навіны

З чаго жыве і колькі зарабляе менская міліцыя

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia

У распараджэнне ініцыятывы BELPOL трапілі дакументы, якія раскрываюць сапраўдны стан міліцыі ў Менску. Размова ў іх вядзецца пра бюджэт, пазабюджэтныя даходы і праблемы з кадрамі.

Беларускія сілавыя структуры максімальна закрытыя, але дакументы, якія трапілі ў распараджэнне BELPOL, даюць магчымасць ацаніць, у якім фінансавым стане зараз знаходзіцца менская міліцыя.


Як высветлілася, яе асноўная частка даходаў паступае не толькі з бюджэту, але і з пазабюджэтных крыніц – платных адміністрацыйных працэдур і паслуг, што аказваюцца насельніцтву. Што цікава: нягледзячы на наяўнасць пазабюджэтных крыніц фінансавання, у структуры наспелі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. І перш за ўсё яны звязаныя з кадравымі стратамі.


Так, з дакументаў вынікае, што за першыя шэсць месяцаў 2024 года супрацоўнікі і служачыя падраздзяленняў міліцыі Менску атрымалі 15,5 млн рублёў прэміяў і ўзнагарод і 7,1 млн рублёў матэрыяльнай дапамогі. Гэта дазволіла забяспечыць рост сярэдняга грашовага забеспячэння і зарплаты менскіх міліцыянтаў на 11%.


За першыя 6 месяцаў 2024 года даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 7,88 млн рублёў, што на 30% больш, чым летась. Чысты прыбытак склаў 4,96 млн рублёў.

 


Адкуль грошы?



Асноўнымі крыніцамі пазабюджэтных паступленняў сталі:


• Арэнда вучэбнага аўтамабіля для паўторнай здачы экзамену ў ДАІ – 812,8 тыс. руб. (+25%);


• Падбор рэгістрацыйных знакаў для юрыдычных асобаў і ІП – 116,3 тыс. руб. (+64%);


• Падбор рэгістрацыйных знакаў для фізічных асобаў – 448,0 тыс. руб. (+23%);


• Выраб індывідуальных рэгістрацыйных знакаў для юрыдычных асоб і ІП – 162,8 тыс. руб. (+102%);


• Выраб нумароў з жаданымі лічбамі для фізічных асобаў – 328,7 тыс. руб. (+49%);


• Захаванне рэгістрацыйных знакаў – 257,0 тыс. руб. (+25%);


• Афармленне розных заяў і анкет – 175,9 тыс. руб. (+81%);


• СМС-інфармаванне пра гатовасць дакументаў – 41,6 тыс. руб. (+62%);


• Выезд супрацоўніка для збору біяметрычных дадзеных – 9,0 тыс. руб. (+44%);


• Ахова грамадскага парадку – 151,3 тыс. руб. (у 2023 годзе было толькі 39,1 тыс. руб.).


Гэтыя дадзеныя сведчаць аб тым, што істотная частка даходаў атрымліваецца за кошт платных паслуг, якія раней былі бясплатнымі або малазначнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: eponym.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: eponym.ru


Запазычанасці і кадравыя страты



Адной з сур’ёзных праблем сталі запазычанасці супрацоўнікаў, якія пакінулі службу, але не вярнулі так званыя «кантрактныя» выплаты. На пачатак 2024 года сума запазычанасцяў па гэтай пазіцыі склала 344,4 тыс. рублёў.


Найбольшая колькасць супрацоўнікаў, якія сышлі, не вярнуўшы грошы, назіраецца ў наступных падраздзяленнях:


• Цэнтральнае РУУС – 9 чалавек, сума 23 921,29 руб.;


• Заводскае РУУС – 8 чалавек, 40 400,53 руб.;


• Фрунзенскае РУУС – 7 чалавек, 23 567,02 руб.;


• Партызанскае РУУС – 6 чалавек, 26 149,58 руб.;


Цікава, што ў дакументах указаныя нават прычыны таго, чаму міліцыянты, які сышлі з міліцыі, не вяртаюць «кантрактныя грошы» дзяржаве. Першая – знаходзяцца за кратамі. Другая – пакінулі краіну.


Але ж, нават нягледзячы на праблемы, улады працягваюць узбройваць сілавыя структуры.


Так, стала вядома, што з Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС менскім міліцыянтам было пастаўлена тры 30-мм аўтаматычныя гранатамёты АГС-17 «Пламя», тры 73-мм супрацьтанкавыя гранатамёты СПГ-9, а таксама дзесяць 9-мм пісталетаў-кулямётаў Калашнікава ППК-20.


Гэта сведчыць аб тым, што рэжым працягвае рыхтаваць сілавыя структуры не толькі да падаўлення любых пратэстаў, але і да патэнцыйных ваенных сцэнарыяў унутры краіны.



Якія высновы можна зрабіць з гэтага ўсяго?



Па-першае: менская міліцыя ўсё больш арыентуецца на пазабюджэтныя даходы, пераўтвараючыся ў камерцыйную структуру, дзе за амаль усе паслугі насельніцтва павінна плаціць.


Па-другое: заробкі міліцыянтаў растуць, але ж растуць таксама іх кадравыя страты і фінансавыя праблемы.


Па-трэцяе: беларускія ўлады працягваюць узбройваць сілавікоў, што сведчыць аб далейшай мілітарызацыі сістэмы.


У хуткім часе BELPOL абяцае распавесці, як сітуацыя з фінансавым забеспячэнне міліцыі выглядае ў іншых рэгіёнах Беларусі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10