Вайна

Дамова як з КНДР. BELPOL не выключае, што беларусаў могуць паслаць абараняць Расею

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

6 снежня ў Менску была падпісаная дамова паміж уладамі Беларусі і Расеі «Аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы». Арганізацыя BELPOL атрымала доступ да дамовы і расказала, якія пагрозы нясе гэты дакумент.

BELPOL заяўляе, што мае доступ да тэксту дакументу, але не публікуе яго ў мэтах бяспекі сваёй крыніцы. Паводле арганізацыі, палажэнні дамовы падобныя да таго, што прапісана ў Дамове аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве, заключанага паміж РФ і КНДР.

,,

«Галоўны сэнс асноўнай часткі дамовы — у выпадку „пагрозы суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, канстытуцыйнаму ладу РФ і РБ (г.зн. антынародным рэжымам [Уладзіміра] Пуціна і [Аляксандра] Лукашэнкі), з боку трэціх дзяржаў, іх аб’яднанняў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў і групаў“, удзельнікі Дамовы павінны неадкладна даць адзін аднаму ваенную, ваенна-тэхнічную і іншую дапамогу і выкарыстоўваць наяўныя ў іх распараджэнні „ўсе сілы і сродкі“», — паведамілі ў BELPOL.


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка паціскаюць адзін аднаму рукі перад пасяджэннем Вышэйшага дзяржсавета ў прэзідэнцкім палацы ў Менску, Беларусь. 6 сакавіка 2024 года. Фота: Grigory Sysoyev / Pool / AFP / East News

«Пачнецца горшае для Беларусі»: эксперты пра вынікі сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным

Аналітыка

У арганізацыі адзначылі, што «такім чынам, з улікам вядзення баявых дзеянняў паміж РФ і Украінай створаныя прававыя ўмовы для адпраўкі грамадзян Беларусі на гэтую вайну „для абароны тэрытарыяльнай цэласці РФ і вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы“». Таксама Расея зможа ўводзіць свае войскі ў Беларусь супраць праціўнікаў дзейных уладаў.

Апроч таго, дамова дазваляе РФ ствараць на тэрыторыі Беларусі дадатковыя вайсковыя базы і размяшчаць вайсковай кантынгенты «для адбіцця замежнай агрэсіі». Згадваецца ў дамове і «ядравая зброя Расейскай Федэрацыі» на тэрыторыі Беларусі. Умовы яе ўжывання адпавядаюць палажэнням ядравай дактрыны РФ.

Дамова заключаецца на 10 гадоў з аўтаматычным прадаўжэннем яго дзеяння на наступныя 10-гадовыя тэрміны.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў Менску, 6 снежня 2024 года. Фота: kremlin.ru

Расейскі «Орешник» у Беларусі можа з’явіцца ў 2025 годзе. Вось як гэта тлумачыць Генштаб

навіны

У BELPOL мяркуюць, што дамова яшчэ больш змяншае суверэнітэт Беларусі, стварае «законную» аснову для размяшчэння ў краіне расейскай ядравай зброі і стварэння новых расейскіх вайсковых базаў. Механізмы рэалізацыі пагаднення былі запушчаныя яшчэ да яго падпісання, заявілі ў арганізацыі. У прыватнасці, у 2025 годзе на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (у/ч 42707, вёска Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёну) будзе пабудаваны расейскі вайсковы аб’ект для размяшчэння асабістага складу і аўтатранспартнай тэхнікі.

Нагадаем, што паводле сведчанняў замежных выведак ад 10 да 12 тысячаў вайскоўцаў КНДР прыбылі для ўдзелу ў вайне супраць Украіны ў Курскай вобласці Расеі, частка якой з 6 жніўня знаходзіцца пад кантролем ЗСУ.

Першыя чуткі пра тое, што паўночнакарэйскія салдаты могуць адправіцца ў зону баявых дзеянняў ва Украіне, з’явіліся летам 2024, на фоне візіту Пуціна ў Пхеньян, дзе ён падпісаў дамову аб усеабдымным стратэгічным партнёрстве. Гэтая дамова ўтрымлівала пункт аб узаемнай вайсковай дапамозе пры нападзе на аднаго з удзельнікаў пагаднення. З 2022 Масква актыўна закупляла ў Паўночнай Карэі боепрыпасы і вайсковую тэхніку.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10