Перамовы паміж Расеяй і Украінай у Стамбуле завяршыліся праз дзве гадзіны. Расея толькі падкрэсліла, што гатовая «ваяваць вечна». Трамп збіраўся стэлефанавацца з Пуціным. Пра што яны могуць і не могуць дамовіцца, у эфіры «Вот Так» распавёў украінскі палітолаг Ігар Пятрэнка.
У Стамбуле 16 траўня адбыліся першыя за тры гады перамовы Расеі і Украіны. РФ пагражала Украіне «вечнай вайной» падчас перамоваў і была не гатовая абмяркоўваць тэхнічныя дэталі спынення агню. Бакі змаглі папярэдне дамовіцца пра абмен палоннымі ў фармаце «1000 на 1000», а таксама дамовіліся прадставіць сваё бачанне магчымага спынення агню, пасля чаго дэлегацыі правядуць новую сустрэчу.
На наступны дзень пасля перамоваў прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп заявіў, што 19 траўня будзе стэлефаноўвацца з Уладзімірам Пуціным і зноў абмяркоўваць спыненне агню. Прэс-сакратар Пуціна ўдакладніў названы Трампам час: «у 10:00» значыла «у 10 паводле Вашынгтону», гэта значыць у 17 паводле Масквы, Кіева і Менску.
Трамп раней падкрэсліваў, што ніякага прагрэсу ў мірным працэсе не будзе да яго асабістага кантакту з Пуціным. Тым часам канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц хоча паразмаўляць з Трампам да таго, як той патэлефануе Пуціну. Мерц мае намер падключыць да размовы лідараў Францыі, Польшчы і Вялікай Брытаніі.
Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб'ёў заявіў у інтэрвʼю тэлеканалу CBS, што ў перамовах паміж Расеяй і Украінай дасягнуты прагрэс. Паводле яго, сурʼёзна зрушыць расейска-ўкраінскія перамовы можа нават не тэлефанаванне, але толькі асабістая сустрэча Трампа з Пуціным. У адваротным выпадку, паабяцаў Рубʼёў, ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць Расеі.
Сам Пуцін у новым інтэрвʼю для крамлёўскага прапагандыста зноў пацвердзіў, што не збіраецца аддаваць загад аб спыненні баявых дзеянняў. Аналітыкі Амерыканскага інстытута вывучэння вайны гэтаму вераць: Пуцін гатовы да зацяжнога працягу вайны, нягледзячы на рост страт, дэфіцыт бюджэту і перагружанасць эканомікі.
Доктар палітычных навук, палітолаг і эксперт аналітычнага цэнтра «Абʼяднаная Украіна» Ігар Пятрэнка распавёў у эфіры «Вот Так», да чаго могуць прывесці перамовы Трампа і Пуціна. На відэа ніжэй размова з 13:30.
Ігар Пятрэнка дапускае, што Трамп сапраўды спадзяецца на спыненне агню, але эксперт не разумее, на чым гэтыя надзеі могуць быць заснаваныя. Украіна выразна заявіла, што гатовая да спынення агню як мінімум на 30 дзён без якіх-небудзь дадатковых патрабаванняў, Расія ж увесь час адкідае любыя ініцыятывы па любым варыянце або канфігурацыі спынення агню. Паводле Пятрэнкі, Расея «відавочна заточаная» на зацягванне перамоваў і на выкарыстанне летняга перыяду для правядзення вайсковай кампаніі.
З боку Штатаў няма выразнага сігналу пра гатоўнасць павялічыць ціск на Расею, мяркуе Пятрэнка. Сенатар Ліндсі Грэм заяўляў пра гатоўнасць прагаласаваць за 5 %-ныя тарыфы для тых краін, якія набываюць расейскую нафту. Але які-небудзь істотны пакет дапамогі і падтрымкі Украіны не абмяркоўваецца. Як кажа Пятрэнка, ЗША цяпер «не маю козыраў» для ціску на Пуціна.
,,«Тут адзіны варыянт – калі сапраўды Трамп агучыць пэўныя механізмы, якія ён гатовы задзейнічаць для ціску на Расею. Але наўрад ці Пуцін скажа: "Ой, як страшна, я гатовы зараз жа абвясціць перамірʼе"», – кажа Пятрэнка.
