14 кастрычніка 2021 года. Я сяджу ў самалёце, што ўзлятае з Вроцлава. У мяне ёсць квіток у адзін канец і цьмянае ўяўленне пра тое, што будзе далей. Я нават не здагадваюся, што гэтае падарожжа зацягнецца на больш чым тры гады…
Мы пачынаем публікацыю блога салігорскага падарожніка, які здзейсніў кругасветку. Глядзіце таксама ягоныя сюжэты ў нашым шоу «Раніца з Белсатам».
Першым пунктам зрабілася Мексіка. Там, у горадзе Гуадаляхара, мяне ўжо чакалі сябры, беларусы, з якімі мы ўжо перасякаліся падчас маіх вандровак. Мой аднакласнік з Салігорску разам з жонкай, абое ў IT-сферы, жывуць тут ужо некалькі гадоў. Мы былі разам яшчэ ў лютым 2021-га, калі я прыехаў да іх на месяц падчас другой хвалі ковіду. Тады я сядзеў без працы ў Швейцарыі, і той час у Мексіцы зрабіўся для мяне сапраўдным глытком паветра.

І вось я зноў у Гуадаляхары – горадзе з каланіяльным характарам, шырокімі вуліцамі, колерамі, шумам і сонцам. Тут ёсць душа, тут жывуць мае людзі. Мы зноў вандруем разам, шпацыруем па цэнтры, купляем рознае на гіпі-рынку (я набыў сабе некалькі карысных дробязяў у дарогу) і проста радуемся, што мы разам.

Памятаю, мы пайшлі на футбольны матч – не столькі каб паглядзець на гульню, колькі адчуць атмасферу. Усё расслаблена, людзі вяселяцца і крычаць, проста на трыбунах прадаецца ледзьве не ўсё што хочаш. Арганізацыя – так сабе, але ў гэтым і ўся сутнасць, можна адчуць сапраўдную Лацінскую Амерыку. Ніхто не спяшаецца, ніхто не нервуецца. Гэты дзэн трэба спасцігнуць і прыняць – інакш нічога тут не выйдзе. Самы любімы выраз у лацінасаў – «no te preocupes», не перажывай, усё будзе добра. Праўда, невядома калі. Жывеш у Рыме – жыві, як рымлянін! Так пачалася мая кругасветка. Без планаў, без раскладу, але з адкрытым сэрцам і гатовасцю прыняць усё, што падорыць свет.

Мексіканская экзотыка: люча лібрэ, вулічныя артысты і чаканне Дня святой смерці
Гуадаляхара не дае падарожніку сумаваць. Калі ты думаеш, што ўжо ўсё пабачыў, раптам адкрываецца новы бок гэтага гораду. Так было і са мной. Праз некалькі дзён пасля футболу мы трапілі ў зусім іншы відовішчны свет – люча лібрэ.

Люча лібрэ – гэта мексіканскі рэслінг, толькі значна больш дзікі, тэатральны і... сапраўды вясёлы і жывы! Гэта не проста бойкі – гэта шоу, дзе ёсць героі і антыгероі, дзе гледачы крычаць, пляскаюць, смяюцца, вераць у тое, што адбываецца. Гэтыя маскі, скокі з турнікету, сімуляваныя накаўты – усё выглядае, як сапраўдны цырк для дарослых. Мне спадабалася значна больш, чым на амерыканскім рэслінгу. І так, гэта праходзіць толькі ў пэўных гарадах, у пэўны час – нам пашанцавала быць у патрэбны момант у патрэбным месцы.
Атмасфера была неймаверная. І хоць розум адмаўляўся верыць, што ўсё гэта па-сапраўднаму, сэрца радавалася, людзі вакол весяліліся, як дзеці. На выхадзе з арэны я заўважыў цікавы атракцыён: мужчына з нейкай прыладай «заладоўваў» людзей – ты трымаешся за ручкі, а цябе б’е слабым токам! Чыста мексіканская штука, з гумарам і крэйзі-энергіяй.

Ежа як культура і рэп на базары
Мексіканская кухня – гэта не проста смачныя стравы. Гэта культура, гісторыя, рытм жыцця. Нездарма яна залучаная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Нават калі ты ніколі не быў у Мексіцы, напэўна чуў пра така, начас ці бурыта. Але тое, што я спрабаваў тут, было на зусім іншым узроўні.
У кожным рэгіёне Мексікі – свая адметнасць. У Гуадаляхары гэта, несумненна, «tortas ahogadas» – даслоўна «тапельцы». Мясцовыя сандвічы, якія шчодра заліваюць вострым таматным соусам, пакуль яны не патонуць. Есці іх трэба лыжкай. Сапраўдны мексіканскі бургер, але з душой. Са смакам, які расказвае пра карані, пра кухню, дзе бабуля яшчэ паўстагоддзя таму варыла свой сакрэтны соус.

