У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца запрашэнні беларусаў замежжа на круглы стол «Сход неабыякавых», што пройдзе 21 чэрвеня ў Варшаве. Пры гэтым ужо шэраг структураў заявіў, што браць удзелу ў ім не збіраецца. Паглядзелі, што гэта за сход і хто на ім будзе.
Паводле адпаведнага тэлеграм-каналу, на які падпісаныя 37 асобаў, круглы стол «Сход неабыякавых» пройдзе Варшаве 21 чэрвеня.
,,«Будзем абменьвацца досведам і шукаць супольныя шляхі развязанняў у кантэксце сусветнага і беларускага палітычнага крызісу, умацоўваць давер і абмяркоўваць пытанні супрацы ва ўмовах фрагментацыі і крызісу лідарства», – заяўляюць арганізатары.
Праграма сходу змяшчае чатыры секцыі: пра палітвязняў, вайну Расеі з Украінай, «крызіс даверу і лідарства», стратэгію кансалідацыі. Як заяўляецца, ладзяць сход «партыі, грамадскія аб'яднанні і актывісты, якія працуюць на месцах». Аплата праезду, харчавання і пражывання не прадугледжаная.
У сваіх сацсетках сход рэкламуюць «Народная Грамада» палітвязня Міколы Статкевіча, якую цяпер узначальвае Яўген Вільскі, і фракцыя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) на чале з Георгіем Дзмітруком. Летась гэтыя структуры разам балатаваліся на выбарах у Каардынацыйную раду, але не атрымалі ніводнага мандату. Пры гэтым прынамсі трое іх чальцоў (Павел Бялюцін, Яўген Дудкін і Вольга Цішкевіч) аказаліся звязанымі са спецслужбамі.
,,«Гэта не нейкая падзея, якую нехта арганізуе, гэта робіцца за свае грошы групай ініцыятараў, якія бачаць вызначаныя праблемы, якія хочуць пагаварыць на беларускую тэматыку пра праблемы, што існуюць. Таму запрошаныя ўсе беларусы. Запрашаем усіх, у тым ліку і прадстаўнікоў Офісу Святланы Ціханоўскай. Было б добра, каб і Антон Раднянкоў да нас прыйшоў бы ці іншыя палітычныя ці каляпалітычныя фігуры», – расказаў радыё «Рацыя» Дзмітрук, прэзентаваны як адзін з арганізатараў круглага стала.
Таксама «Сход неабыякавых», сярод іншага, рэкламуе лідар «Маладога фронту» і беларускі добраахвотнік ва Украіне Дзяніс Урбановіч. «Наша Ніва» згадвае сярод тых, хто яго падтрымлівае, таксама былых палітвязняў Сяргея Пятрухіна і Сяргея Коршуна, блогера Віталя Віруса Кандраценку і актывіста дыяспары Міхаіла Кучарава, некалі блізкага да Вольгі Карач і сям’і Цапкалаў.
Выданне мяркуе, што «хутчэй за ўсё сярод іншага там будзе абмяркоўвацца пытанне даверу да Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі – тэма, што не дае спакою апанентам Офісу і НАУ. А ўсе асобы, якія ўжо прапіярылі падзею, славяцца крытыкаю на адрас гэтых дэмакратычных сілаў».
Зарэгістраваны ва Украіне фонд «Вольная Беларусь» Аляксея Францкевіча таксама далучыўся да падтрымання сходу, заявіўшы, што той факт, што «падзея яшчэ не прайшла, а ўжо хтосьці напружыўся», – гэта «найлепшае пацверджанне яго значнасці».
,,«Чым больш будзе такіх ініцыятываў, тым больш шанцаў, што беларусы нарэшце пачнуць размаўляць адзін з адным. А калі пачнуць размаўляць – пачнуць і дамаўляцца. А дамовіўшыся – пачнуць дзейнічаць», – заяўляюць у фондзе.
Паводле яго, «гэтага якраз і баяцца ўсе: і рэжым Лукашэнкі, і тыя, хто пабудаваў інфармацыйныя і арганізацыйныя манаполіі, прадаючы фондам і партнёрам вобраз "адзіных прадстаўнікоў беларускага народу"». Гэтую заяву публікуе ў сябе тэлеграм-канал «The Бульба».
Хто супраць сходу?
Пра свой няўдзел у сходзе заявіла іншая фракцыя БХД – тая, што здолела абрацца ў Каардынацыйную раду. У заяве арганізацыі адзначылі, што яна «не была запрошаная да рыхтавання гэтай сустрэчы, не брала ўдзелу ў фармаванні яе парадку дня і не падзяляе шэраг канцэптуальных падыходаў, што стаяць у аснове заяўленай праграмы падзеі».
У БХД назвалі недапушчальнай «падмену прадстаўніцтва ўсяго беларускага грамадства шэрагам дыяспаральных ініцыятываў або асобнымі групамі без шырокага падтрымання знутры Беларусі».
Таксама «Парламенцкі канал» Анатоля Лябедзькі паведаміў, што «БНФ, АГП, Рух «За свабоду», БСДП (Г), «Зялёныя», аргкамітэты ў стварэнні партыяў «Наша партыя», БХД, «Разам» не дэлегуюць сваіх прадстаўнікоў на падзею, што ладзіцца ў Варшаве». Паводле яго, «некаторыя палітычныя шарлатаны і маніпулятары ўцягваюць у падзею актывістаў партыйнай структуры і пасля прэзентуюць гэта як удзел партыі».
Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне на гэты момант ніяк падзею не каментавалі.
Нагадаем, што ў 2021 годзе ў Берліне ўжо быў арганізаваны Форум дэмакратычных сілаў Беларусі, які меўся стварыць Нацыянальны савет Рэспублікі і прэзентаваць «стратэгію выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі». Ён пазіцыянаваў сябе як «самая галоўная дэмакратычная пляцоўка Беларусі». У склад абранага форумам Савету ўвайшлі і некаторыя з тых, хто падтрымлівае «Сход неабыякавых», у тым ліку Вільскі, Кучараў, Францкевіч і іншыя.
Як адзначаў у каментары «Белсату» палітолаг Андрэй Казакевіч, агулам спробы стварыць «нешта асобнае ад ОСЦ-АПК-КР прыводзілі хутчэй да ізаляцыі, знікнення цікавасці і скарачэння рэсурсаў альтэрнатыўных платформаў. Таму той, хто мае палітычныя амбіцыі, хутчэй інтэгруецца ў створаныя пасля 2020 года інстытуты дэмакратычнага руху». Паводле яго, у Беларусі «цікавая траекторыя, якая вельмі нетыповая для многіх падобных сітуацыяў», бо «ў шмат якіх іншых народаў у падобнай сітуацыі было больш фрагментацыі і расколаў».
Якуб Хруст belsat.eu