Сусветныя цэны на нафту працягваюць расці на фоне таго, што Ізраіль і Іран у сваім канфлікце нацэліліся на нафтавую інфраструктуру адзін аднаго. Пра гэта паведамляе выданне «Oil Price».
Ф'ючарсы на нафту маркі «Brent» выраслі больш як на 4 % увечары 15 чэрвеня, гандлюючыся звыш $ 77 за барэль, паколькі напружанасць паміж Іранам і Ізраілем перарасла ў адкрыты ваенны канфлікт, скіраваны на крытычна важную энергетычную інфраструктуру. Скачок адбыўся ўслед за ростам на 8 % 13 чэрвеня, што сталася адным з самых рэзкіх двухдзённых павышэнняў коштаў нафты за апошнія гады.
На выходных Ізраіль уразіў ключавыя энергетычныя абʼекты ў Тэгеране і яго ваколіцах. Пацярпелі сярод іншага паліўны склад Шахран на поўначы іранскай сталіцы, яшто пастаўляе каля 8 мільёнаў літраў бензіну штодня, і нафтаперапрацоўчы завод Шахр-Рэй – адзін з найбуйнейшых у краіне. Міністэрства нафты Ірану паведаміла, што было знішчана не менш як 11 рэзервуараў для захоўвання.
Апроч таго, Ізраіль таксама нанёс удар па ўчастку газавага радовішча Паўднёвы Парс у Іране – найбуйнейшага ў свеце, што выкарыстоўваецца супольна з Катарам. Атака часова спыніла здабычу на 14-й фазе радовішча, скараціўшы здабычу газу прыкладна на 12 мільёнаў кубаметраў.
У сваю чаргу Іран запусціў беспілотнікі і ракеты па некалькіх ізраільскіх цэлях, у тым лікук па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Хайфе.
«Oil Price» адзначае, што эскалацыя «можа яшчэ больш падарваць і без таго абмежаваны санкцыямі нафтагазавы сектар Ірану». Таксама растуць асцярогі наконт больш шырокага рэгіянальнага канфлікту, што можа мець наступствы як для сусветных паставак нафты, так і для стабільнасці коштаў, піша выданне.
У прыватнасці, канфлікт узмацніў занепакоенасць датычна бяспекі Армузскага праліву, найважнейшага маршруту транзіту нафты. Аднак аналітыкі мяркуюць, што асцярогі поўнай блакады могуць быць перабольшаныя, улічваючы залежнасць многіх краінаў, у прыватнасці Кітаю, ад воднага шляху.
Ізраіль атакаваў вайсковыя і ядравыя аб’екты ў Іране ўночы на 13 чэрвеня. Гэта тлумачыцца тым, што Тэгеран быў у кроку ад стварэння ядравай бомбы. У Іране заяўляюць, што іх удары па Ізраілі ёсць захадай самаабароны, і адзначаюць, што гатовыя спыніць іх, калі Ізраіль таксама спыніць агонь. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў заяву, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. Пры гэтым амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дагэтуль такога ўмяшання не было.
Якуб Хруст belsat.eu