым, што «ўва ўсім свеце вайсковыя пракуроры – абавязковы элемент сістэмы нацыянальнай бяспекі», што «іх функцыянал паўсюдна задзейнічаецца ўва ўсіх ваенных канфліктах», Лукашэнка пастанавіў інакш. Паводле яго, прымаць рашэнне аб стварэнні сістэмы вайсковых пракуратураў пакуль рана, «у гэтым няма ніякай надзвычайшчыны». Замест гэтага ён прапанаваў удасканальваць пракурорскі нагляд і павышаць яго эфектыўнасць, у тым ліку ў вайсковых падраздзяленнях, а таксама падрыхтаваць неабходныя кадры для магчымай будучай вайсковай пракуратуры, зразумець фармат працы, наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне, каб у выпадку неабходнасці аператыўна зрэагаваць.
«Павінна быць створаная свайго кшталту прамежкавая сістэма (структура), што можа падрыхтаваць неабходныя кадры, якія маюць досвед вайсковай службы, якія разумеюць спецыфіку нагляднай дзейнасці Узброеных сілаў і вайсковых фармаванняў. І, як сказаў кіраўнік дзяржавы, калі прыйдзе час, літаральна за адныя содні будзе прынятая пастанова (пры неабходнасці) стварэння вайсковай пракуратуры. У гэтым кірунку трэба рухацца», – сказаў па выніках нарады Швед.

Загадкавая заява ў лютым
Дзяржаўная «Мінская праўда» паведамляе, што з ініцыятываю стварэння Галоўнай вайсковай пракуратуры Швед выступаў і на сустрэчы з Лукашэнкам 4 лютага 2025 года. Праўда, у прэс-службе Лукашэнкі пра такую прапанову тады нічога не паведамілі, як няма пра гэта і на сайце дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі «БелТА». «Мінская праўда» у сваім матэрыяле спасылаецца на БелТА , але спасылка вядзе на пустую старонку «СБ. Беларусь Сегодня». А цытаты, ужытыя ў тэксце, проста скапіяваныя з заяваў Лукашэнкі ды Шведа за 2023 год.
(Не)беларуская вайсковая пракуратура
Сайт Генеральнай пракуратуры Беларусі пачынае гісторыю Беларускай вайсковай пракуратуры ад указу расейскага Пятра І за 1722 год, хоць на той момант тэрыторыя нашай краіны была ў складзе абсалютна іншай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. І такой заставалася да раздзелаў у 1772 і 1795 гадах.
Тэхнічна Беларуская вайсковая пракуратура ёсць пераемніцаю савецкай структуры, утворанай у 1926 годзе. У студзені 1992 года пастановаю Вярхоўнага Савету Беларусі вайсковая пракуратура Беларускай вайсковай акругі была перайменаваная ў Беларускую вайсковую пракуратуру і падпарадкаваная Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.
Але з 1 верасня 2014 года вайсковыя пракуратуры былі зліквідаваныя. Іх функцыі былі перададзеныя Генеральнай пракуратуры і тэрытарыяльным пракуратурам. Тлумачылася гэта ўдасканаленнем сістэмы органаў пракуратуры, аптымізацыяй іх дзейнасці і скарачэннем штатнай колькасці. Як заяўлялася, прыняцце ўказа дазволіць зменшыць асігнаванні, што выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне органаў пракуратуры, у 2014 годзе на каля $ 130 тыс. (паводле курсу на дзень падпісання ўказу), у наступныя гады – на $ 424 тыс. штогод.Выходзіць, што з таго часу скасаванне Беларускай вайсковай пракуратуры дазволіла зэканоміць беларускаму бюджэту каля $ 4,5 млн.

У чым сэнс пракуратуры без суда?
У арганізацыі «BELPOL» не бачаць у ідэі Шведа адрадзіць вайсковую пракуратуру істотных нязручнасцяў або «сюрпрызаў» для пераважнай большасці грамадзянаў, як і агулам сэнсу ў гэтым. На думку прадстаўнікоў арганізацыі, з боку генпракурора Шведа гэта проста «імітацыя бурлівай дзейнасці і рэалізацыя старых напрацовак з улікам новых уводных».
,,«На сітуацыю з аднаўленнем законнасці гэта сапраўды ніяк не паўплывае. Ніхто з так званага нагляднага ведамства не будзе ініцыяваць пытанні аб правядзенні адэкватных правяранняў паводле фактаў парушэнняў законных правоў і інтарэсаў людзей у 2020 годзе і пазней у сувязі з выбарамі. Палітвязням так і не зменяць рэжыму, і іхныя законныя правы і інтарэсы не будуць улічвацца», – заявілі ў «BELPOL» у каментары «Белсату».
На іхную думку, вяртанне вайсковых пракуратураў можа хіба фармальна паўплываць на ўнутраную кухню пракуратуры: «Зʼявіцца яшчэ адзін дзень утварэння "вельмі важнай і патрэбнай службы" для святкавання і справаздачаў, новыя пасады, штаткі і г.д. А дэ-факта нічога не зменіцца».
Юрыст, дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк у сваю чаргу адзначыў, што спецыялізацыя ў праваахоўнай сістэме – «карысная з’ява», бо людзі тады лепш ведаюць спецыфіку сваёй сферы. Ён мяркуе, што «ў дзяржаве здаровага чалавека яна выглядала б нядрэнна».
Аднак, падкрэсліў Кірылюк, у Беларусі ў 2014 годзе былі зліквідаваныя не толькі вайсковыя пракуратуры, але і вайсковыя суды.
«Незразумела, чым цяпер гэта запыт выкліканы. Няма вайсковых судоў, навошта табе вайсковая пракуратура? Пракурор не працуе ў вакууме, ягоная галоўная функцыя – гэта прадстаўнік дзяржавы ў крымінальных справах у якасці абвінавачання. Калі судовыя справы разглядаць будуць суды агульнай юрысдыкцыі, то якая розніца, які пракурор будзе фармаваць ім справу?» – адзначыў юрыст.
Паводле яго, імкненне Шведа вярнуць вайсковую пракуратуры можа быць звязанае з імкненнем стварыць асобную структуру для пэўных сваіх асобаў. Калі ж і гэта не ёсць мэтаю генпракурора, то можна меркаваць, што ён чакае актывізацыі вайсковых дзеянняў з удзелам Беларусі.
,,«Калі Беларусь – мірная краіна, калі не бярэ ўдзелу ні ў якіх вайсковых канфліктах, навошта нам пасля таго, як некалькі гадоў назад закрылі сістэму вайсковых судоў, адкрываць вайсковую пракуратуру? Швед чакае актывізацыі вайсковых злачынстваў? Швед чакае, што ў нас будзе больш актыўны ўдзел у канфлікце Расеі і Украіны, і ў сувязі з гэтым велізарная колькасць ухілянтаў ад арміі?» – задаўся пытаннямі Кірылюк.
Аднак, дадаў ён, калі гэта так, то сам Швед нічога на гэты конт наўпрост не скажа, бо ўсё гэта рыхтуецца ва ўмовах жорсткай сакрэтнасці.
Макар Мыш belsat.eu