Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1057 дзён. «Белсат» расказвае, што вядома на раніцу 15 студзеня.
Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень зафіксавалі 170 баявых сутыкненняў: не рэкордная, але вельмі высокая інтэнсіўнасць баёў.
Найбольшая інтэнсіўнасць – 70 баёў – была на пакроўскім кірунку, дзе расейскія войскі спрабавалі наступаць на 13 населеных пунктаў. Больш за дзясятак баёў за дзень было таксама на ліманскім, сівэрскім і краматорскім кірунках. Акрамя таго, 24 расейскія атакі адбілі ў Курскай вобласці Расеі: украінскія войскі працягваюць утрымліваць тэрыторыю вакол Суджы.
Страты расейскіх войскаў за дзень склалі 1580 чалавек забітымі і цяжка параненымі, піша Генштаб ЗСУ. На дадатак Расея, як сцвярджае ўкраінскі бок, страціла 13 танкаў, 22 бронемашыны, 52 артылерыйскія сістэмы, два сродкі супрацьпаветранай абароны, 204 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі.
За мінулы дзень расейскія войскі нанеслі 50 авіяўдараў па ўкраінскіх войсках і населеных пунктах, скінулі 89 кіраваных авіябомбаў, учынілі 5441 абстрэл (143 выпадкі – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню), запусцілі 3086 дронаў-камікадзэ.
У ноч на 15 студзеня і сёння ранкам Расея ўчыніла масавы абстрэл украінскіх гарадоў: запусцілі адну балістычную ракету «Искандер-М/KN», сем крылатых ракетаў «Х-22/32», чатыры крылатыя ракеты «Калибр» (удалося збіць тры), 27 крылатых ракетаў «Х-101/Х-55с» (збілі 23), чатыры кіраваныя ракеты «Х-59/Х-69» (збілі ўсе), а таксама 74 ударныя беспілотнікі тыпу іранскіх «Shahed» (збілі 47).
Атакі зазналі, як пішуць Паветраныя сілы Украіны, перадусім аб’екты энергетыкі, і не толькі на прыфрантавых поўначы і ўсходзе: больш ракетаў ляцела на захад, цэліліся ў аб’екты ва Львоўскай ды Івана-Франкоўскай вобласцях. Польшча ў сувязі з расейскай атакай падымала баявую авіяцыю.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што білі ў тым ліку ў газавую інфраструктуру, і гэта адбылося пасярод зімы, калі людзям трэба ацяпленне. У выніку абстрэлаў былі аварыйныя адключэнні энергіі, але на раніцу энергетыкі разабраліся з наступствамі атакі.
Зяленскі таксама адзначыў, што партнёры на саміце NATO і ў фармаце «Рамштайн» абяцалі Украіне ўзмацніць «паветраны шчыт», але пакуль не выканалі абяцанняў. Апрача таго, ён нагадаў пра абяцанні даць ліцэнзіі на вытворчасць сістэмаў супрацьпаветранай абароны ва Украіне.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Крэмль застаецца адданы заяўленым з самага пачатку мэтам свайго нападу: разбурыць украінскую дзяржаву, распусціць цяперашні ўрад Украіны і ўкраінскае войска, назаўсёды забараніць Украіне далучэнне да NATO. Гэтыя мэты Крэмль будзе пераследаваць на любых патэнцыйных перамовах.
Імаверна, Расея будзе працягваць наступленне і паспрабуе прасунуцца, сярод іншага, у Днепрапятроўскай вобласці Украіны (каля Пакроўску і Вялікай Навасілкі) з «інфармацыйнымі мэтамі», прадказвае ISW. Аднак вынікі наступлення будуць мець толькі «аператыўныя наступствы», пішуць даследчыкі. Апрача таго, Расеі ўдалося прасунуцца каля Тарэцку. Паводле назіранняў украінскага маніторынгавага праекту «DeepState», расейскія войскі занялі сяло Янтарнае на Данеччыне, прасунуліся ў Ясэновым, Успенаўцы, Часавым Яры, блізу Новаелізаветаўкі і Янтарнага.
Уладзімір Зяленскі тым часам прыбыў у Варшаву і ўжо мусіў пачаць сустрэчу з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам. Прэс-канферэнцыю запланавалі на 12:40 паводле польскага часу. Затым запланаваная сустрэча Зяленскага з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, чакаецца сустрэча з украінцамі ў Польшчы.
Тэматыку сустрэчаў не анансавалі. Але польскія генетыкі рыхтуюцца да выезду ва Украіну: чакаюць прарыву ў пытанні эксгумацыі ахвяраў Валынскай трагедыі 1943–1944 гадоў. Гэтыя падзеі ў Польшчы называюць Валынскай разнёй: у часе Другой сусветнай вайны падраздзяленні Украінскай паўстанцкай арміі здзейснілі масавае забойства польскага насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі Валыні. Тыя падзеі застаюцца адной з самых напружаных тэмаў польска-ўкраінскіх стасункаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu