Менскі завод колавых цягачоў абслугоўвае і аднаўляе шасі для пускавых установак «Іскандэр», у тым ліку для расейскай брыгады, якая абстраляла ўкраінскі горад Сумы ў Вербную нядзелю 13 красавіка. А дапамагае расейскаму войску персанал з Беларусі на тэрыторыі Расеі і акупаванага Крыму. Пра гэта паведамляе «BELPOL».
Горад Сумы быў атакаваны двума ўдарамі балістычных ракетаў «Іскандэр» 13 красавіка. У выніку загінулі 35 чалавек, сярод іх двое дзяцей. 129 асобаў, 17 дзяцей былі параненыя. Атаку здзейсніла вайсковая частка № 03333 Узброеных сілаў Расеі – 112-я гвардзейская ракетная брыгада.
«BELPOL» удалося даведацца, што абслугоўваннем і аднаўленнем гатовасці шасі для пускавых установак аператыўна-тактычных ракет «Іскандэр» 112-й расейскай гвардзейскай ракетнай брыгады займаліся работнікі Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ).
«BELPOL» публікуе дзясяткі імёнаў работнікаў МЗКЦ, якія непасрэдна дапамагалі расейскаму войску. Гэта шэраг інжынераў, слесараў, кіроўцаў, выпрабавальнікаў, механікаў і іншых.
«Гэта персанал МЗКЦ, у задачу якога ўваходзіць рамонт шасі баявой тэхнікі УС РФ. І займаюцца яны гэтым проста на тэрыторыі РФ і акупаванага Крыму, – адзначае «BELPOL». – Узіраючыся ў іхныя твары, сустракаючы іх на вуліцах, задавайце ім адно-адзінае пытанне: "Ці сняцца вам забітыя ва ўкраінскіх Сумах дзеці!?"»
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларуская прамысловасць шмат у чым стала арыентавацца на дапамогу Расеі і такім чынам зарабляць на вайне.
Арсен Рудэнка belsat.eu