«Гэта значыць, ён будзе выкарыстоўваць тэхніку, стратэгію зацягвання, дзесьці можа ў чымсьці пагадзіцца, пойдзе на нейкую невялікую саступку, можа павялічыць колькасць палонных, якіх гатовы цяпер абмяняць, –працягвае палітолаг пра Пуціна. – Магчыма, ён прапануе зрабіць нейкую сустрэчную прапанову: “Вось давайце яшчэ фармат памяняем, вось такі нейкі там зробім”. І гэтак далей. Але гэта не будзе вельмі выразны адказ “так” на прапанову Трампа зрабіць перамірʼе».
У ЗША больш рычагоў уплыву на Украіну, чым на Расею. Але Вашынгтон не можа прымусіць Украіну пайсці на капітуляцыю, упэўнены Пятрэнка. З боку ЗША можа быць працяглая палітыка ціску на Украіну, спыненне дапамогі, скланенне еўрапейскіх партнёраў на свой бок і гэтак далей. Але не хуткае перакананне Украіны прыняць расейскія патрабаванні. Да таго ж угаворы Штатамі Украіны прыняць расейскую пазіцыю будуць выклікаць шмат пытанняў у іншых партнёраў ЗША, у тым ліку ў тых, якія бачаць пагрозу з боку Кітая.
,,«З іншага боку, Злучаныя Штаты Амерыкі могуць паспрабаваць выйсці з перамоўнага трэка і сказаць: "Вось, не атрымалася". Абвінаваціць усіх – і Расею, і Украіну. І заняцца больш важнымі справамі, – адзначае Пятрэнка. – Але, зноў жа, гэта таксама нясе досыць шмат рызыкаў, у тым ліку і ў пытанні тых рэгіёнаў, якія зʼяўляюцца больш прыярытэтнымі для Злучаных Штатаў Амерыкі».
У ЗША і Расеі ёсць тэмы для размовы, якія не датычаць вайны ва Украіне, працягвае палітолаг. Ёсць пытанне стратэгічных узбраенняў, ядзернага ўзбраення і яго нераспаўсюджвання; пытанне Арктыкі і пытанне Паўночнага гандлёвага шляху; пытанне энергарынку, нафты і газу; пытанне Блізкага Усходу; пытанне «паслуг», якія можа аказваць Расея для ЗША. Гэта значыць, існуе шэраг пытанняў, якія прымушаюць Трампа падтрымліваць дыялог з Расеяй і чагосьці дамагацца, каб не выглядаць больш слабым у параўнанні з Пуціным.
Без нейкага сурʼёзнага рычага ціску, які Трамп можа паказаць Расеі, паводзіны Крамля не зменяцца, будзе працягвацца зацягванне перамоваў, упэўнены Пятрэнка. І гэта зацягванне дазваляе рабіць менавіта Вашынгтон.
Вашынгтон «дакладна не знаходзіцца ў нейкай недасведчанасці» адносна перамоваў Расеі і Украіны, падкрэслівае Пятрэнка. На Трампа могуць паўплываць віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс, які, відавочна, вельмі вынікова паразмаўляў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Ватыкане, а дзяржсакратар Руб’ёў «досыць рэалістычна» глядзіць на перамовы і бачыць неабходнасць больш рашучых дзеянняў і ціску на Расею. Прэтэнзій да ўкраінскага боку ад ЗША «мы цяпер не назіраем», адзначае палітолаг.
Пасля размовы Трампа і Пуціна важнай будзе рэакцыя Еўрапейскага Звязу, дадае Пятрэнка. ЕЗ можа надаць яшчэ больш дапамогі і падтрымкі Украіне, можа арганізаваць больш санкцыйны ціск на Расею без аглядкі на Вашынгтон. Магчымыя і сумесныя санкцыі ЗША і ЕЗ. Але ЕЗ можа і нічога не распачаць, а чакаць далейшых дзеянняў ЗША: Пятрэнка не бачыць у Еўразвязе дастатковага адзінства і жадання дзейнічаць асобна ад пазіцыі Вашынгтона.
Алесь Наваборскі / МВ belsat.eu