навіны

У сектары Газа галадаюць цывільныя. Вялікая Брытанія, Францыя і Канада пагражаюць санкцыямі Ізраілю

Шурук Аяд суцяшае сваю 12-гадовую дачку Рагаф, якая пакутуе ад недаядання, у школе, пераабсталяванай у прытулак, у цэнтры гораду Газа. 4 мая 2025 года. Фота: Omar Al-Qattaa/AFP/Getty Images
Шурук Аяд суцяшае сваю 12-гадовую дачку Рагаф, якая пакутуе ад недаядання, у школе, пераабсталяванай у прытулак, у цэнтры гораду Газа. 4 мая 2025 года. Фота: Omar Al-Qattaa/AFP/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У апошняй справаздачы Інтэграванай класіфікацыі фазаў харчовай бяспекі (IPC) і ААН гаворыцца, што ўся тэрыторыя Газы набліжаецца да афіцыйна прызнанага голаду пасля амаль трох месяцаў блакады Ізраілем крытычна неабходнай гуманітарнай дапамогі.

«Тавары, неабходныя для выжывання людзей, або скончыліся, або, як чакаецца, скончацца ў найбліжэйшыя тыдні», – піша CNN са спасылкай на IPC. Ежа заканчваецца, а тое нямногае, што засталося, прадаецца так дорага, што мала хто можа сабе дазволіць, гаворыцца ў паведамленні.


Напрыклад, усе 25 пякарняў, кіраваныя Сусветнай харчовай праграмай ААН (WFP), закрыліся ў пачатку красавіка праз недахоп паставак, а ў большасці са 177 кухняў гарачага харчавання заканчваецца ежа.


«Сем'і ў сектары Газа галадаюць, а неабходная ім ежа застаецца на мяжы», – заявіла выканаўчая дырэктарка Сусветнай харчовай праграмы Сіндзі МакКейн у сетцы X. – Аднак WFP не можа атрымаць новую дапамогу з 2 сакавіка».


«Калі мы будзем чакаць афіцыйнага пацверджання голаду, будзе занадта позна», – сказала яна.


Ізраіль увёў гуманітарную блакаду Газы 2 сакавіка, адрэзаўшы харчаванне, медыкаменты ды іншую дапамогу больш чым двум мільёнам палестынцаў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Краіна заявіла, што блакада, разам з пашырэннем вайсковых бамбаванняў Газы, скіраваная на тое, каб аказаць ціск на «Хамас» дзеля вызвалення закладнікаў.


Але ў той жа час такая блакада парушае міжнароднае права і ёсць прыладаю вайны, бо ў выніку ад голаду і адсутнасці крытычна важных рэчаў цярпяць пераважна мірныя жыхары – дзеці, жанчыны і старыя.


У выніку блакады ў перыяд з красавіка 2025 года да сакавіка 2026 года чакаецца каля 71 тысяч выпадкаў вострага недаядання сярод дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў. І каля 17 тысяч цяжарных і кормячых жанчын будуць мець патрэбу ў лячэнні вострага недаядання.


За звестак IPC, амаль 469 500 асобаў – каля 22 % насельніцтва – сутыкнуцца з «катастрафічным» недахопам харчавання, самай высокай фазай, паводле шкалы IPC, ужо ў перыяд траўня – верасня.


У сувязі з гэтым лідары Вялікай Брытаніі, Францыі і Канады 19 траўня прыгразілі распачаць «канкрэтныя дзеянні», у тым ліку мэтавыя санкцыі, калі Ізраіль не спыніць вайсковага наступу і працягне блакаваць пастаўкі дапамогі ў Газу.


«Мы заклікаем урад Ізраілю спыніць свае вайсковыя аперацыі ў Газе і неадкладна дазволіць дастаўку гуманітарнай дапамогі ў Газу», – гаворыцца ў трохбаковым звароце на сайце ўраду Канады.


Нагадаем, на выходных Ізраіль пачаў новы наземны наступ у сектары Газа пасля таго, як прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пакінуў рэгіён, так і не падпісаўшы пагаднення аб спыненні агню і вызваленні закладнікаў.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10