Я таксама зайшоў на базар, дзе гатуюць не для турыстаў, а для сваіх – усё простае, сапраўднае, смачнае. Тут няма інстаграмных фотазонаў і надпісаў «organic». Толькі водар, жывая атмасфера і... шмат халестэрыну. І раптам – гукі hip-hop. Сярод гандлёвых шэрагаў – хлопцы з калонкамі чытаюць рэп. Проста так, сярод рыбы, мяса, памідораў і авакада – жыццё, якое гучыць у рытме hip-hop. Гэта было дзіўна арганічна: кухня і культура, шум і рытм. Усё разам. Менавіта такія моманты і робяць падарожжа сапраўдным. Калі ежа – не проста паліва для цела, а сувязь з людзьмі. Калі базар – гэта сцэна, а рэп – голас гораду.

Дон Блядзімір і мыльныя выпрабаванні
Падчас майго першага візіту ў Мексіку я ўжо меў гонар пазнаёміцца з невялікай, але вельмі цёплай беларускай дыяспарай у суседнім штаце Гуанахуата. Тады гэта была першая сустрэча, цяпер – як да сваіх.
Гуанахуата – гэта як казка наяве. Неймаверны каларыт. Стары цэнтр – аб'ект сусветнай спадчыны UNESCO. Вузенькія вулачкі, шматколерныя дамкі, падземныя дарогі, саборы, што выглядаюць як дэкарацыі да кіно. Гэта, напэўна, самы прыгожы горад Мексікі. А яшчэ мы трапілі акурат пасярод аднаго з самых буйных фестываляў у Лацінскай Амерыцы – Міжнароднага фестывалю Сэрвантэса. Усё гудзіць, спявае, танчыць у кожным завулку.

Але самы цікавы герой гэтай часткі – наш чалавек у Мексіцы, Уладзімір Клімовіч з Ліды. Паэт, бард, журналіст, пісьменнік, прадпрымальнік. Ужо каля 20 гадоў ён жыве ў Гуанахуата. Выглядае, як сапраўдны мексіканскі дон: капялюш, упэўненая хада і спакойны позірк чалавека, які бачыў усё. Калі ён ішоў па вуліцы, здавалася, што яго тут ведаюць усе – ад афіцыянтаў да паліцыянтаў.
Уладзімір сустрэў нас з усмешкай і добрым жартам. Расказваў пра жыццё, літаратуру, мясцовую палітыку і... пра моўныя нюансы.
,,«У іспанскай мове няма літары «в». Я тут – Блядзімір. Калі мяне хто назаве Дон Блядзімір, вы, калі ласка, не смейцеся…»

Уладзімір – паспяховы бізнесовец. Ён займаецца арэндай нерухомасці і продажам патрыманых аўтамабіляў з ЗША. Такі сабе міжнародны аўтадылер з паэтычнаю душою. А ягоны сын – адзін з топавых TikTok-блогераў Мексікі, які вядзе свой канал у вобразе «дзікага расейца». Вось табе і беларуская сям’я ў лацінаамерыканскім кантэксце.
Тут я захацеў упершыню выпрабаваць свой набор для мыльных бурбалак, які прывёз з Польшчы. Гуанахуата – турыстычны горад. Здавалася б, ідэальнае месца для выступаў. Але рэальнасць хутка нагадала, што ты не ў Еўропе.
Я толькі-толькі расклаўся, пачаў запускаць бурбалкі, як з'явілася турыстычная паліцыя:
,,«Ты павінен мець дазвол!»
«А дзе яго атрымаць?»

Класіка жанру: «ідзі знайдзі тое, чаго не існуе». Гэта ўжо пасля я даведаюся, што гэта аснова жыцця ў Лацінскай Амерыцы. Але я не здаваўся. Проста змяніў месца, ізноў пачаў выступаць. І зноў праз пятнаццаць хвілінаў:
,,«Сеньёр, вам патрэбны дазвол!»
Я змяніў тры месцы. У апошнім нават затрымаўся амаль на паўгадзіны, пакуль не прыйшоў вялікі бос турыстычнай паліцыі і не сказаў:
,,«Калі яшчэ раз пабачу, ты будзеш затрыманы. Не раю са мной жартаваць!»
За гэтыя сорак хвілінаў мне ўдалося зарабіць каля дваццаці долараў, што ў параўнанні са Швейцарыяй зусім дробязь. Там можна было «падняць» за гадзіну і дзвесце долараў. Але пытанне не толькі ў грошах. Гэта была цэлая аперацыя: зрабіць рошчыну, насіць увесь рыштунак, шукаць прахадное месца, увесь час азірацца…
У той момант я зразумеў: бурбалкі ў Лацінскай Амерыцы – гэта не пра грошы. Мая першапачатковая ідэя была зусім іншая: рабіць бясплатныя выступы для дзетак з асаблівасцямі, сіротаў, у бедных кварталах, у прытулках і дзіцячых дамах. Не як заробак, а як дабрачынная місія. І менавіта ў гэтым сэнсе бурбалкі працягвалі мець сэнс: аддаваць, а не атрымліваць. Я думаў, што гэта будзе адной з мэтаў маіх лацінаамерыканскіх прыгодаў. На жаль, не выйшла – праз усё тую ж непрабівальную бюракратыю.

