навіны

«Я не думаю, я выконваю загад». У Мінадукацыі не ведаюць, як будзе працаваць забарона на мабільнікі ў школах

img
Хлопчык з тэлефонам і заплечнікам. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Thomas Trutschel/Photothek via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

З новага навучальнага года ў школах дзецям забароняць карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Інфармацыя пра гэта ў дзяржаўных медыях з'явілася зусім нядаўна, напачатку траўня, аднак у Мінадукацыі прызналіся, што ўся «падрыхтоўчая праца» пачалася яшчэ летась. Аднак дасюль ані ў міністэрстве, ані ў школах не ведаюць, як будзе зрэалізаваная гэтая спрэчная задума.

«Ужо вызначаюцца адпаведныя работнікі, якія будуць адказваць за захаванасць тэлефонаў. Тут мы можам быць вельмі спакойнымі, бо амаль усе школы нашай краіны абсталяваныя відэаназіраннем. Адпаведна, гэтыя ячэйкі будуць усталяваныя каля камераў назірання», – паведаміў надоечы ў дзяржаўным тэлеэфіры міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Чытайце таксама:
Пачатак вучобы ў адной са школаў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Гэта ўжо не адукацыя, а сістэма ўліку і кантролю». Каму і навошта трэба новыя правілы прыёму ў школы і гімназіі

Інфармацыя пра забарону смартфонаў у школах з новага навучальнага года з'явілася ў медыях напачатку траўня і пайшла ад кіраўніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Менаблвыканкаму Мікалая Башко. Ён заявіў, што ўжо трывае «растлумачальная праца з бацькоўскай грамадскасцю і навучэнцамі». Паводле задумы, дзеці будуць здаваць гаджэты перад заняткамі і забіраць перад тым, як пайсці дадому.


«Месцы, дзе будуць захоўвацца мабільныя тэлефоны, і пералік асобаў, адказных за іх захаванасць, ужо вызначаныя», – запэўніў чыноўнік.


Аднак, як высветліў «Белсат», яшчэ не вядома, як усё гэта будзе працаваць.


«Гэта ўказанне міністра»


Ва ўпраўленні агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства адукацыі карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе прызналіся, што ні ў якіх нарматыўных актах забароны карыстацца смартфонамі ў школах няма:


«У нарматыўным акце гэта не будзе прапісана. Гэта было ўказанне міністра прапрацаваць гэтае пытанне. Уся інфармацыя наконт абмежавання выкарыстоўвання мабільных тэлефонаў ужо маецца ў медыях».


Чыноўніца запэўніла, што гэта ўжо не эксперымент, а канчатковая пастанова, і абгрунтавала задуму штампамі з дзяржаўных крыніцаў: «Залежнасць дзяцей ад гаджэтаў, булінг у сетцы і гэтак далей».


На заўвагу, што, калі будуць адбіраць тэлефоны, бацькі не змогуць пільна звязацца з дзіцём пры патрэбе, у Мінадукацыі засумняваліся, што такая сітуацыя наагул можа ўзнікнуць:

,,

«Як што, праз класнага кіраўніка. Аднак я не думаю, што там будзе штосьці пільнае, каб вы тэлефанавалі класнаму кіраўніку».


Дзе будуць захоўвацца тэлефоны і хто будзе несці адказнасць у выпадку крадзяжу, суразмоўніца не растлумачыла, адзначыўшы, што пра ўсё гэта трэба пытацца ў кіраўніцтва школаў, бо «ў кожнай установе адукацыі свае механізмы развязання пастаўленай задачы». Калі гаджэт усё ж знікне, чыноўніца параіла звяртацца ў міліцыю.

Мабільныя тэлефоны школьнікаў у адмысловай скрынцы. Менск, Беларусь. Фота: sb.by
Мабільныя тэлефоны школьнікаў у адмысловай скрынцы. Менск, Беларусь. Фота: sb.by

На пытанне, чаму новае правіла загадзя не абмеркавалі з бацькамі, можа, не ўсе пагадзіліся б на часовую «канфіскацыю» тэлефонаў дзяцей, прадстаўніца міністэрства заявіла, што «абмеркаванне трывае з леташняга верасня, у тым ліку ўся падрыхтоўчая і інфармацыйная праца».


Уласнае стаўленне да забароны мабільнікаў чыноўніца раскрываць адмовілася:

,,

«Я нічога не думаю, я выконваю загад».


Яна таксама запэўніла, што школы ўжо атрымалі ўсе патрэбныя ўказанні, меліся правесці «ўсю падрыхтоўчую працу, у тым ліку інфармацыйную – з бацькамі, вучнямі, з педагагічнымі калектывамі».


«Нам спускаюць указанні з міністэрства»


У адной з менскіх школаў карэспандэнту «Белсату», які патэлефанаваў як прыватная асоба, сказалі, што ўсю інфармацыю пра «мабільны дэтокс» настаўнікі давядуць на бацькоўскіх сходах. Пры гэтым яшчэ не вядома, дзе плануецца захоўваць тэлефоны, і як наагул зарганізуюць працэс:

,,

«Прапрацоўваецца яшчэ гэтае пытанне, пакуль думаем. Цяпер у нас дзеці здаюць толькі ў пачатку ўрока і атрымоўваюць у канцы, на пераменах можна карыстацца. А на наступны год – будзем глядзець, як яно будзе выходзіць. Як яно будзе зрэалізаванае, будзем думаць, з улікам таго, што ў нас багата дзяцей».


Выглядае, што дзіцячых хітрыкаў з двума тэлефонамі або хлусні пра «пакінуты ўдома смартфон», у гэтай школе таксама не падрыхтаваліся:


«Бацькі мусяць са сваімі дзецьмі паразмаўляць індывідуальна, як дзіцё будзе паводзіцца з тэлефонам. Калі баіцеся, што скрадуць, не давайце яму дарагі тэлефон. Дзіцяці тэлефон у школе патрэбны перадусім для сувязі толькі з бацькамі – значыцца, купіце яму звычайную кнопачную "званілку", дзе не будзе інтэрнэту або нейкіх яшчэ наваротаў, дый усё».


Пры пільнай патрэбе звязацца з дзіцём можна праз класнага кіраўніка, запэўнілі ў школе. Аднак гэта таксама яшчэ не дакладна:

,,

«Гэтае пытанне яшчэ прапрацоўваецца. Нам спускаюць указанні з міністэрства, вы ж самі разумееце».


Пры гэтым у адміністрацыі адмовіліся адказаць, ці падтрымоўваюць спушчаны зверху загад. Ці то пабаяліся, ці то таксама не думаюць, як чыноўніца з Мінадукацыі:


«Я стаўлюся да гэтага гэтак жа, як ставіцца Мінадукацыі. Нічога іншага сказаць вам не магу».


Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10