навіны

Генпракуратура скіравала ў суд справу першага намесніка начальніка БЧ Дулуба. У яго знайшлі $ 3 млн

Былы першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб. Фота: rw.by
Былы першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб. Фота: rw.by
podpis źródła zdjęcia

Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Пятра Дулуба, якога вінавацяць у карупцыі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Згодна з матэрыяламі следства, Пётр Дулуб, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы з прыцягненнем прыватнай лагістычнай кампаніі, арганізаваў за хабар транзіт вугалю з Казахстану ў Польшчу праз тэрыторыю Беларусі насуперак інтарэсам дзяржаўнай арганізацыі чыгуначнага транспарту. Ён жа шматкроць атрымліваў хабар за дапамогу ў наданні камерцыйным структурам у карыстанне вагонаў БЧ.

Раней абраную ў дачыненні да Дулуба меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінулі без змены, «канфіскаваныя падчас расследавання крымінальнай справы больш за тры мільёны долараў ЗША звернутыя ў даход дзяржавы».

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла пра новыя затрыманні працаўнікоў Беларускай чыгункі за хабар. Колішні ж начальнік БЧ, пры якім гэта ўсё адбывалася, працягвае заставацца на волі.

Чарада рэйдаў на БЧ пачалася 20 траўня 2024 года – з першага намесніка начальніка Дулуба, якога ўзялі на атрыманні хабару. 14 чэрвеня яго звольнілі. Сілавікі заявілі, што ён браў грошы ў камерцыйных структураў за лабіяванне іх інтарэсаў у грузатранспартаванні, у абыход тэндараў і конкурсаў. У схованках кватэры і загараднага дому ягонай цешчы знайшлі больш як 3 мільёны долараў.

11 і 12 кастрычніка ГУБАЗіК затрымаў яшчэ некалькіх працаўнікоў Упраўлення Беларускай чыгункі і Цэнтру кіравання перавозкамі, якіх таксама звязваюць з Дулубам. Меркаваная прычына затрыманняў – таксама атрыманне хабару. Сёлета сталася вядома, што ў канцы 2024 года затрымалі яшчэ траіх падначаленых Іхных імёнаў і пасадаў не называюць.

Пры гэтым Уладзімір Марозаў, які ўзначальваў Беларускую чыгунку з 2012 да 2024 года і першым намеснікам якога быў Дулуб, застаецца на волі. Больш за тое, ён перайшоў працаваць у акцыянернае таварыства «Аб'яднаная транспартна-лагістычная кампанія – Еўразійскі чыгуначны альянс» («UTLC ERA»), якой, паводле звестак Супольнасці беларускіх чыгуначнікаў, сам жа раней даваў «беспрэцэдэнтныя зніжкі з чыгуначных тарыфаў для БЧ, а таксама іншыя ўмовы, што дазвалялі нажывацца ў шкоду эканоміцы Беларусі».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10