Беларускія дактары і дарожная грамата
Наступны горад – Леон, сталіца штату Гуанахуата. Тут нас чакала яшчэ адна беларуская сям’я: дактары, трымаюць прыватны медычны кабінет. Жывуць у Мексіцы ўжо дзесяць гадоў, атрымалі грамадзянства, дачка скончыла тут школу, універсітэт, працуе ў адной з найбуйнейшых карпарацыяў, сустракаецца з мясцовым хлопцам.
Ён акурат і дапамог мне перакласці маю «дарожную грамату» на лацінаамерыканскую іспанскую. Гэта такі падарожны лайфгак: афіцыйны дакумент з польскага фонду дапамогі дзіцячым дамам. Я – іхны валанцёр, падарожнічаю вакол свету з дабрачыннай місіяй, з мыльнымі бурбалкамі для дзяцей з дзіцячых дамоў. Бланк, подпіс, пячатка, пераклады – усё выглядае сур’ёзна і працуе на ўяўленне бюракратаў, калі трэба. Забягаючы наперад: дакумент сапраўды не раз мяне выручыў.

Цёплы прыём, смачныя стравы, дэгустацыя сапраўднай тэкілы і бясконцыя размовы. Нібыта прыехаў у госці да сваякоў, хоць і за дзесяць тысячаў кіламетраў ад дому. Мы смяяліся, абменьваліся гісторыямі, параўноўвалі Менск і Мехіка, абмяркоўвалі беларускую медыцыну і мексіканскую кухню. Ужо на самым пачатку падарожжа я пачаў разумець простую, але важную рэч: беларусы – галоўны скарб любой краіны. Дзе б ты ні быў, калі сустракаеш сваіх – ты ўдома.
Сцяг не той, але намеры добрыя
Мая дарога ляжала на поўдзень, у Гватэмалу, дзе мяне чакала прыватная школа іспанскай мовы – без мовы па Лацінскай Амерыцы асабліва не павандруеш. Але перад тым я заехаў у штат Ч'япас – самы паўднёвы і адзін з самых гарачых у Мексіцы. Тут табе і наркакартэлі, і левае партызанскае войска сапатыстаў, якія змагаюцца за сваю сацыяльную ўтопію недзе ў джунглях. Мне нават на нейкі момант прыйшла ідэя паехаць да іх у лес, вучыцца іспанскай у хмызняку. Але неяк не склалася, выбраў усё ж больш класічны варыянт, Гватэмалу.

У сталіцы штату Ч'япас, горадзе Тукстля-Гут'ерэс, мяне чакаў праз каўчсёрфінг вельмі цікавы і гасцінны хлопец. Для кожнага свайго госця ён малюе сцяг краіны, адкуль той прыехаў. Мяне сустрэў... чырвона-зялёны лукашэнкаўскі сцяг. Ён так стараўся. Я не адважыўся адразу ўсё патлумачыць. Пазней, ужо падчас невялічкай вечарынкі, я мякка, без націску растлумачыў, што да чаго. І мы выдатна паразумеліся.
Наступны пункт – Сан-Крыстобаль-дэ-ляс-Касас. Невялічкі горад у гарах з каланіяльнай архітэктурай, магніт для шматлікіх гіпі Лацінскай Амерыкі. Тут сустракаюцца «грынга» – амерыканскія і еўрапейскія падарожнікі, артысты, актывісты, шаманы, студэнты і такія ж валацугі, як я.
Горад вельмі атмасферны: вечаровыя вогнішчы, вулічныя музыкі, брукаваныя вуліцы і горы наўкол. Я залез на адзін з пагоркаў, палюбаваўся панарамай, паслухаў мар'ячы і зразумеў, што такіх месцаў на маім маршруце будзе яшчэ шмат. Але тады гэта ўсё было ўпершыню і таму асабліва кранальнае.

Графіці, партызаны і выезд з Мексікі
Штат Ч'япас мяне ўразіў фемінісцкімі графіці, лозунгамі супраць ураду, за легалізацыю абортаў, анархію і ўсім у такім духу. Спачатку здзіўляешся, потым прызвычайваешся і неўзабаве разумееш, што гэта насамрэч вельмі тыповая карціна для ўсёй Лацінскай Амерыкі. Такое я буду бачыць яшчэ сотні разоў паўсюдна да самай Усуаі ў Аргентыне.
На некалькіх маршрутках я паступова набліжаўся да мяжы з Гватэмалай. Чарговы і, напэўна, вырашальны этап падарожжа – новая краіна, моўная школа... Мяжа, як пазней высветліцца, няпростае месца: наркатрафік, нелегальная міграцыя, зброя, картэлі. Але я тады гэтага не ведаў і, дзякуй Богу, праехаў спакойна. Толькі сонца, пыл і чэргі. Так я трапіў у Гватэмалу. А што было далей – ужо ў наступных серыях.