Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1056 дзён. Прэзідэнт Злучаных Штатаў заявіў, што справіўся са сваімі задачамі: згуртаваў свет вакол Украіны і пазбег ядравай вайны. Звычайная ж вайна не спыняецца. «Белсат» пераказвае, што вядома пра яе на раніцу 14 студзеня.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны налічыў за мінулы дзень 166 баявых сутыкненняў – гэта не рэкордная, але вельмі высокая колькасць баёў.
Найбольш баёў было на пакроўскім кірунку: там зафіксавалі 77 спробаў расейскіх наступальных дзеянняў. Яшчэ 37 баёў было на купянскім кірунку, па 16 – на ліманскім і тарэцкім, 14 – на краматорскім, 13 – на навапаўлаўскім, 15 – у Курскай вобласці Расеі. Апрача таго, спробы наступу з расейскага боку былі на харкаўскім, сівэрскім і прыдняпроўскім кірунках.
Украіна ваюе не толькі на сваёй тэрыторыі і ў Курскай вобласці Расеі. У ноч на 14 студзеня адбылася масавая атака беспілотнікаў на шэраг іншых вобласцяў Расеі: пра ўдары паведамлялі з Арлоўскай, Бранскай, Варонежскай, Саратаўскай, Тульскай вобласцяў і Рэспублікі Татарстан. У Казане, Саратаве і Энгельсе пашкоджаныя прамысловыя прадпрыемствы – падобна, трывае пажар на нафтабазе ў Энгельсе, па якой ужо білі 8 студзеня і на якой толькі 13 студзеня спынілі адкрытае гарэнне. Пра пацярпелых мірных жыхароў не паведамлялі.
Паводле Генштабу ЗСУ, Расея за мінулы дзень страціла забітымі або цяжка параненымі 1330 чалавек (811 тысяч з пачатку поўнамаштабнай вайны), тры танкі, 11 бронемашынаў, 47 артылерыйскіх сістэмаў, адну рэактыўную сістэму залпавага агню, 83 адзінкі аўтамабільнай і адну адзінку спецыяльнай тэхнікі.
Па ўкраінскіх пазіцыях і населеных пунктах за мінулы дзень нанеслі адзін ракетны і 62 авіяцыйныя ўдары (адной ракетай і 99 кіраванымі авіябомбамі), расейскія войскі ўчынілі каля 4500 абстрэлаў, з іх 85 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. З 80 запушчаных беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed» збілі 58 штук (аскепкі пашкодзілі будынкі і аўтамабілі), яшчэ 21 дрон быў «лакацыйна страчаны» без наступстваў. «Градамі» і артылерыяй білі па Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці – там пацярпела 14-гадовая дзяўчынка, шпіталізаваныя 61-гадовы мужчына і 87-гадовая жанчына. У Сумах стрэлы трапілі ў адміністрацыйны будынак і склад, пацярпелых няма.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расейскія войскі адрэзалі дарогі Пакроўск – Кансцянтынаўка і Пакроўск – Мэжава, спрабуючы атачыць Пакроўск і Мірнаград. Імаверна, расейскія войскі будуць дамагацца, каб украінскія сілы адступілі з гэтых гарадоў у найбліжэйшыя месяцы. Акрамя таго, расейскія войскі прасунуліся ў бок Харкава, Баравой, Пакроўску, Курахава і Вялікай Навасілкі.
Паводле назіранняў украінскага маніторынгавага праекту «DeepState», расейскія войскі сапраўды прасунуліся на некалькіх кірунках на Данеччыне, але ўкраінскія сілы аднавілі пазіцыі ў паселішчы Шаўчэнка Пакроўскага раёну. Праект таксама адзначае пагаршэнне сітуацыі ў Тарэцку: Расея паступова захоплівае горад, інтэнсіўныя баі трываюць у цэнтры і паўночных раёнах.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, які мае пакінуць пасаду 20 студзеня, выступіў 13 студзеня з прамовай пра вынікі сваёй замежнай палітыкі. Ён згадаў, што Уладзімір Пуцін лічыў, што заваюе Кіеў за тры дні. Але ў выніку поўнамаштабнага нападу Расеі, адзначыў Байдэн, у Кіеве стаяў ён, а не Пуцін.
У Кіеве, дарэчы, стаяў не толькі Байдэн, а яшчэ доўгі шэраг заходніх лідараў. Ранкам 14 студзеня ў Кіеў прыбыў з неанансаваным візітам міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс, таксама ранкам прыехала спікерка Сейму Латвіі Дайга Міерыня.
Байдэн заявіў, што праз амаль тры гады поўнамаштабнай вайны Пуцін не дасягнуў ніводнай сваёй мэты: не падпарадкаваў Украіны, не разбурыў адзінства NATO, не заваяваў вялікіх тэрыторыяў. Што да сябе, то Байдэн лічыць, што са сваімі задачамі справіўся: згуртаваў свет вакол Украіны і пазбег вайны між ядравымі дзяржавамі.
Дзейны прэзідэнт ЗША лічыць, што ягоная адміністрацыя заклала асновы пад тое, каб наступная адміністрацыя магла забяспечыць народу Украіны «светлую будучыню». Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп тым часам заявіў, што мае намер сустрэцца з Пуціным як найхутчэй пасля сваёй інаўгурацыі 20 студзеня. Стратэгія спынення вайны, сказаў Трамп, залежыць менавіта ад Пуціна.
Як канкрэтна Трамп збіраецца выканаць абяцанне спыніць вайну ва Украіне, невядома. Але генеральны сакратар NATO Марк Рутэ перасцярог ад «міру цаной інтарэсаў Украіны»: маўляў, мір не будзе трывалым, калі Пуцін атрымае сваё ва Украіне, бо пасля гэтага Пуцін пойдзе далей. Каб Украіна села за стол перамоваў з пазіцыі сілы, ёй трэба даваць больш дапамогі – і хутчэй, казаў Рутэ. Ён заклікаў дэпутатаў Еўрапарламенту або падвысіць выдаткі на абарону больш за 2 % валавога ўнутранага прадукту, або «даставаць падручнікі расейскай мовы», або эміграваць у Новую Зеландыю.
Паводле крыніцаў «Bloomberg», у Еўропе расце аптымізм адносна таго, што Трамп не кіне Украіны. Прадстаўнікі Еўразвязу, паводле выдання, даводзяць Трампу, што праз адмову ад падтрымання Украіны Штаты рызыкуюць паўтарыць ганебную сітуацыю, якая была з выхадам з Афганістану, і пераканаць Кітай у слабасці Вашынгтону.
Дарадца Байдэна ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван тым часам расказаў, што абмяркоўваў з камандаю Трампа праблемы мабілізацыі ва Украіне – гэта ён лічыць найгоршай праблемай. «Associated Press» жа паведамляе, што каманда Трампа збіраецца фільтраваць чальцоў Рады нацыянальнай бяспекі паводле лаяльнасці парадку дня Трампа.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў гэты час абмеркаваў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам французскую ініцыятыву размясціць ва Украіне замежныя вайсковыя кантынгенты ў якасці гарантыі бяспекі.
Алесь Наваборскі belsat.eu