Страты вайскоўцаў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) у баях з украінскімі войскамі ў Курскай вобласці Расеі склалі больш як палову ад паўночнакарэйскага кантынгенту ў РФ. Пра гэта 15 чэрвеня заявілі ў выведцы Вялікай Брытаніі.
,,«Значныя паказнікі стратаў КНДР амаль дакладна былі атрыманыя ў асноўным за кошт буйных пяхотных атакаў, якія моцна знясільвалі [войскі. – рэд. Belsat.eu]», – гаворыцца ў паведамленні.
Брытанская выведка адзначае, што дагэтуль удзел войскаў КНДР у баях з ЗСУ абмяжоўваўся Курскай вобласцю. Любое рашэнне аб разгортванні іх на тэрыторыі Украіны будзе патрабаваць дадатковага ўхвалення як Уладзіміра Пуціна, гэтак і Кім Чэн Ына.
Дамова аб стратэгічным партнёрстве паміж Расеяй і КНДР была падпісаная ў Пхеньяне 19 чэрвеня 2024 года. Адзін з галоўных яе пунктаў – узаемная дапамога дзяржаваў у выпадку агрэсіі супраць аднаго з бакоў.
Звесткі пра рыхтаванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне супраць Украіны з’явіліся ў кастрычніку 2024 года. Тады вялося пра тое, што КНДР накіравала блізу 11 тысячаў чалавек, з якіх 2,6 тысячы мусілі адправіцца ў Курскую вобласць.
У сярэдзіне снежня Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае камандаванне пачало выкарыстоўваць паўночнакарэйскіх жаўнераў у баявых дзеяннях падчас штурмаў. 26 снежня Украіна паведаміла пра захоп першага байца з Паўночнай Карэі.
У лютым 2025 года паўднёвакарэйская газета «Chosun» на дамоўленасць з украінскімі ўладамі паразмаўляла з двума палоннымі байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў Карэйскай народнай арміі, якія ваявалі на баку Расеі. Яны трапілі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў у студзені 2025 года. Абодва трапілі ў Курскую вобласць у сярэдзіне снежня ў складзе групы з прыкладна 2500 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Палонныя вайскоўцы распавядалі, нібы не ведалі, што едуць ваяваць, – ім казалі, што накіроўваюць на вучэнні.
У красавіку ўлады КНДР пацвердзілі ўдзел сваіх войскаў у баях на Куршчыне, адзначыўшы, што яны «ў поўнай меры прадэманстравалі высокі баявы дух і ваенную хватку, выявілі масавы гераізм, непараўнальную доблесць і самаадданасць».
Якуб Хруст belsat.eu